Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": Ці можна зарабіць на драўляных карунках?


Вячаслаў Кулік, Менск За апошнія трыццаць гадоў у Беларусі зьніклі амаль 14 тысяч вёсак. Ад 1986 году на новае месца жыхарства пераехалі амаль чвэрць мільёна вяскоўцаў. У краіне практычна не засталося засьценкаў, хутароў і фальваркаў. Страчана й багатая спадчына самабытнага аздабленьня жытла. Ці можа пры такой сытуацыі быць суцяшэньнем ажыўленьне цікавасьці сярод гаспадароў вясковых дамоў і лецішчаў да дэкаратыўнага ўпрыгожаньня пабудоў? Тэму дасьледуе журналіст Вячаслаў Кулік.

Найвялікшая ў Ганцавіцкім раёне вёска Хатынічы мае адну тысячу двароў. І ў кожным вокны хаты аздабляе мастацкі дэкор. Ліштвы прапілаваныя ўзорамі завіткоў, грабеньчыкаў, лесьвічных зубчыкаў. Гэтыя драўляныя карункі нагадваюць ткацкі арнамэнт. Тутэйшы жыхар Андрэй Ярашэвіч кажа, што палешукі – прыхільнікі прыгожага.

(Ярашэвіч: ) “Калі жанчыны наносілі прыгожыя ўзоры на палатно вышыўкай, то мужчыны стараліся ўпрыгожыць зьнешнія сьцены дому. У нас шмат людзей захапляюцца якім-небудзь рамяством. Спрадвеку былі й цесьляры, і бондары, і майстры, якія ўмеюць плесьці кашалі, сявенькі, прыгожыя вазы, нават гаршкі плялі для збору ягадаў. І зараз такія ўмельцы ёсьць, навучыліся ад старэйшых”.

У Хатынічах знаёмлюся з 40-гадовым майстрам Міхаілам Мінько. Цікаўлюся, ці можна цяпер зарабіць на драўляных карунках?

(Мінько: ) “У мяне пяцёра дзяцей, і я ўсіх утрымліваю. Афіцыйна аформлены індывідуальным прадпрымальнікам, падаткі плачу. Замоваў у мяне шмат. Вокны прыгожыя вырабляю. Але праца шмат часу патрабуе. Трэба зрабіць малюнак, а пасьля пасьвідраваць і выразаць. Чым складаней, тым прыгажэй. Кліентаў больш”.

На папярэднія замовы ў Хатынічах працуюць амаль два дзесяткі майстроў. Накладныя ліштвы перакрываюць шчыліны й ахоўваюць акно ад атмасфэрных ападкаў. Акрамя таго, карункавы малюнак глядзіцца выразна, выклікае павагу да гаспадароў сядзібы. Гутару зь Нінай Кавальчук.

(Карэспандэнт: ) “Ваш бацька аздабляе карункамі вокны, так?”

(Кавальчук: ) “І бацька, і яго брат, і яго бацька – мой дзед. Такія ўзоры ня зробіш на станку. Трэба ручной пілкай усё вырэзваць.

...На сталярку й сёньня заказаў даволі багата. Будняў многа, а сьвята ў жыцьці – толькі міг. Таму лепей, чым я, скажуць вокны, што ставіў мой тата, Цяпло рук яго будзе заўсёды на іх...”

Гэты верш Ніны Кавальчук зь яе новага паэтычнага зборніку. А ці заўважаюць іншыя людзі прыгажосьць драўляных карункаў? На пытаньне адказваюць мінакі на вуліцах.

(Першая спадарыня: ) “Вельмі падабаюцца! Я ж у вёсцы нарадзілася, на Гарадзеншчыне. Усе драўляныя хаты там у карунках.”

(Другая спадарыня: ) “Падабаюцца! У мяне такое лецішча. У гэтай хаце мы жывём нават узімку. Цёпла, добра і прыгожа.”

(Першы спадар: ) “Падабаецца! Я сам цясьляр. У мяне вокны акуратна зробленыя.”

(Другі спадар: ) “Вельмі падабаецца. Я калісьці езьдзіў у экспэдыцыі па Беларусі. Займаўся фальклёрам. Сам зь вёскі, ведаю, што гэта такое.”

(Трэцяя спадарыня: ) “Ой, на сваім лецішчы зрабілі аздабленьне разьбой па дрэве! Нам вельмі гэта падабаецца!”

(Чацьвёртая спадарыня: ) “Я бачыла вокны, аздобленыя на Гарадзеншчыне, у Іўеўскім раёне. Канечне, у такой хаце прыемна жыць.”

(Трэці спадар: ) “Ня проста бачыў, а захапляўся драўлянай разьбой і ня толькі на вокнах. Нават пад дахамі яе робяць. Вельмі прыгожа! І, дзякуй Богу, што гэта ня толькі засталося, але й зараз некаторыя людзі аздабляюць свае хаты. Я б ня адмовіўся жыць у такой хаце”.

Гаварылі ўдзельнікі апытаньня Радыё Свабода. У сваю чаргу адмыслоўцы даводзяць, што архітэктурны дэкор мае мясцовыя асаблівасьці. На Берасьцейшчыне – гэта карункавая прапілоўка ліштваў. На Гомельшчыне – на вокнах выпілоўваюць завіткі-аздобіны. На Захадзе Беларусі найчасьцей сустракаюцца ромбы, трохвугольнікі, паўкругі. Зрэшты, цяпер майстры не адмаўляюцца шукаць свой стыль. Паслухаем Генадзя Казлова зь вёскі Задубеньне Мядзельскага раёну.

(Казлоў: ) “Мы шмат выпісвалі адмысловых часопісаў – 18 найменьняў. Душа ляжала да гэтага. Асабіста чаканіў і гравіраваў. Жонка вельмі добра малявала, вышывала – залатыя рукі! Мы ўвесь час марылі пабудаваць прыгожы дом”.

Задума ўдалася. Дом багата ўпрыгожаны разьбой па дрэве. Выглядае сьвяточна й прыцягвае да сябе ўвагу. Гаспадар не адмаўляецца ад прапаноў дапамагчы іншым. Але, кажа Генадзь Казлоў, вясковы рамесьнік усё больш залежыць ад эканамічнага фактару.

(Казлоў: ) “Кошты – “дурныя”: 350 тысяч рублёў адзін кубамэтар дошак. Калі мне, напрыклад, неабходна тры кубамэтры, то атрымліваецца, што карову трэба прадаваць. А карова каштуе 600-700 тысяч рублёў. Я трымаў дзьве каровы, а цяпер – адну. Складана ў вёсцы. Яшчэ пакуль пра нас дзяржава не клапоціцца”.

Праблемы беларускіх рамесьнікаў плянавалася вырашыць так званымі спрошчанымі правіламі рэгістрацыі й аплаты падаткаў. Дакумэнт зьявіўся 16 траўня мінулага году ў выглядзе прэзыдэнцкага дэкрэту. Аднак, па словах старшыні Беларускага саюзу майстроў народных промыслаў Яўгена Сахуты, сытуацыя толькі пагоршылася.

(Сахута: ) “Гэты ўказ нарабіў нам клопату. Столькі заблытана, не зразумела... І майстры ня ведаюць, і падатковыя інспэктары...Ніхто ня ведае, як да яго падступіцца. Поўная нестыкоўка да закону аб народным мастацтве й рамёствах. Сталася так, што хто робіць чаранкі для рыдлёвак, апынуліся ў лепшым становішчы, чым клясныя майстры, якія падтрымліваюць традыцыйную культуру. Карацей кажучы, ніхто нічога ня ведае, адно другому супярэчыць. Вось праблема якая!”

Паводле прафэсара Яўгена Сахуты, тыя рамесьнікі, хто адчуў уціск падатковай інспэкцыі, адмаўляюцца ад працы на заказ. Некаторыя вяртаюцца да “шэрых” заробкаў, карыстаюцца пасярэднікамі. Дык якая будучыня ў рамяства драўляных карунак? Ізноў вяртаемся да гутаркі зь Генадзем Казловым.

(Казлоў: ) “Дачка закончыла Беларускі дзяржаўны інстытут культуры, спэцыяльнасьць – народныя промыслы. Прыяжджае, дапамагае. Яе муж займаецца керамікай. І ўжо ўнук, якому толькі чатыры гады, кажа – я мастак!”

Спадзяваньні на сямейныя традыцыі мае таксама знаёмы нам рамесьнік з Хатынічаў Міхаіл Мінько.

(Мінько: ) “Мой старэйшы сын закончыў мастацкую вучэльню ў старажытным Міры. Зараз другі вучыцца там. Ужо стабільная спэцыяльнасьць на будучае”.

Дадам, што сёньня ў Беларусі існуе каля 24 тысяч вёсак. Пакуль ёсьць дзе ствараць прыгажосьць.
XS
SM
MD
LG