Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этнакультурны аспэкт традыцыі ўжываньня наркатычных рэчываў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 23 лютага) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Адной з вастрэйшых праблемаў сучаснай цывілізацыі ёсьць наркаманія. Яе хвалі ўсё часьцей набягаюць і на Беларусь. Афіцыйная статыстыка паказвае на рост спажываньня і працэнт наркатычна залежных. Псыхолягі, лекары, сацыёлягі, філёзафы ня ў стане патлумачыць усіх мэханізмаў гэтай страшнай навалы. І ўсё часьцей паўстае ў іх жаданьне дакапацца да вытокаў, прасачыць, якімі шляхамі і чаму ўварвалася ў жыцьцё гэтая зьява”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Як мяркуюць вучоныя, спажываньне ў ежу асобных расьлінаў і, асабліва, грыбоў адыграла важную ролю ў разьвіцьці самога чалавека. Так, згодна з дасьледаваньнямі амэрыканскага вучонага Т.Макена, расьлінныя алькалёіды, асабліва галюцынагенныя злучэньні, маглі быць тымі хімічнымі фактарамі ў жыцьці першабытных людзей, якія сталі каталізатарамі ўзьнікненьня чалавечай самарэфлексіі. Іх дзеяньне павялічвала актыўнасьць перапрацоўкі інфармацыі, а значыць, адчувальнасьць да асяродку, і такім чынам судзейнічала рашучаму пашырэньню чалавечага мозгу. На больш позьнім этапе галюцынагены дзейнічалі як каталізатары ў разьвіцьці ўяўленьня і прадбачаньня, што стварала глебу для разьвіцьця мовы і рэлігіі”.

(Ракіцкі: ) “З пэрспэктывы станаўленьня чалавека як такога роля галюцынагенаў даволі паважная. Але ў нашай сёньняшняй размове мы паспрабуем агледзець этнакультурны аспэкт самой зьявы спажываньня наркотыкаў на беларускіх землях і перадусім у асяродзьдзі простых людзей. Але напачатку акрэсьлім уласна культуралягічны статус самой традыцыі карыстаньня галюцынагенамі”.

(Валодзіна: ) “Наркатычная галюцынацыя для архаічнай сьвядомасьці рэальная, як і любая іншая зьява. Іншая справа — кантэксты яе прымяненьня. Спачатку спажываньне наркотыка ўваходзіла ў магічную тэхніку трансу і папярэднічала ўласна чарадзейскім, шаманскім абрадам. І менавіта магічнымі былі напачатку звычаі, зьвязаныя з наркотыкамі ва ўсім сьвеце. Шаманская мэтодыка ўваходжаньня ў стан зьмененай сьвядомасьці праз музыку, сьпевы і рухі цела зьявілася пазьней — і ў разьвітых формах шаманізму паступова выцесьніла наркатычны транс”.

(Ракіцкі: ) “Усё гэта даволі экзатычна. А які досьвед маюць славяне і ўласна беларусы?”

(Валодзіна: ) “Дакладнага дасьледаваньня, прысьвечанага гэтай праблематыцы, пакуль мы ня маем. Можна, аднак, згадваць сьведчаньні пра язычніцкія трызны, аргіястычныя сьвяткаваньні з танцамі, якія, хутчэй за ўсё, уключалі спажываньне галюцынагенаў. Важныя і зьвесткі этнаграфіі, фальклёру і нават мовы”.

(Ракіцкі: ) “Што ж выступала як такое зельле? Наўрад ці можна казаць пра прывезеныя зёлкі…”

(Валодзіна: ) “Сапраўды, пра прывезеныя — не, але тое, што гэта былі якраз зёлкі — дакладна. І грыбы таксама. Праўда, беларусам быў невядомы культ мухамора, як асобным народам Поўначы ці Сібіры. Чукчы мухамор нават пэрсаніфікавалі і ўяўлялі як духа, падобнага да сапраўднага грыба — бяз шыі і ног, зь вялікай галавой. Там гэта магло тлумачыцца і абмежаванасьцю расьлінных рэсурсаў. У абласьцях жа з больш багатай флёрай, дзе больш шырокі асартымэнт расьлінаў, што ўтрымліваюць псыхатропныя і галюцынагенныя рэчывы, расьлінныя наркотыкі прымяняліся нашмат часьцей. Ва ўсходніх славянаў гэта асобныя атрутныя расьліны, мак і каноплі”.

(Ракіцкі: ) “Нават сама пастаноўка пытаньня аб наркотыках ужо нясе нэгатыў, кантэкст забароненасьці, прыгнечанасьці. Між тым, згадваньне маку і тых жа канапель выклікае зусім іншы асацыятыўны шэраг. Прынамсі, на фальклёрным роўні сьвядомасьці”.

(Валодзіна: ) “І гэта цалкам заканамерна. Расьліны гэтыя ў народнай культуры не ўспрымаліся толькі як “зельле”, але мелі выразны сакральны статус. Прыкладам, культурныя функцыі маку шырока асэнсаваны ў мітапаэтычных уяўленьнях беларусаў, дзе ён карэлюе ня толькі са сном, сьмерцю, хуткабежнасьцю жыцьця, але і з агнём і вадой, мае непасрэднае дачыненьне да іншасьвету і яго насельнікаў. Пра сакральную вызначанасьць маку гаворыць асьвячэньне гэтай расліны на сьвята старазапаветных пакутнікаў Макавеяў. Разам з тым былі шырока вядомыя снатворныя і галюцынагенныя ўласьцівасьці маку. Прыкладам, макавы адвар давалі малым дзецям, якія дрэнна спалі, што нярэдка прыводзіла да сумных вынікаў.

"Кажуць, што злодзей перад тым, як палезьці ў хату, сее вакол тае сялібы мак, каб усыпіць тых, хто жыве ў доме. А яшчэ кажуць, што сама ведзьма сее для д’ябла многа маку. І ўсё праз тое, што калі хворы памірае, д’ябал сядзіць на парозе, а анёл — каля ложка. У хвіліну кананьня д’ябал кідае на анёла жменю таго ведзьмінага маку. Анёл засынае, а д’ябал хапае душу. У той жа час падступная ведзьма дае шмат маку самому д’яблу. Гэта тады, калі ён сядзіць унутры чалавека і п’е яго кроў, разрывае вантробы. Чорт пачынае есьці мак — ну і выходзіць з чалавека”.

(Ракіцкі: ) “Найперш паказваюць такія паданьні на блізкасьць маку і сьвету чарадзейнага, нячыстага, чартоўскага. Наколькі гэта справядліва, апраўдана?”

(Валодзіна: ) “Цалкам заканамерна, бо менавіта чорту прыпісвалася вынаходніцтва і гарэлкі, і тытуню, і больш моцнага зельля. Ды яно і само раўнавалася да “нячыстых” праяваў, бо гэтаксама, як і чорт, пераносіла чалавека з аднае рэальнасьці ў іншую. Варта толькі агаварыцца, што карыстаньне такімі прэпаратамі ў нашай традыцыі было калісь правам ня кожнага. Як і пры шаманізьме, на той сьвет лятаць давяралася перадусім абраным асобам. Папросту — ведзьмам.

"Праз свае каханкі з чортам навучылася ведзьма ад яго чарадзейству, даведалася пра таямнічыя ўласьцівасьці некаторых траваў і каранёў. Дадаючы да гэтых зёлак лісінае сэрца і каціную пячонку, прамаўляючы вядомыя ёй закляцьці, яна выварвае зь іх чароўную вадкасьць, якая мае ўласьцівасьць надаваць ёй невыказную прыгажосьць. Як ведзьме прыйдзе нейкая пара, то яна сядзе на качаргу, пашмаруе нечым пад пахамі і паляціць праз комін на нейкую Лысую гару. Акурат для таго ж ведзьмы зьбіралі ў дзень сьвятога Яна цьвет з жыта, варылі зь яго кашку і елі…”

(Ракіцкі: ) “А калі паспрабаваць да гэтых яскравых народных аповедаў падысьці больш дапытліва і падумаць, якая гэта кашка з жыта, зь цьвету жыта, дазваляла ведзьме паляцець?”

(Валодзіна: ) “На жаль ці на шчасьце, няма як цяпер узнавіць такія вядзьмарскія рэцэпты. Дакладна ж вядома толькі тое, што з рознымі мэтамі карысталіся такім моцным галюцынагенам, як жытняя спарыньня, ці як яе звалі ў народзе, — чорныя рожкі. У дакумэнтах фіксуюцца нават масавыя атручваньні гэтым зельлем, калі яно выпадкова ці наўмысна трапляла ў жытнюю муку. Калі ж гэтыя рожкі гатаваліся адмыслова, чалавек напраўду ўпадаў у транс і як бы выпраўляўся ў сваё падарожжа. Хай сабе і на Лысую гару”.

(Ракіцкі: ) “А каноплі? Некалі, як і мак, яны расьлі ці не на кожным сялянскім падворку. Што яны — таксама пераносілі на той сьвет?”

(Валодзіна: ) “Каноплі насамрэч выпраўлялі ў сваё падарожжа. Яны вырошчвалiся і шырока прымяняліся практычна ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Казалі: “У каго канапелькi, у таго двайныя капейкi”. Але ўсё ж цiкава прыгадаць тое, што ў старажытных народаў каноплі культываваліся найперш у знакавых, сымбалiчных мэтах, а іх утылiтарнае выкарыстаньне пачалося значна пазьней, калі сталі відавочнымі іх тэкстыльныя якасьці. А беларускія сяляне, акрамя вырабу з каноплі тканіны, з задавальненьнем елі канапляныя камы, бульбу з канапляным маслам. Куцьця з канапелькамі ўваходзіла ў шэрагу раёнаў у набор абавязковых калядных страваў”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, ці сустракаюцца простыя апісаньні спажываньня канапель ці якой іншай расьліны ў непрамых гаспадарчых мэтах?”

(Валодзіна: ) “Відаць, тут можна было б прыгадаць падкурваньне рознымі расьлінамі. Наагул, сьцьвярджаецца, што нашы продкі былі многа больш адчувальнымі да пахаў, чымсьці мы ў загазаваных гарадах. А менавіта праз пах адбываецца моцнае ўзьдзеяньне на работу асобных участкаў мозгу. Дарэчы, прыблізна тыя ж мэханізмы ляжаць у аснове шматлікіх царкоўных рытуалаў або містычных практыкаў. Прыгадаем хаця б кадзільні ды ладан”.

(Ракіцкі: ) “Чым жа і для чаго падкурваліся беларускія сяляне?”

(Валодзіна: ) “Найперш востра пахнучымі расьлінамі. Верылі, што іх пах прагоніць розную нечысьць. Гэтаксама калючымі травамі, асабліва чартапалохам. “Калі дзіця схопліваецца ў сьне, на целку мае сінія жылкі і трыбушок надуты, то ўжо гэта, пэўне, пярэпалахі мае: так найлепш яго падкурыць сьвечаным пералётнікам і чартапалохам”, — так запісаў А.Сержпутоўскі. Для падкурваньня сушаныя травы кідалі на разагрэтую патэльню. Дым узьдзейнічаў на псыхіку, ствараў спрыяльную атмасфэру для мэнтальнага кантактаваньня зь іншымі вымярэньнямі. Словам, адбывалася свайго роду галюцынагенная інгаляцыя”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі паўплывала такое мэдыятыўнае разуменьне гэтых расьлінаў на іх абрадавыя функцыі? Відаць, не афішавалася прама “падарожжа ў засьветы”?”

(Валодзіна: ) “Але ж як падарожжа ў засьветы можа быць прачытаная і варажба. А варажылі з макам ды канаплёю асабліва ахвотна. Дзяўчаты на Каляды, сеючы мак вакол калодзежа, прасілі ў маку расказаць праўду пра суджанага. А на Купальле дзяўчына ў начной сарочцы тройчы абабягала вакол калодзежа і раскідвала мак, потым ішла ў дом і моўчкі клалася спаць, каб сасьніць жаніха. “Сеяньнем” канапель дзяўчаты гадалi пра жанiхоў у дзень сьвятога Андрэя. Для гэтага абсыпалi калодзеж канапляным семем i казалi: “На сьвятога Андрэя/Канапельку сею./Дай, Божа, знацi,/З кiм век векавацi”.

(Ракіцкі: ) “Усе разгляданыя сёньня кантэксты выглядаюць на тым жыцьцёвым наркатычным тле проста добрай дзіцячай казкай. Але так было. Неабходнасьць трансу абумоўлівалася абрадавай сытуацыяй і жорстка кантралявалася соцыюмам. Разбурэньне рэглямэнтаваных функцыяў вясковай супольнасьці, прага да нерэгуляванай аўтаномнасьці індывіда, зьмяненьне маральных імпэратываў прывяло да некантраляванай прывязанасьці да наркотыкаў. Можа быць, дакладнае вывучэньне гісторыі іх пашырэньня дапамагло б знайсьці тую выратавальную трэску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG