Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кандыдаты ў прэзыдэнты правялі выходныя


Радыё Свабода Якія асноўныя мерапрыемствы заплянаваныя на новы працоўны тыдзень?

Сяргей Гайдукевіч знаходзіўся, паводле ягоных словаў, "па-за межамі Менска", дзе праводзіў перадвыбарчыя сустрэчы.

Аляксандар Лукашэнка ў суботу браў удзел ў традыцыйнай “Менскай лыжні”, і ягоная каманда, натуральна, перамагла. У нядзелю ён адпачываў, афіцыйных мерапрыемстваў не было.

Аляксандар Казулін ў суботу праводзіў 11-ы нечарговы зьезд БСДП “Грамада”, у нядзелю рыхтаваўся да другога тэлевыступу.

Аляксандар Мілінкевіч ў суботу сустракаўся з выбарцамі ў Віцебску. У нядзелю выступаў на ўстаноўчай канфэрэнцыі грамадзкага аб’яднаньня пэнсіянэраў “Старэйшыны” і сустракаўся з выбарцамі ў ваенным гарадку Ўручча.

Асноўныя мерапрыемствы новага тыдню – радыё– і тэлевыступы кандыдатаў. Сёньня а 8-й раніцы – выступ Казуліна па Беларускім радыё, а 8.30 – Мілінкевіча. 2 сакавіка яны выступаюць па тэлебачаньні, а 1 сакавіка на БТ – Гайдукевіч і Лукашэнка.

2-3 сакавіка ў Менску адбудзецца Усебеларускі народны сход. Натуральна, там будзе Лукашэнка. Сяргей Гайдукевіч трапіць туды вельмі хоча, але пакуль запрашэньня не атрымаў.

(Гайдукевіч: ) “Калі мяне запросяць на Усебеларускі народны сход – я з задавальненьнем! І выступлю. Я вельмі хачу туды трапіць. Ну як туды ня хоча трапіць кандыдат у прэзыдэнты?”

Аляксандар Казулін таксама хоча ня толькі трапіць туды, але і выступіць перад дзьвюма з паловай тысячамі дэлегатаў. Гаворыць сябра штабу Ўладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Ісьці проста, каб за табой паназіралі тэлекамэры – гэта не ў ягоным складзе характару. І гэта палітычна неразумна. Таму мы афіцыйна прадставім аргкамітэту выпіску з пратаколу нашага зьезду, з пячаткай, на афіцыйным блянку. А потым пойдуць дэлегаты, якіх мы вылучылі, і пойдуць людзі, якія гатовыя іх падтрымаць”.

Што да Аляксандра Мілінкевіча, то пакуль асноўным мерапрыемствам тыдню ягоны штаб лічыць сустрэчу ў менчукамі на плошчы Свабоды 2 сакавіка а 18-й гадзіне, дзе побач, у Палацы Рэспублікі, будзе засядаць Усебеларускі народны сход. Гаворыць сябра перадвыбарчага штабу Мілінкевіча Віктар Карніенка.

(Карніенка: ) “Я не магу сказаць за Мілінкевіча, але пакуль штаб рашэньня не прымаў наконт удзелу ў гэтым сходзе. Заўтра чарговае паседжаньне штабу, і будзем прымаць рашэньне. Ці ў сераду. Час жа яшчэ ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG