Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вілейцы затрымалі актывіста дэмакратычнага руху


Радыё Свабода У Вілейцы сёньня быў затрыманы мясцовы актывіст дэмакратычнага руху Мікалай Сусла, які распаўсюджваў сярод жыхароў газэту “Народная воля” і агітацыйныя матэрыялы пра кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. Канфлікт быў урэгуляваны толькі пасьля ўмяшаньня намесьніка начальніка вілейскай міліцыі Аляксандра Каратыша, які прызнаў законнымі агітацыйныя дзеяньні затрыманага.

Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік вілейскага выбарчага штабу Мілінкевіча Ўладзімір Малярчук, інцыдэнт стаў наступствам неаб’ектыўнага стаўленьня да розных кандыдатаў мясцовых чыноўнікаў і раённай выбарчай камісіі. У прыватнасьці, старшыня камісіі Яўген Ігнатовіч, паводле Малярчука, нэгатыўна ставіцца да актыўнасьці ў Вілейцы прыхільнікаў кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, у тым ліку да распаўсюду імі агітацыйных матэрыялаў.

Мяркуецца, што Аляксандар Мілінкевіч заўтра наведае Вілейку, дзе сустрэнецца з жыхарамі райцэнтра.
XS
SM
MD
LG