Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка наведаў “лыжню”, а Гайдукевіч адпачывае


Радыё Свабода Як ідзе агітацыйная кампанія кандытатаў у прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча?

Тэлефоны цэнтральнага штаба Сяргея Гайдукевіча сёньня не адказвалі. Кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі ЛДП, давераная асоба кандыдата Міхаіл Іваніцкі мяркуе, што спадар Гайдукевіч сёньня адпачывае.

(Іваніцкі: ) "Сёньня выходны, відавочна, ён адпачывае. А, наагул, усё ідзе па пляну. Пэрыяд агітацыі асноўны пачнецца з панядзелка".

Спадар Іваніцкі таксама не назваў дату першай сустрэчы з выбарнікамі Сяргея Гайдукевіча на Магілёўшчыне.

(Іваніцкі: ) "Будзе з выбарнікамі Менску першая сустрэча. Гэты працэс удакладняецца. Мы папярэдне склалі графік паездкі па рэгіёнах, па гарадах Беларусі. Гэта будзе яшчэ ўдакладняцца".

Аляксандар Казулін сёньня знаходзіцца на зьезьдзе БСДП(Грамада), лідэрам якой ён з’яўляецца. Паводле Мечыслава Грыба, у працы зьезда браў удзел асноўны склад штабу кандыдата. А што да агітацыйнай кампаніі?

(Грыб: ) “Агітацыйная кампанія будзе ісьці сваім чарадом. І абход ідзе ад дзьвярэй да дзьвярэй. І ўсе іншыя мерапрыемствы, плянаваныя на месцах, будуць рабіцца. Але кіраўніцтва сёньня ў асноўным будзе занята юбілейным зьездам”.

Давераная асоба А.Казуліна Анатоль Ляўковіч правёў шэраг сустрэчаў з актывам у рэгіёнах. Але нават гэтым сустрэчам улады чынілі перашкоды ў Горадні, Берасьці і Гомелі.

(Ляўковіч: ) “Не тое што з выбарцамі не даюць сустрэцца, яны нам не даюць арганізоўваць кампанію са сваімі актывістамі. Прайшоў цыркуляр такі, каб не пускаць нашых давераных асобаў і актывістаў на прадпрыемствы, ва ўстановы і гэтак далей”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня быў на спартовым сьвяце “Менская лыжня”. Прэсавы сакратар штабу Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “Наш кандыдат сёньня выконвае абавязкі кіраўніка краіны. Кіраўнік штабу накіраваўся ў паездку па рэгіёнах, між іншым, у Гомельскую вобласьць. І там сустракаецца з даверанымі асобамі. Абагульняецца плян выбарчай агітацыі. Таксама павінны быць выдадзены пасьведчаньні давераных асобаў”.

Аляксандар Мілінкевіч працягвае паездку на Віцебшчыне. А менскі гарадзкі штаб вядзе падрыхтоўку першай сустрэчы спадара Мілінкевіча з выбарцамі ў Менску. Яна заплянавана на заўтра ў гарнізонным Доме афіцэраў вайсковага гарадка “Ўручча”. Паводле кіраўніцы Менскага штабу Валянціны Палевіковай, заяўка на памяшканьне была пададзена загадзя.

(Палевікова: ) “Хаця мы і падалі заяўку, як нам абвясьціла Лідзія Ярмошына, за тры дні ў менгарвыканкам, але да гэтага часу, дырэктар гэтага гарнізоннага дому ня даў нам абяцаньня, што мы можам там ладзіць сваё мерапрыемства”.
XS
SM
MD
LG