Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што плянуюць кандыдаты на выходныя?


Радыё Свабода Да прэзыдэнцкіх выбараў застаецца тры тыдні. І кандыдаты стараюцца выкарыстаць кожны дзень. Плянамі ўсіх чатырох кандыдатаў на выходныя цікавілася Іна Студзінская.

У штабе Сяргея Гайдукевіча коратка паведамілі, што будуць працягвацца сустрэчы з выбарцамі ў Віцебскай вобласьці.

Аляксандар Казулін у суботу бярэ ўдзел у 11-м нечарговым зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Месца правядзеньня зьезду трымаецца ў строгім сакрэце. Распавядае намесьнік старшыні выбарчага штаба Казуліна Ўладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Першае – партыя павінна выказацца наконт кандыдатуры кандыдата ў прэзыдэнты – яна павінна прыняць статутнае рашэньне. Па-другое, партыя павінна заявіць сваю перадвыбарную плятформу. Па-трэцяе, мы плянуем вылучыць дэлегацыю зь пяці чалавек на 3 Усебеларускі народны сход – Закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах 2000 года прадугледжвае, што вышэйшыя органы партый маюць такое права”.

У нядзелю буйных мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Казуліна не плянуецца.

У суботу Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел у “Менскай лыжні”. Але прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Дзьмітрый Косьцін падкрэсьлівае, што гэта традыцыйнае мерапрыемства, у якім Лукашэнка ўдзельнічае штогод. Што да справаў выбарчых…

(Косьцін) “У Аляксандра Лукашэнкі перадвыбарчых сустрэч у гэтыя бліжэйшыя два дні (як у кандыдата) ня будзе. Будуць працаваць толькі яго давераныя асобы, якія ў свой непрацоўны час будуць сустракацца з выбаршчыкамі”.

А вось Аляксандар Мілінкевіч ў нядзелю праводзіць сустрэчу ў выбарцамі ў Доме афіцэраў ў ваенным гарадку Ўручча – па вуліцы Героеў 120-й дывізіі, 15. Пачатак а 18-й гадзіне, уваход вольны. Расказвае кіраўніца Менскага гарадзкога штабу Валянціна Палевікова.

(Палевікова: ) “Галоўнае – агітацыя ад дзьвярэй да дзярэй. На 8-м кілямэтры ва Ўруччы будзе сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам 26 лютага. Наша мэта – вельмі добра там папрацаваць, і мы ствараем мабільныя групы, каб абыйсьці людзей, распавесьці пра нашага кандыдата, пакінуць улёткі і запрасіць на сустрэчу, якая адбудзецца ў нядзелю”.

Што да асноўных мерапрыемстваў на наступны тыдзень, 2 сакавіка Аляксандар Казулін зьбіраецца трапіць на трэці Ўсебеларускі народны сход у якасьці дэлегата. Гаворыць Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Па-першае, за яго сьпіной – закон. Я не думаю, што ёсьць такая краіна, у якой зьбіраецца народны сход, на які могуць не пусьціць зарэгістраванага кандыдата ў прэзыдэнты. Перад сходам мы будзем весьці перамовы з аргкамітэтам. Каб не было, як яны кажуць, якіх-небудзь “карцінак”, мы хочам, каб людзі прыйшлі, атрымалі з усімі астатнімі дакумэнты і ўдзельнічалі на роўных. Вось чаго мы дамагаемся”.

У гэты ж час Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца на плошчы Свабоды, літаральна ў 100 мэтрах ад Палацу Рэспублікі, а 18-й гадзіне правесьці сустрэчу з выбарцамі.
XS
SM
MD
LG