Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскія ўлады вырашылі не абараняць габрэйскія могілкі часоў вайны?


Радыё Свабода У Менску тэрыторыя габрэйскіх могілак па вуліцы Калектарнай, дзе ў гады Другой усясьветнай вайны хавалі вязьняў гета, не ўключана ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, заявіў сёньня ў Менску начальнік упраўленьня ў пытаньнях аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Васіль Абламскі. Грамадзкія габрэйскія арганізацыі лічаць такое рашэньне неабгрунтаваным.

Паводле Абламскага, так вырашыла Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Рашэньне грунтавалася на тым, што на сёньня ў наяўнасьці могілак няма. Яны былі заснаваныя напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. У гады другой Усясьветнай вайны тут зьнішчалі і хавалі вязьняў менскага гета.

Але ў пасьляваенны час могілкі былі зруйнаваныя. У 1970-я гады адсюль зьвезьлі апошнія надмагільныя пліты. Таму, як патлумачыў прадстаўнік Міністэрства культуры, могілкі і не ўключылі ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Аднак грамадзкія габрэйскія арганізацыі лічаць такое рашэньне неабгрунтаваным.

Паводле кіраўніка саюзу гэтых арганізацыяў Леаніда Левіна, да іхнага голасу менскія чыноўнікі не прыслухаліся:

(Левін: ) “Кажуць, што калі нам штосьці спатрэбіцца ў гэтым месцы, то яны нам дазволяць зрабіць. Гэта там, дзе было гета і расстрэльвалі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі там чалавек расстралялі?”

(Левін: ) “Паводле нашых падлікаў, не менш як 6 тысяч чалавек. Мы распрацавалі праект, ахоўную зону – усё як трэба. Навукоўцы працавалі. Мы гэта зрабілі яшчэ і таму, што даведаліся, што там, на могілках, нехта хоча зрабіць паркінг. Таму мы захваляваліся. Але нам кажуць, што гэтага ня будзе. Аднак мы ня ведаем, праўда гэта ці не. І вось гэта нас вельмі хвалюе. Будзем сачыць”.

Прадстаўнік Міністэрства культуры Васіль Абламскі пацьвердзіў, што насамрэч была прапанова пабудаваць на месцы габрэйскіх могілак аўтастаянку, аднак, паводле яго словаў, навукова-мэтадычная рада адхіліла гэты праект.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня рэлігійнага аб’яднаньня абшчын прагрэсіўнага іудаізму Якаў Басін, на месцы габрэйскіх могілак менскія ўлады зьбіраліся паставіць помнік для ўвекавечаньня ахвяраў нацызму:

(Басін: ) “Шчыра кажучы, я быў перакананы, што гэты праект атрымаў ухваленьне дзяржаўных органаў і будзе ўвасоблены. Але пакуль нічога не зразумела. Магчыма, гэтае пытаньне яшчэ знаходзіцца ў працэсе вырашэньня. Але мне пра гэта нічога не вядома”.
XS
SM
MD
LG