Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты пра калгасы і прыватную ўласнасьць на зямлю


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі зьяўляецца вядомым прыхільнікам захаваньня калгасаў і саўгасаў: маўляў, яны ня будуць прымусова разганяцца. Таксама Аляксандар Лукашэнка абяцаў захаваць дзяржаўную ўласнасьць на зямлю. Вырашэньне праблемаў вёскі ён бачыць у стварэньні аграгарадкоў. Лукашэнка загадаў прадпрымальнікам і прамысловым прадпрыемствам узяць у арэнду палеглыя калгасы. Як кандыдаты ў прэзыдэнты ставяцца да калгасаў і прыватнай уласнасьці на зямлю?

Сяргей Гайдукевіч кажа, што на гэтыя пытаньні, адказы ў ягоным тэлевыступе.

(Гайдукевіч: ) “Зямля павінна быць у прыватнай уласнасьці. Павінен быць комплексны падыход. Гэта ўсё ў мяне расказана: пра іпатэку, наконт зямельных банкаў”.

Спадар Гайдукевіч прапануе актыўна разьвіваць дробнае прадпрымальніцтва, выдаваць зямлю для апрацоўкі па іпатэчнай сыстэме на доўгі тэрмін і пад прыймальныя крэдыты.

Аляксандар Казулін заяўляе, што зямлі трэба вярнуць гаспадара.

(Казулін: ) “Трэба прадуманая, ясная, узважаная палітыка. Недзе трэба аддаць зямлю ў прыватную ўласнасьць, дзесьці ў доўгатэрміновую арэнду. Але на зямлю трэба вярнуць гаспадара, тады будзе ўсё ў парадку. І тады, між іншым, і калгасы перадавыя будуць працаваць і тыя, якія пустуюць, дзе ўсё даўно бур’яном парасло”.

Спадар Казулін кажа, што ад вёскі ўжо, фактычна, нічога не засталося. Таму трэба стварыць умовы, каб туды прыехала моладзь.

(Казулін: ) “Вырадзілі вёску, спаілі яе на карані. Час кіраваць па-савецку, па калгаснаму, менавіта па калгаснаму, скончыўся. Краіна – гэта не калгас, і гэта трэба зразумець”.

Прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін адмовіўся тлумачыць пазыцыю свайго кандыдата адносна калгасаў і прыватнай уласнасьці на зямлю.

(Косьцін: ) “Палітыка, якую праводзіць наш кандыдат, добра вядомая кожнаму чалавеку ў Беларусі.”

(Карэспандэнт: ) “ А ў праграме што гаворыцца на гэтую тэму?”

(Косьцін: ) “Калі будзе апублікавана праграма, тады будзе больш дэталёвая размова. Цяпер яна ўзгадняецца, удакладняецца”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, могуць канкураваць і пратрымацца даволі доўга дзьве формы ўласнасьці – прыбытковыя калгасы і фэрмэрскія гаспадаркі. Але неабходная комплексная дзяржаўная праграма падтрымкі фэрмераў.

(Мілінкевіч:) “ Я б ніколі не будаваў гэтых домікаў уздоўж дарог, каб начальства радавалася, езьдзіла. Таму што самае галоўнае ня дом пабудаваць, бо ёсьць многа пустых выдатных дамоў. Самае галоўнае – даць чалавеку, каб ён на зямлі мог зарабляць. Ён заробіць – ён і сам дом пабудуе”.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што можна спакойна ўводзіць прыватную ўласнасьць на зямлю, палохацца гэтага ня трэба, бо ніхто з замежнікаў яе не павыкупляе.

(Мілінкевіч:) “Калі мы свайму чалавеку, які хоча працаваць і хоча, каб ягоныя нашчадкі працавалі, дадзім ва ўласнасьць зямлю, ён будзе ўкладаць свой пот, сваю працу, свае грошы, бо сьмела ведае, што гэта не адыдзе ад яго. Можа быць і калектыўная ўласнасьць і дзяржаўная, і прыватная таксама. Беларусь самая багатая на зямлю краіна ў Эўропе. Галоўнае, каб гэта зямля давала прыбытак і дабрабыт людзям”.
XS
SM
MD
LG