Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прайшоў 11-ты нечарговы зьезд БСДП “Грамада” (фота)


Радыё Свабода Яго дэлегаты афіцыйна падтрымалі кандыдата на прэзыдэнта, свайго лідэра Аляксандра Казуліна і зацьвердзілі яго выбарчую плятформу ў якасьці партыйнай. Сацыял-дэмакраты таксама вырашылі накіраваць на арганізаваны ўладамі Ўсебеларускі народны сход сваю дэлегацыю на чале са спадаром Казуліным.

У нечарговым зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, які праходзіў у адной зь менскіх кавярняў, брала ўдзел 57 дэлегатаў. Галоўнымі пытаньнямі зьезду былі прыняцьцё пастановаў аб афіцыйнай, ці фармальнай падтрымцы кандыдата на прэзыдэнта старшыню партыі Аляксандра Казуліна, ухваленьне яго выбарчай плятформы ды фармаваньне дэлегацыі для ўдзелу ва Ўсебеларускім сходзе. Казулін дагэтуль быў вылучаны кандыдатам беларускімі выбарцамі, а партыйны зьезд яго падтрымаў толькі цяпер.



Кіраўніцтва Грамады таксама прапанавала накіраваць партыйную дэлегацыю на арганізаваны ўладамі Ўсебеларускі народны сход, каб выкарыстаць яго трыбуну для агітацыі за свайго кандыдата. Намесьнік старшыні БСДП Уладзімер Нісьцюк гаворыць, што партыя мае права накіраваць на сход сваю дэлегацыю. Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Прэзыдыюм, выканаўчае бюро, абмяркоўваючы гэтае пытаньне, прыйшлі да высновы, што ў адпаведнасьці з законам “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” маюць права вылучаць дэлегатаў на рэспубліканскія сходы вышэйшыя органы палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, прафсаюзаў”.



Паводле вынікаў галасаваньня, на Ўсебеларускі сход ад Грамады будуць накіраваныя Аляксандар Казулін,, Мечыслаў Грыб, Валеры Фралоў, Павал Знавец і Таісія Кабанчук. Некаторыя дэлегаты мяркуюць, што сацыял-дэмакратаў на сход усё роўна ня пусьцяць. А вось што сказаў Аляксандар Казулін:

(Казулін: ) “ Калі я пайду сумесна з дэлегатамі, якія абраныя на нашым сходзе, то там будзе стаяць цэлы полк. І мы будзем прарывацца на гэты сход. Яны ўсе добра разумеюць, што Казулін – гэта нязломны баец”.

Пры гэтым Аляксандар Казулін дадаў, што: “марская пяхота пойдзе да канца, і няхай улады рыхтуюцца да прыёму”.



Дэлегаты зьезду таксама дадалі свае прапановы да выбарчай плятформы Казуліна. Была прынятая і рэзалюцыя паводле якой у выпадку невыкананьня ўладамі патрабаваньняў аб празрыстым галасаваньні і сумленным падліку галасоў выканкам Грамады можа параіць Казуліну зьняць сваю кандыдатуру.
XS
SM
MD
LG