Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Віцебску (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Сустрэча прайшла ў актавай залі Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны. Заля на 600 месцаў была поўная. Тыя, каму не хапіла месцаў, цягам дзьвюх гадзінаў стаялі ў праходах паміж крэсламі і нават у фае перад уваходам. Ад пачатку сустрэча плянавалася на Плошчы Свабоды, але гарадзкая выбарчая камісія выказала пратэст, параіўшы арганізатарам перанесьці яе ў адмыслова вызначанае месца – у актавую залю Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны.

Тыя, хто ня ведаў пра перамену месца сустрэчы, прыйшлі на плошчу. І разам з Аляксандрам Мілінкевічам, які вырашыў запрасіць выбарцаў на сустрэчу асабіста, невялікая калёна рушыла ў памяшканьне. Ледзьве толькі людзі пасьпелі пакінуць гэтае месца, як на Плошчы Свабоды зьявіліся байцы АМОНу з аўтаматамі. Мікрааўтобус з узброенымі “пасажырамі” стаяў на плошчы ўсе дзьве гадзіны, пакуль ішла сустрэча.



У залі Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны месцаў усім ахвотным не хапіла, і хто-ніхто мусіў слухаць стоячы. Пасьля невялікае прамовы Аляксандар Мілінкевіч адказваў на пытаньні выбарцаў.



Частка пытаньняў да кандыдата была адмыслова падрыхтаваная мясцовай арганізацыяй БРСМу: некалькі студэнтаў, выходзячы да мікрафону, гаварылі пра стабільнасьць беларускай эканомікі і шырокія магчымасьці для сучаснай беларускай моладзі.

(Хлопец: ) “Магчымасьці, гарантыі выкананьня, паездкі за мяжу! Кажуць, у нас студэнтам за мяжу нельга выехаць, дык гэта ўсё няпраўда! Маё пытаньне: якая альтэрнатыва дзейнай уладзе?”

(Голас з залі: ) “Хлопец, адкуль ты такі?”

Такія прамовы заля сустракалі сьвістам і голасным абурэньнем.



Пасьля сустрэчы да Аляксандра Мілінкевіча выстраілася чарга па аўтографы. Напрыканцы свайго візыту ў Віцебск кандыдат на прэзыдэнта ўсклаў кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу.
XS
SM
MD
LG