Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд


Радыё Свабода Сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Казулін правялі чарговы дзень агітацыйнай кампаніі бяз значных агітацыйных акцый. А.Казулін накіраваў зварот у Канстытуцыйны суд, у якім цьвердзіць, што Аляксандар Лукашэнка, “выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, з дапамогай рэфэрэндуму жадаў дасягнуць карысьлівых мэтаў і задаволіць асабістыя ўладныя амбіцыі”. Аляксандар Лукашэнка ніякіх афіцыйных, публічных мерапрыемстваў не праводзіў.

Сяргей Гайдукевіч апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму "Новая Беларусь – Адзінства" ў газэце “Знамя юности”. Большасьць яе палажэньняў ужо агучана кандыдатам у першым тэлевыступе. У сваёй праграме спадар Гайдукевіч выказваецца пра сваіх апанэнтаў. Маўляў, у Беларусі “ёсьць выкармленыя Захадам палітычныя сілы, якія рвуцца да ўлады і нацэлены сваімі апекунамі на разбурэньне беларускай дзяржавы”.

Спадар Гайдукевіч цьвердзіць, што праводзіць перадвыбарчыя сустрэчы, але ніякіх падрабязнасьцей пра іх не падае.

(Гайдукевіч: ) “Я заняты.”

Аляксандар Казулін сёньня сустрэчаў з выбарнікамі не праводзіў. У рэдакцыі дзяржаўных мэдыяў ён падаў для друку сваю праграму і запіс выступу па радыё, які прагучыць заўтра а 8-й гадзіне.

Таксама спадар Казулін накіраваў зварот у Канстытуцыйны суд, у якім цьвердзіць, што Аляксандар Лукашэнка, “выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, з дапамогай рэфэрэндуму жадаў дасягнуць карысьлівых мэтаў і задаволіць асабістыя ўладныя амбіцыі”. Пры гэтым, заяўляе спадар Казулін, Лукашэнка парушыў ня толькі нормы канстытуцыі, але і прынятыя на яе аснове нарматыўна-прававыя акты.

Аляксандар Казулін просіць Канстытуцыйны суд даць юрыдычную ацэнку сытуацыі і адказаць на шэраг пытаньняў. У тым ліку, ці зьяўляецца законнай пастанова Палаты прадстаўнікоў аб прызначэньні выбараў, ці павінен быць вызвалены ад службовай пасады ці пайсьці ў адпачынак Аляксандар Лукашэнка і хто будзе кіраваць краінай з 19 траўня па 20 верасьня, калі на выбарах пераможа не Лукашэнка.

Кіраўнік штабу А.Казуліна Мечыслаў Грыб накіраваў заяву ў Цэнтравыбаркам, у якой патрабуе тлумачэньняў, чаму кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка не пакідае сваёй службовай пасады на час выбарчай кампаніі.

(Грыб: ) “Я ім нагадаў, што ў адпаведнасьці з артыкулам 97-м права тлумачыць закон мае Палата прадстаўнікоў. Канстытуцыю мае права тлумачыць Нацыянальны сход. А тлумачыць заканадаўства выбарчая камісія ня мае права. Чаму Ярмошына і Лазавік дазваляюць сабе вусна тлумачыць заканадаўства? Яна тлумачыць, што калі быў рэфэрэндум, працягнулі тэрмін прэзыдэнту, дазволілі, і гэта з гэтага выцякае. Гэта ніадкуль не выцякае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG