Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманьні агітатараў на Гомельшчыне працягваюцца


Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці сёньня працягваліся затрыманьні міліцыяй распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў кандыдата на прэзыдэнды ад аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.

У Рагачове міліцыя затрымала Ўладзімера Хадасевіча і Ўладзімера Тамковіча, распаўсюднікаў буклетаў Мілінкевіча і газэты “Народная воля” з праграмай кандыдата.

У пастарунак прыехалі намесьніца старшыні райвыканкаму, старшыня раённай выбарчай камісіі Рыма Ястрэмская, юрысконсульт Людміла Барбалюк і начальнік аддзелу ідэалёгіі Аляксандр Кляцуноў.

Спадароў Хадасевіча і Тамковіча абвінавацілі ў парушэньні выбарчага заканадаўства – арганізацыі сустрэчы з выбаршчыкамі і распаўсюдзе, як сказана, “агітацыйнай інфармацыі” ў неўстаноўленым месцы – на рынку “Маскоўскі”.

Юрыст райвыканкаму Людміла Барбалюк склала пратакол пра парушэньне рашэньня райвыканкаму №143 за 13 лютага 2006 году і артыкулу 167,ч.3 Адміністрацыйнага кодэксу.

*** У Гомелі за распаўсюд буклетаў на Прудкоўскім рынку міліцыянты Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных спраў затрымалі Пятра Кузьняцова і Зьміцера Залатарова.

*** Маёр міліцыі Сухарукаў і старшы лейтэнант Дзятлаў затрымалі на прыпынку каля заводу вымяральных прыбораў Юрася Захаранку, Кацярыну Гаўрыленку і Леаніда Тужыка. У Цэнтральным пастарунку іх трымалі 2 гадзіны.

Паколькі распаўсюднікі мелі складныя столік, невялічкае крэсла ды пляншэт з партрэтамі Мілінкевіча, іх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету. Складзены адпаведны пратакол. Столік, крэсла, пляншэт і 62 буклеты Мілінкевіча сканфіскаваны.

*** У Навабеліцкім раёне міліцыя затрымала сясьцёр Алену ды Галіну Працко. Яны раздавалі гараджанам газэту “Народная воля”.

*** У Калінкавічах каля рэчавага рынку затрыманы распаўсюднікі агітацыйнай прадукцыі Мілінкевіча Аляксей Маневіч і Дзяніс Рабянок. У пастарунку ў іх сканфіскавалі 107 буклетаў кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Перад затрыманьнем невядомыя ў цывільным фатаграфавалі агітатараў. Адзін з правакатараў заклікаў гараджанаў: “Біце іх”!

*** У Сьветлагорску капітан міліцыі Шчэрбін з напарнікам перашкаджаў Віктару Раманішку і Сьветлане Міхальчанка распаўсюджваць буклеты Мілінкевіча каля гарадзкога рынку.
XS
SM
MD
LG