Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім быў першы тыдзень агітацыйнай кампаніі?


Юры Дракахруст, Прага Выступы кандыдатаў на прэзыдэнта па тэлебачаньні, іх сустрэчы з выбаршчыкамі, арышты прадстаўнікоў арганізацыі грамадзскага назіраньня – пра ўсё гэта ў агляд выбарчых падзеяў гэтага тыдня, які падрыхтаваў Юры Дракахруст.

21 лютага пачалася выбарчая агітацыя на Беларускім тэлебачаньні. Першым эфір атрымаў Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч:

У першую чаргу ён выступіў за захаваньне стабільнасьці ў Беларусі, супраць палітыкаў, якія хочуць “падманутых людзей вывесьці на вуліцы”.

(Гайдукевіч: ) “У нас, на Беларусі, ёсьць у прамым сэнсе выкармленыя захадам палітычныя сілы, якія рвуцца да ўлады і скіраваныя сваімі апекунамі на вырашэньне адной адзінай задачы – разбурэньне беларуска-расейскага саюзу”.

У другой частцы выступу спадар Гайдукевіч заявіў, што за 10 гадоў у Беларусі зроблена шмат станоўчага, аднак выступіў з крытыкай на адрас ўладаў:

(Гайдукевіч: ) “Але ў той жа час у сваім руху Беларусь пачынае прабуксоўваць, савецкая спадчына вычарпаная. Патрэбныя новыя рашэньні, беларускай эканоміцы патрэбныя сур''ёзныя інвэстыцыі, абнаўленьне і разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы… Куды цяпер глядзіць наш урад, усё што я кажу, бачна няўзброеным вокам”.

Дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад права на 30-хвілінны тэлевізійны зварот да выбаршчыкаў. Замест выступу Аляксандра Лукашэнкі па БТ паказалі прапагандысцкі фільм “Тэорыя змовы” аб мэханізмах рэвалюцыяў у Сэрбіі, Грузіі, Украіне.

22 лютага зь агітацыйнымі прамовамі па Беларускім тэлебачаньні выступілі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч. Выступы ішлі ў запісе, яны былі паказаныя без купюр.

Аляксандар Казулін парваў перад камэрай газэту “Советская Белоруссія” з партрэтам Лукашэнкі і лічбамі – 76 адсоткаў апытаных, якія нібыта гатовыя за яго прагаласаваць.

(Казулін: ) “Я ўпэўнены, што старая ўлада аддалілася ад народу і няўмольна вядзе краіну да крызісу”.

Спадар Казулін назваў далёкай ад народу і “старую апазыцыю”. Але найбольш увагі Аляксандар Казулін ўдзяліў крытыцы Аляксандра Лукашэнкі, закрануўшы і асабістае жыцьцё дзейнага кіраўніка краіны:

(Казулін: ) “За ўсе 12 гадоў мы першую лэдзі так і не пабачылі, ды і не сакрэт для многіх, што цяперашні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай, мае ад яе сына – падарунак да свайго 50-годзьдзя. Ды і пра грамадзянскую цёшчу, былога міністра аховы здароўя размоваў шмат. Ды Бог ім судзьдзя”.

Мілінкевіч назваў цяперашнюю стабільнасьць у Беларусі застоем і беспэрпэктыўнасьцю, самаізаляцыяй краіны ды прапанаваў іншы шлях і стыль кіраваньня:

(Мілінкевіч: ) “Наша задача вельмі простая – не стабільнасьць застою, а стабільнасьць разьвіцьця. Я сьмела магу сказаць, што мая праграма – гэта народная праграма прыхільнікаў пераменаў, а іх у краіне большасьць”.

Гаворачы пра выбары ў Беларусі, Мілінкевіч заявіў пра татальныя фальсыфікацыі, заклікаў выбарцаў галасаваць толькі ў дзень выбараў.

(Мілінкевіч: ) “Дэмакратычная кааліцыя катэгарычна супраць рэвалюцыяў. Мы патрабуем, каб выбары прайшлі сумленна і па законе. Калі перамогу ў нас зноў скрадуць, калі будуць падманы на выбарчых участках, а пра гэта стане вядома ў той жа дзень, я ўпэўнены, што людзі выйдуць на вуліцу абараняць сваю годнасьць. Але не апазыцыя будзе вінаватая ў гэтым, а ўлада, якая правакуе падобны выхад”.

* * *

У пятніцу пачаліся перадвыбарчыя выступы кандыдатаў на прэзыдэнта на Першым канале дзяржаўнага радыё. Першым зноў выступіў Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка зноў адмовіўся ад права на 30-хвілінны радыёзварот.

Працягваліся агітацыйныя паездкі кандыдатаў. У аўторак Сяргей Гайдукевіч наведаў Беразіно, у пятніцу быў у Віцебскай вобласьці. Хаду кампаніі ён ацаніў наступным чынам:

(Гайдукевіч: ) “Мы знаходзімся ў той дзяржаве, з тымі законамі, якія мы маем. І той, хто прыстасаваўся да гэтых умоваў спачатку, ён яе правядзе як трэба. Ніхто ня зьменіць гэта асяродзьдзе нашага існаваньня. Вось, як рыбы: жывуць у акварыюме: як умееце, так там у гэтым акварыюме і плавайце”.

Аляксандар Мілінкевіч у панядзелак сустракаўся з жыхарамі Рэчыцы, Мазыра і Калінкавічаў, у аўторак, калі запісваў тэлевыступ, меў сустрэчы з менчукамі, у сераду наведаў Лепель, у пятніцу – Воршу.

Што да плянаў перадвыбарчых паездак Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнік ягонага штабу Дзьмітрый Косьцін паведаміў наступнае:

(Косьцін: ) “У нашага кандыдата ня будзе праводзіцца ніякіх надзвычайных акцыяў, і ён будзе працаваць у звычайным штатным рэжыме, згодна зь яго працоўным графікам”.

* * *

У мінулую нядзелю зь Беларусі быў дэпартаваны карэспандэнт польскай "Gazety Wyborczej" Вацлаў Радзівіновіч. Ён ехаў у Беларусь для асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў. У інтэрвію Радыё Свабода Вацлаў Радзівіновіч заявіў:

(Радзівіновіч: ) "Мяне павярнулі назад без тлумачэньняў прычынаў. Мне пагражалі ўжываньнем сілы. Ня ведаю, які зараз у мяне статус. Ці здолею я ізноў ехаць у Беларусь, ці калі я паспрабую гэта зрабіць, мяне ізноў абвінавацяць у нейкіх жахлівых рэчах".

Пасольства Чэскай Рэспублікі назвала спробай дыкрэдытаваць Чэхію перадачу Беларускага тэлебачаньня, у якой БТ абвінаваціла дыпляматычнае прадстаўніцтва ў распаўсюдзе агітацыйных падрыўных матэрыялаў. Пасольства патлумачыла, што распаўсюджвала тэкст рэзалюцыі камітэту ў правох чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па сытуацыі ў Беларусі.

У сераду часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Ўладзімер Румл быў выкліканы ў беларускі МЗС, дзе дыплямату быў заяўлены “рашучы пратэст у сувязі з фактам наўмыснага распаўсюду пасольствам Чэхіі буйной партыі агітацыйна-прапагандысцкіх матэрыялаў для выкарыстаньня ў пэрыяд выбарчай кампаніі”.

* * *

22 лютага Павал Севярынец, які адбывае “хімію” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну, павінен быў атрымаць трохдзённы адпачынак. Аднак калі маці Севярынца, Тацяна, патэлефанавала начальніку Ветрынскай спэцкамэндатуры Ігару Адамуцю, дык пачула, што хаця Павал і не парушаў працоўнай дысцыпліны і рэжыму пражываньня, у лютым і сакавіку ён адпачынку не атрымае. Тацьцяна Севярынец упэўненая, што загад не выпускаць яе сына абумоўлены з выбарчай кампаніяй.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Уважліва сачу за выбарчай кампаніяй, якая разгортваецца ў Беларусі, і хачу пажадаць усім, хто ўдзельнічае ў гэтай кампаніі, назірае за ёй — веры ў нашу перамогу”.

* * *

21 лютага Супрацоўнікі КДБ арыштавалі актывістаў незарэгістраванай ініцыятывы назіраньня за выбарамі “Партнэрства”. Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая абвінавачваюцца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, таксама за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Рэпрэсыўныя законы, прынятыя напрыканцы мінулага году, пачалі дзейнічаць. Гаворыць Жонка Міколы Астрэйкі Паліна.

(Паліна: ) “Я ў шоку. Я бачыла ў вакно, як яны падбеглі да машыны і прыстаўлялі да яго пісталет. Гэта нейкі сюррэалізм. Зразумела, гэта бачылі ўсе суседзі… Яго цягнулі як нейкага небясьпечнага злачынцу”.

Грамадзянская жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч распавяла пра тое, як праходзіў ператрус у іх доме.

(Анцыповіч: ) “Што шукалі, невядома, Час ад часу жартавалі: “Пісталет будзеце здаваць, ці не?”… Тры гадзіны цягнуўся гэты ператрус.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што арышты і пачатак крымінальных справаў супраць актывістаў “Партнэрства” робіць пэрспэктыву незалежнага назіраньня вельмі сумніўным:

(Бяляцкі: ) “Незалежнае назіраньне пад вялікім пытаньнем, бо грамадзкія актывісты, якія мелі дачыненьне да незалежнага назіраньня, былі затрыманыя. Улады вырашылі зарубіць гэтую ініцыятыву і такім чынам дэзарганізаваць усю сетку незалежнага назіраньня ў Беларусі”.

* * *

У аўторак Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Ён запатрабаваў ад сілавых структураў не дапусьціць экстрэмісцкіх выступаў падчас выбарчай кампаніі.

Паводле яго, "усьведамляючы адсутнасьць шанцаў на перамогу законным шляхам, апанэнты ўлады са скуры вылузваюцца, каб абвастрыць сытуацыю ў краіне, расхістаць асновы дзяржавы і грамадзтва, ачарніць нашы духоўныя каштоўнасьці. Таму наша асноўная задача – засьцерагчы беларускі народ ад накіданьня чужой волі, ад хлусьні і гвалту", заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу ў часе наведваньня Сувораўскай вучэльні заявіў, што ўладзе выгадная прысутнасьць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Лукашэнка: ) "Нам вельмі выгадна паказаць сумленным і несумленным людзям, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Мы ні ў якім разе ня будзем фальсыфікаваць выбары, а мы будзем змагацца".

Але далей адзначыў:

(Лукашэнка: ) "Калі мы ведаем, што мы пераможам, дык чаму мы павінны баяцца гэтых назіральнікаў?.. Яны ўсе папярэджаныя, ведаюць нашыя законы, а таму крок налева, крок направа – і вас тут заўтра няма. Мы зь імі цырымоніцца ня будзем”.
XS
SM
MD
LG