Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турын-2006: расчараваньні беларускіх алімпійцаў


Радыё Свабода Сёньня беларускія спартоўцы на чале з кіраўнікамі Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Міністэрства спорту і турызму вяртаюцца з Турына — сталіцы ХХ зімовых алімпійскіх гульняў. Як і ў часе папярэдняй алімпіяды чатыры гады таму ў Солт-Лэйк-Сіці, на рахунку беларускіх алімпійцаў адна ўзнагарода ў мужчынскім фрыстайле — срэбра заваяваў Дзьмітры Дашчынскі. Дарэчы, у 1998 годзе ў Нагана ён таксама здабыў адзін з двух мэдалёў.

Як сказаў у часе апошняй прэсавай канфэрэнцыі ў Турыне міністар спорту і турызму Беларусі Аляксандар Грыгараў, беларускія спартоўцы дасягнулі пастаўленай перад імі мэты — выступіць ня горш, чым чатыры гады таму. Міністар лічыць, што алімпійцы задачу нават перавыканалі: у актыве беларусаў срэбраны мэдаль (у Солт-Лэйк-Сіці было трэцяе месца) і 34 заліковыя балы, якія налічваюць да восьмага месца ўключна (у ЗША зарабілі 30).

Праўда, яшчэ пры канцы мінулага году ў спартовым ведамстве разьлічвалі на пяць мэдалёў. Аднак дыскваліфікацыя канькабежкі Анжалікі Кацюгі і правальныя перадалімпійскія старты біятляністаў паказалі, што гэтым спадзяваньням ня суджана збыцца. Дарэчы, выступы мужчынаў-біятляністаў нават у штабе беларускай місіі лічаць найбольшым расчараваньнем алімпіяды. Гэты ж погляд падзяляе і ўладальніца срэбранай алімпійскай узнагароды ў Лілехамэры біятляністка Сьвятлана Парамыгіна.

(Парамыгіна: ) “Сёньняшняя сытуацыя паказвае: “блішчэць” (менавіта маю на ўвазе “блішчэць”, бо адсюль паходзіць якраз “бляск мэдалёў”) цяпер у нас ніхто ня можа. На жаль. Будзем спадзявацца, што кагосьці прывязуць. Бо хто будзе вырошчваць сваіх, скажыце калі ласка? Колькі ўжо гадоў тэндэнцыя назіраецца зусім у іншым кірунку”.

Адразу пасьля фінішу ў эстафэце вэтэран беларускага біятлёну Алег Рыжанкоў заявіў, што сыходзіць зь вялікага спорту. Пра падобныя намеры казалі і іншыя спартоўцы, якім галоўны трэнэр і сьцяганосец зборнай Беларусі Аляксандар Папоў не знайшоў месца ў алімпійскай камандзе. Аднак Сьвятлана Парамыгіна не падзяляе аптымізму, што, маўляў, якраз выбітныя спартоўцы могуць узьняць на былыя вышыні славу беларускага біятлёну.

(Парамыгіна: ) “Вы думаеце, яны будуць вырошчваць кадры? Запытайцеся ў Рыжанкова, ці хоча ён працаваць трэнэрам? Ён скажа — так, хачу. Алена Зубрылава і Вадзім Сашурын гэтаксаму скажуць, што хочуць. Але ва ўсіх запыты ня меншыя, чым нацыянальная каманда. І гэта нармалёва, бо тому ж Папову адразу далі экспэрымэнтальную групу, пакінулі прэзыдэнцкую стыпэндыю. Ніхто яго не апускаў на самае дно ярархічнай лесьвіцы — да дзіцячага трэнэра. А чым Папоў вышэй за таго ж Айдарава? Папоў ня меў ніводнага асабістага мэдаля, а Айдараў мае. Таму я лічу, што Аляксей паводле рангу, паводле заслугаў вышэйшы за Папова”.

Сярод тых, хто вяртаецца сёньня дадому, ня будзе галоўнага трыюмфатара беларускай каманды — фрыстайліста Дзьмітрыя Дашчынскага. Срэбраны мэдаліст Турына наўпрост з Італіі ад’ехаў у Швайцарыю, дзе стартуе чарговы этап Кубку сьвету.

Беларусы ў алімпійскім мэдалёвым заліку разьмесьціліся на 21-м месцы. Лепшымі сталі нямецкія атлеты, якія атрымалі 29 узнагародаў (зь іх 11 залатых). У амэрыканцаў 25 мэдалёў (9 залатых). Аўстрыйскія алімпійцы ў камандным першынстве трэція з 23-ма ўзнагародамі (зь іх 9 залатых). Усяго алімпійскія мэдалі заваявалі спартоўцы з 26 краінаў сьвету. Наступныя зімовыя алімпійскія гульні пройдуць праз чатыры гады ў канадзкім Ванкувэры.
XS
SM
MD
LG