Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За спробу сарваць чырвона-зялёны сьцяг – пяць месяцаў у турме (абноўлены)


Радыё Свабода Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў Зьмітра Касьпяровіча арыштам на пяць месяцаў. Увечары 17 студзеня Зьміцер намагаўся зьняць дзяржаўны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму. Маладафронтаўца затрымалі, і з 17 студзеня ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары. Міліцыянты кваліфікавалі яго ўчынак як злоснае хуліганства. Суд пагадзіўся з абвінавачаньнем – судзьдзя Тацяна Ўнукевіч пакарала 24-гадовага актывіста арыштам тэрмінам на пяць месяцаў.

У суд Маскоўскага раёну прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек з розных палітычных партыяў і моладзевых рухаў. Зьмітра Касьпяровіча трымалі ў клетцы, як небясьпечнага злачынцу. Хлопец не пагаджаўся з абвінавачаньнем. Ён заявіў, што гатовы адказваць за зьнявагу дзяржаўнага сьцягу, але не за хуліганства. Ён патлумачыў, што атрымаў нармальнае выхаваньне і ніколі ня быў хуліганам.

На судзе прысутнічаў лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Ён назваў справу супраць Зьмітра Касьпяровіча прыкладам двайных стандартаў у беларускай судовай практыцы. Ён згадаў, як у 1995 годзе Іван Ціцянкоў абышоўся зь дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам.

(Вячорка: ) “Думаю, што рэакцыя ўладаў была несувымерная праступку, калі такі быў. Але важнейшае тое, што не павінна быць у краіне двайных стандартаў. Я маю на ўвазе, што, калі ў парадку рэчаў было нацыянальны і дзяржаўны з 1991 да 1995 году сьцяг камусьці было дазволена на вачах усёй краіны рваць, зларадна ставячы свае подпісы, і пры гэтым быць беспакараным, то чаго хацець ад іншых людзей, якія не пераносяць гэтай штучнай дзяржаўнай сымболікі”.

Судзьдзі Тацяне Ўнукевіч спатрэбілася дзьве з паловай гадзіны, каб разгледзець справу і вынесьці прысуд — пяць месяцаў арышту.

Актывіст “Маладога фронту” Павал Яловік лічыць, што Зьмітра Касьпяровіча пакаралі арыштам, каб пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у заплянаваных вясновых вулічных акцыях.

(Яловік: ) “Наўмысна арыштавалі на пяць месяцаў, каб ня даць магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах і актыўным грамадзкім жыцці. Цяпер самых актыўных удзельнікаў апазыцыі садзяць у турмы, каб ізаляваць ад грамадзкасьці”.

Адвакат Зьмітра Павал Сапелка будзе абскарджваць судовае рашэньне.

(Сапелка: ) “Мы будзем абскарджваць гэты прысуд у судовай калегіі ў крымінальных справах Менскага суду. Я спадзяюся, што, магчыма, вышэйшая інстанцыя, калі ня будзе больш аб’ектыўнай, то менш жорсткай за суд Маскоўскага раёну”.

Паводле заканадаўства тэрмін, які Зьміцер Касьпяровіч правёў у сьледчым ізалятары, залічваецца ў тэрмін адбыцьця пакараньня. Такім чынам, яму давядзецца правесьці за кратамі тры месяцы і дваццаць дзён.

У сакавіку 1997 году пасьля шэсьця на Дзень Канстытуцыі пракуратурай былі распачатыя некалькі крымінальных справаў за зьнявагу і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў. Тады некаторыя ўдзельнікі шэсьця зрывалі са слупоў дзяржаўныя сьцягі і кідалі іх пад ногі дэманстрантам. Але справы былі спынены ў часе сьледзтва і ня мелі судовых наступстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG