Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая кампанія: як ідзе выбарчая агітацыя ў рэгіёнах?


Радыё Свабода Сёньня кандыдат ад аб’яднай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч правёў дзьве сустрэчы з выбарнікамі ў Воршы. Першая зь іх адбылася ў Цэнтральным гарадзкім парку, і адразу на пачатку імпрэзы кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта Васіль Леўчанкаў атрымаў афіцыйную заўвагу ад старшыні гарадзкой выбарчай камісіі.

З Воршы распавядае спадар Лёўчанкаў.

(Леўчанкаў: ) “Падышла да мяне Натальля Іванаўна Захаранкава, старшыня гарадзкой камісіі, і зрабіла афіцыйнае папярэджаньне, што, маўляў, я парушаю заканадаўства – арганізаваў несанкцыянаваны мітынг. Я запытаўся: “Дык што мне за гэта будзе: штраф або суткі?” Яна пасьміхнулася. А ўвогуле шмат людзей было: і жанчыны, і мужчыны, моладзь... Так, прыблізна, чалавек дзьвесьце было, ня меней”.

Паводле прадстаўнікоў Аршанскага гарвыканкаму, кіраўнік ініцыятыўнай групы мусіў зьвярнуцца па дазвол за 15 дзён, што прадугледжвае закон пра арганізацыю і правядзеньне вулічных акцый.

Cёньня ж у Жлобіне блізу пятай гадзіны раніцы дарожныя інспэктары спынілі і завялі ў пастарунак экспэдытараў незалежнай газэты “Народная Воля”, дзе яны правялі чатыры гадзіны. Міліцыянты запатрабавалі чакаць, калі пачне працу раённая выбарчая камісія і аддзел ідэалёгіі райвыканкаму, якія будуць вырашаць, ці можна ў Жлобіне распаўсюджваць сьвежыя нумары “Народнай Волі”. Паколькі на працягу чатырох гадзін міліцыянты ніякіх сьледчых дзеяньняў не вялі, экспэдытары здолелі пакінуць пастарунак і зьехалі са Жлобіна разам са сваім грузам.

Як мы раней паведамлялі, 23 лютага ў другой палове дня ў Гомелі міліцыя затрымала дзьве групы распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча і сканфіскавала амаль паўтары тысячы буклетаў. Распавядае Андрэй Толчын, які разам з Кацярынай Гаравой раздаваў буклеты ля ўнівэрмагу:

(Толчын: ) “Прыйшлі два міліцыянты. Адзін быў з аўтаматам Калашнікава, другі — зь пісталетам Макарава. У міліцыі мяне пратрымалі тры гадзіны. Забралі буклеты Мілінкевіча — 608 штук. Загад аддаваў Сяргей Яфіменка, маёр, намесьнік начальніка райаддзелу міліцыі. З гэтага я зрабіў выснову, што ў Гомелі выбарчай кампаніяй на карысьць Лукашэнкі займаецца ў працоўны час міліцыя”.

У групы Юрася Захаранкі ў Цэнтральным аддзелу міліцыі сканфіскавалі 795 буклетаў Мілінкевіча:

Намесьнік начальніка Чыгуначнага райаддзелу міліцыі маёр Яфіменка адмовіўся камэнтаваць, на якой падставе ўчастковыя затрымліваюць распаўсюднікаў і сканфіскоўваюць агітацыйныя матэрыялы, выдадзеныя на сродкі Цэнтравыбаркаму.

Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча ў Гомелі Ўладзімер Кацора распавёў, што з прычыны затрыманьня і канфіскацыі ў распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў падаў сёньня заяву ў пракуратуру, а таксама ў Цэнтральную і абласную выбарчыя камісіі.

(Кацора: ) “Мы не такія слабыя, як нас афіцыйна падаюць выбарцам, грамадзянам. Мы — моцная каманда. Гэта рэакцыя слабой улады на нашы добрыя перадвыбарчыя дзеяньні”.

Нагадаю, што раней у Магілёве супрацоўнікі міліцыі вярнулі кіраўніку ягонага абласнога штабу Ўладзімеру Шанцаву сканфіскаваныя 26 тысячаў агітацыйных ўлётак за Аляксандра Мілінкевіча, якія былі надрукаваныя на сродкі Цэнтравыбаркаму. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі самі прывезьлі ўлёткі і прынесьлі прабачэньні спадару Шанцаву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG