Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ў Менску перашкаджае распаўсюду агітацыйных матэрыялаў


Радыё Свабода Пачаўся другі тыдзень агітацыйнай кампаніі за кандыдатаў на прэзыдэнта. Аднак у Менску пакуль прыкмет надыходзячых выбараў мала – няма плякатаў, інфармацыйныя стэнды пустыя. Агітатары за апазыцыйных прэтэндэнтаў скардзяцца, што міліцыя спыняе іх і перашкаджае распаўсюду ўлётак і іншых друкаваных матэрыялаў. Наш карэспандэнт перадае зь менскага праспэкта Ракасоўскага.

Ля менскага кінатэатра “Салют” сёньня кірмаш “Бывай, зіма!” Гучаць песьні, прадаюцца бліны, піва, закускі. Сёньня тут вельмі люднае месца, і да людзей прыйшлі восем агітатараў за кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з буклетамі, праграмнымі ўлёткамі, газэтамі. Але як толькі яны разгарнулі свае стосы, адразу да іх прыйшлі міліцыянты і прапанавалі сысьці, прыгразіўшы затрыманьнем на 3 гадзіны і канфіскацыяй друкаванай прадукцыі, паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Валеры Грузноў:

(Грузноў: ) “Мы ведаем, што працуем паводле Выбарчага кодэксу, нічога не парушаем. А міліцыянты даказваюць, што гарвыканкам забараніў і даў нам месцы, дзе сабак выгульваюць”.

Урэшце, міліцыянты выціснулі агітатараў на аўтобусны прыпынак, але празь нейкі час і туды прыйшлі два афіцэра міліцыі ды хацелі затрымаць маладых актывістаў. Аднак, заўважыўшы журналіста, адмовіліся ад гэтага намеру і ад камэнтару сытуацыі. Спадар у цывільным, які адкрыта кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў, усе прэтэнзіі да сябе з боку актывістаў адкінуў:

(Спадар: ) “Я староньні грамадзянін, я на кірмаш прыйшоў”.

У канфлікт умяшалася намесьніца кіраўніцы выбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі па Ленінскім раёне Менску Алена Леванкова:

(Леванкова: ) “Прадстаўнікі ўлады перашкаджаюць раздаваць сёньня з самага пачатку, тым больш што тут кірмаш агітацыйны. Мы таксама маем права агітаваць, падставаў для арышту няма”.

Звычайныя людзі цікавяцца агітацыйнымі матэрыяламі, сьведчыць актывістка спадарыня Тамара:

(Агітатарка: ) “Мы зь серады раздаём, гэта ўжо чацьвёрты дзень, людзі добра ставяцца да нас, бяруць, цікавяцца праграмай”.

Пры гэтым думкі наконт кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах людзі выказваюць розныя:

(Спадар: ) “Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць, ужо даўно ня мае права, толькі тры ў нас кандыдаты: Гайдукевіч, Мілінкевіч і Казулін”.

(Спадарыня: ) “На прэзыдэнта не хачу нікога акрамя Лукашэнкі, ён лепшы, гэты ўжо абжыўся, нажыўся, усё ведае, сябруе з усімі”.

(Спадар: ) “Я ніводнага кандыдата ўвогуле не бачыў па тэлевізары”.
XS
SM
MD
LG