Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітатараў выціскаюць зь людных месцаў Гомеля


Радыё Свабода У Гомелі а палове 16-й гадзіны начальнік штабу Чыгуначнага райаддзелу міліцыі маёр Ермакоў разам з участковымі затрымаў каля вакзалу Андрэя Аксёнава, распаўсюдніка буклетаў Аляксандра Мілінкевіча.

У пастарунку ў спадара Аксёнава сканфіскавалі складны столік, на які агітатар выкладаў буклеты апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнты. Міліцыянты патлумачылі, што столік канфіскуецца на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі №31, пункту 1.4, паводле якога забараняецца загрувашчваць вуліцы ды іншыя месцы грамадзкага карыстаньня.

Тым часам ля ўнівэрмагу падобны складны столік ды два невялікія зборныя шчыткі з партрэтамі Мілінкевіча прыйшліся не да спадобы намесьніку начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Сяргею Яфіменку. Маёр Яфіменка затрымаў агітатара Андрэя Толчына і адвёз яго ў Цэнтральны пастарунак.

Дарэчы, два дні таму той жа маёр Яфіменка загадаў сканфіскаваць у Андрэя Толчына ды Юрася Захаранкі каля паўтары тысячы буклетаў Аляксандра Мілінкевіча. Тады складны столік і зборныя шчыткі міліцыя вярнула.

Маёр Яфіменка адмаўляецца камэнтаваць прычыны затрыманьня. Рэакцыі пракуратуры, Цэнтральнай і абласной выбарчых камісіяў, куды зьвярнуліся прадстаўнікі Мілінкевіча ў сувязі з канфіскацыяй агітацыйных матэрыялаў, пакуль няма.

Відавочна, што сёньня ад друкаванай прадукцыі, выдадзенай на сродкі Цэнтрвыбаркаму, гомельскія міліцыянты перакінуліся на складныя столікі ды зборныя шчыткі. Агітатараў дэмакратычнага кандыдата проста выціскаюць з людных месцаў.
XS
SM
MD
LG