Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Павел Жук


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Напэўна, усе, хто быў знаёмы з Паўлам Антонавічам Жуком, пагадзіліся б, што вызначальнаю рысаю ягонага характару была непахісная вера ў справядлівасьць. Гэта асабліва ўражвала, калі ты ведаў, што некалі Павел твар у твар сутыкнуўся зь лютай несправядлівасьцю, якая магла перакрэсьліць усё жыцьцё юнака з Браслаўшчыны.

Па вайне ў будынку пошты, дзе ён працаваў бухгальтарам, здарыўся пажар. Затрымаць падпальшчыкаў не ўдалося, але “органы” мелі загад паказаць народу яго “клясавага ворага”. На допыце сьледчы спакойна, нават весела, сказаў Паўлу: “Ты, хлопец, невінаваты, але ня выкруцісься ад расстрэлу, калі не прадпішаш прызнаньня. Тады з улікам малалецтва атрымаеш якіх-небудзь гадоў дзесяць”.

Ваенны трыбунал войскаў МГБ і сапраўды адмераў яму ўсяго дзесяцігодзьдзе лягераў. Салікамск, Караганда, Енісейск, Дудзінка... У Нарыльску Павел удзельнічаў у паўстаньні, калі пад кулямётным агнём палеглі сотні палітвязьняў.

Ён вытрымаў усе кругі свайго пекла. Вярнуўшыся праз восем гадоў на волю, скончыў дзесяцігодку і працаваў, разумеючы, што шлях да высокіх пасадаў былому “ворагу народу” закрыты.

Але, чакаючы лепшых часоў, у ім жыла нязгасная прага справядлівасьці. У 1990-м абласная гарадзенская газэта надрукавала артыкул Паўла Жука пра лёсы палітзьняволеных. Неўзабаве яго аднагалосна абралі старшынём абласной асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Спадар Павел здолеў згуртаваць у арганізацыі 300 сяброў. Ён высьветліў, што ў архіве гарадзенскага ўпраўленьня КГБ пад грыфам “Захоўваць вечна” знаходзяцца 15 тысяч справаў асуджаных па палітычных артыкулах у гады сталіншчыны.

Гэтай зімой мужнае сэрца Паўла Жука спынілася. Своеасаблівым помнікам яму будзе выдадзенае асацыяцыяй у 2000-м годзе кніга ўспамінаў былых палітвязьняў “Ніколі болей”.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
XS
SM
MD
LG