Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Казулін паспрабуе патрапіць на "усебеларускі сход"


Радыё Свабода Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), чый кіраўнік Аляксандар Казулін балятуецца ў прэзыдэнты, мяркуе вылучыць на сваім сёньняшнім зьезьдзе дэлегатаў на арганізаваны ўладамі трэці Ўсебеларускі народны сход. Сход мае адбыцца ў Менску 2 сакавіка. Як ставяцца да магчымасьці ўдзелу ў гэтым сходзе іншыя кандыдаты?

Усебеларускі сход рыхтуецца аргкамітэтам на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім і кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Генадзем Нявыгласам. Аляксандар Лукашэнка загадаў сабраць на гэтую імпрэзу 2500 чалавек. Як ставяцца да магчымасьці ўдзелу ў гэтым сходзе ў штабах кандыдатаў у прэзыдэнты.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што пакуль ня мае запрашэньня:

(Гайдукевіч: ) “ Калі мяне запросяць на Ўсебеларускі сход, я з задавальненьнем. З задавальненьнем! Дайце выступіць! Мяне ніхто не запрашае туды. Я хачу патрапіць на Ўсебеларускі сход, там столькі людзей, камэр. Ну, як ня хоча патрапіць туды кандыдат у прэзыдэнты?! Якая мне розьніца хто там і што там. Галоўнае, каб я быў”.

Аляксандар Казулін раней выступіў з заявай, у якой заклікаў забясьпечыць удзел ва Ўсебеларускім сходзе ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Маўляў, там павінны быць ня толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, а й дэлегаты ад усіх палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб аднак скептычна ацэньвае магчымасьць патрапіць на сход.

(Грыб: ) “ У адпаведнасьці з законам аб сходах, у адпаведнасьці з партыйным статусам, мы маем права вылучаць дэлегатаў на любыя сходы. Мы ўсё робім законна, але я ведаю, што нас туды ня пусьцяць. Будзем спрабаваць, а там паглядзім, што атрымаецца”.

Кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі адносна шанцаў спадара Казуліна і ягоных прыхільнікаў патрапіць на сход, сказаў:

(Лёгкі: ) “Ёсьць нарматыўны дакумэнт – указ, дзе ўсё ясна прапісана, хто колькі, адкуль і як. І наколькі мне вядома, ужо ўсе склады ўдзельнікаў практычна сфармаваны. Але ў любым выпадку, тады Казулін мусіў некуды зьвярнуцца афіцыйна”.

Прэсавы сакратар штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Вазьняк кажа, што ў штабе спадара Мілінкевіча не прымалі рашэньне аб удзеле ці аб няўдзеле.

(Вазьняк: ) “У нас на другога сакавіка заплянавана сустрэча Мілінкевіча з выбарцамі. Яна будзе праходзіць у Менску, на плошчы Свабоды, у некалькіх сотнях мэтраў ад Палацу рэспублікі, дзе Лукашэнка будзе сустракацца са сваімі прыхільнікамі. У Мілінкевіча на 2 сакавіка іншая задача. Наагул, мы нэгатыўна ацэньваем саму гэтую інстытуцыю – Усебеларускі сход, бо яна не прадугледжана ні канстытуцыяй, ні законамі”.
XS
SM
MD
LG