Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлевыступы кандыдатаў: "Людзі ўбачылі выразныя альтэрнатывы"


Аляксей Знаткевіч, Прага На гэтым тыдні адбыліся першыя выступленьні кандыдатаў у прэзыдэнты на дзяржаўным тэлебачаньні і ўзмацніліся рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў, якія ў гэтай кампаніі працуюць. Гэтыя дзьве тэмы мы зараз абмяркуем з аналітыкамі “Свабоды”. З намі на сувязі зь Менску – Валер Карбалевіч, на сувязі ў Празе – Юры Дракахруст.

(Знаткевіч: ) "Першае пытаньне спадару Карбалевічу. Наколькі выступы кандыдатаў на прэзыдэнты разварушылі народ? Наколькі наагул цяперашняя выбарчая кампанія здольная зьмяніць сытуацыю, калі нават тыя, хто не падтрымлівае ўладу, пры гэтым мяркуюць, што ў любым выпадку ўсё роўна ўсё застанецца па старому?"

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, выступы па тэлевізіі Мілінкевіча і Казуліна сталі важнаю зьявай і, мусіць, галоўнай падзеяй перадвыбарчай кампаніі. У чымсьці яны нагадалі эфэкт, які зрабіў пачатак гарбачоўскай галоснасьці. Але казаць пра значны эфэкт у сэнсе ўплыву на вынікі галасаваньня, мусіць, было б перабольшваньнем.

Па-першае, гэты прарыў галоснасьці хутка закончыцца, а трэба каб адбыліся цэлыя сэрыі гэтакіх выступаў, каб разварушыць грамадзтва. Па-другое, выступы апазыцыйных кандыдатаў былі цікавымі, калі казаць пра Казуліна, то і экстравагантным, але ні той, ні другі не прапанавалі электарату суцэльны альтэрнатыўны праект. А толькі гэта можа заахвоціць нявызначаных выбаршчыкаў прагаласаваць за іх.

Спробы даваць канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытаньні, як гэта рабіў Мілінкевіч, ці рабіць агульную крытыку, як Казулін, не зьяўляюцца дастатковым матывам для іх падтрымкі. Гэта тычыцца і хады ўсёй кампаніі".

(Знаткевіч: ) "Тое ж пытаньне спадару Дракахрусту".

(Дракахруст: ) "Ну я, магчыма, не зусім згодны з Валерам у тым сэнсе, што вось, ён казаў, што людзі могуць прагаласаваць толькі за цэласныя адказы. Але ўсё ж такі, наколькі мне адсюль, з Прагі, бачыцца, адбыўся эфэкт выбуху бомбы, і асабліва гучная бомба – гэта быў, безумоўна, выступ Аляксандра Казуліна.

Супраць Аляксандра Лукашэнкі скарысталі ягоную ўласную зброю: агрэсіўны напор, прастамоўную лексыку, асабістыя, зразумелыя простым людзям абвінавачваньні, у тым ліку і, што называецца, ніжэй пояса. Сапраўды, тут цяжка сказаць пакуль пра вынікі, але ў любым выпадку, прагучала тое, пра што гавораць, прычым гавораць, наколькі я разумею, і ў курылках, і ў чэргах, і на кухнях, і зусім ня толькі сярод палітычных актывістаў, але і гавораць, абмяркоўваюць проста звычайныя людзі. Сытуацыя як бы зрушылася зь мёртвай кропкі. І таму мне здаецца, што людзі прынамсі ўбачылі выразныя альтэрнатывы".

(Знаткевіч: ) "Іншая тэма, якую я прапаную абмеркаваць – гэта рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў: ператрусы, затрыманьні і самае істотнае – арышты і вылучэньне крымінальных абвінавачваньняў сябрам грамадзкай арганізацыі, што мае займацца назіраньнем за выбарамі. На Ваш погляд, якім будзе вынік гэтых рэпрэсіяў – ці грамадзкая актыўнасьць будзе здушаная, ці гэта выкліча адваротную рэакцыю?"

(Дракахруст: ) "Ну, ведаеце, людзі не камікадзэ, і вось учора праваабаронца Алесь Бяляцкі ў інтэрвію нашаму радыё заўважыў, што арышты актывістаў робяць магчымасьць незалежнага назіраньня значна больш складанай. Яны якраз былі лідэры гэтай арганізацыі па незалежнаму назіраньню, і калі яны арыштаваныя, дык астатнім будзе, канечне, цяжка працаваць псыхалягічна і ўсяляк інакш.

Але тут ёсьць і пэўная ацэнка Вашага, Аляксей, другога пытаньня, якое залежыць ад адказу на першае пытаньне: а як увогуле пойдзе выбарчая кампанія? Іншымі словамі, калі, скажам, выбаршчык палічыць, што вось Мілінкевіч і Казулін гавораць людзям праўду, якую ўлады ад іх хаваюць, а цяпер гэтыя ўлады яшчэ і маладых хлопцаў і дзяўчат за гэтую схаваную праўду адрываюць ад сем''яў і кідаюць за краты – вось тады ўлады могуць атрымаць вельмі нечаканы выбух, і зусім не ад грамадзкіх актывістаў, а ад тых людзей, якія, здавалася б, зусім ужо задаволеныя славутай чаркай і скваркай".

(Знаткевіч: ) "Тое ж пытаньне да Валера Карбалевіча".

(Кабалевіч: ) "Узровень грамадзкай актыўнасьці залежыць ад маштабу рэпрэсіяў, і ў пэўным сэнсе рэпрэсіі будуць перашкаджаць гэтай актыўнасьці. Досьвед апошніх гадоў сьведчыць, што рэпрэсіі не выклікаюць адваротнай рэакцыі. Каб гэта адбылося, патрэбен глыбокі сацыяльна-палітычны крызіс, якога цяпер няма ў Беларусі.

Відавочна, што рэпрэсіі носяць кропкавы характар: выбіраюцца структуры, якія маюць, на думку ўладаў, найбольшую небясьпеку для вынікаў выбараў. Цяпер такой структурай палічылі і грамадзкую ініцыятыву "Пэрспэктыва", якая ладзіла назіраньне за выбарамі. Хацеў бы памыліцца, але зраблю прагноз, што наступнай мішэньню могуць стаць структуры, якія займаюцца незалежнымі сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, каб не дазволіць правесьці незалежны ад уладаў экзыт-пул і не дазволіць грамадзтву даведацца пра сапраўдныя вынікі выбараў".

Гл. таксама:

Тэлевыступ Сяргея Гайдукевіча

Тэлевыступ Аляксандра Казуліна

Тэлевыступ Аляксандра Мілінкевіча
XS
SM
MD
LG