Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія ўлады выкарыстоўваюць замежных палітыкаў і экспэртаў у тэлевізійнай агіткампаніі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 22 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: тэлежурналіст Леанід Міндлін і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Валер Карбалевіч: ) “Амаль ва ўсіх агітацыйных перадачах беларускіх тэлеканалаў удзельнічаюць прадстаўнікі іншых краінаў, якія з захапленьнем апавядаюць, якую добрую палітыку праводзіць Аляксандар Лукашэнка. Нават зьнялі адмысловы шматсэрыйны фільм “Беларусь. Погляд звонку”, які цяпер паўтараюць па тэлеканалах. Часьцей гэта расейскія грамадзкія дзеячы, але шмат выступаюць і грамадзяне іншых суседніх краінаў. Які сэнс такога зьвяртаньня да замежнікаў, якія павінны пацьвердзіць правільнасьць палітычнага курсу дзейнай улады? Не хапае сваіх агітатараў? Ці замежныя палітыкі і экспэрты больш аўтарытэтныя?”

(Леанід Міндлін: ) “Найперш, гэта ня ёсьць ноў-хаў. Памятаю, як яшчэ ў 1995 годзе па тэлевізіі выступаў як саюзьнік беларускай улады расейскі пісьменьнік Праханаў, іншыя расейскія літаратары. Тады беларускі прэзыдэнт быў названы “бацькам славянаў”. Магчыма, як кажуць, у сваёй айчыне няма прарока, таму іх шукаюць у чужых краінах. Тут ёсьць рэцыдыў савецкага часу. Нагадаю, што ў 1930-я гады славуты пісьменьнік Ліён Фэйхтвангер прыяжджаў у СССР і напісаў кнігу, у якой хваліў Сталіна. Вось і цяпер знаходзяць замежных асобаў, якія кажуць, што ў Беларусі адбываецца нешта вельмі цудоўнае”.

(Уладзімер Падгол: ) “Вось у сёньняшняй газэце “Комсомольская правда в Белоруссии” за 22 лютага параўноўваецца эканамічны стан постсавецкіх краінаў. Па ўзроўні сярэдняга заробку Беларусь знаходзіцца на сёмым месцы. Так разбураецца ўвесь гэты хваласьпеў пра тое, што ў нас стабільнасьць, пра беларускага “бульбянога тыгра”, які кудысьці скокнуў.

Вось таму і спатрэбілася паказваць фільмы, у якіх гэтыя замежнікі хваляць Беларусь. Вось учора вечарам паказвалі, і сёньня раніцой паўтаралі фільм пра Латвію, дзе расейскамоўныя жабракі стогнуць ад цяжкага жыцьця. А насамрэч узровень жыцьця там вышэйшы, чым у Беларусі. У гэтых перадачах выкарыстоўваецца такі мэтад. Бяруць велізарнае інтэрвію, потым крамсаюць яго, выразаюць кавалачкі, робяць мазаіку. І атрымліваецца, што замежнікі ўхваляюць беларускую эканоміку”.

(Карбалевіч: ) “Тыя замежнікі, якія выступаюць па беларускіх тэлеканалах — гэта, як правіла, маргінальныя, адыёзныя палітыкі ў сваіх краінах. Анджэй Лепэр з Польшчы, Натальля Вітрэнка з Украіны, Уладзімер Жырыноўскі з Расеі — гэта людзі з сумнеўнай рэпутацыяй. Таксама і тыя навукоўцы, якіх прадстаўляюць як аўтарытэтных экспэртаў, людзі малавядомыя ў сваіх краінах. Праўда, выключэньне складаюць расейскія дзеячы, сярод якіх шмат вядомых людзей. Ці дае эфэкт гэтае зьвяртаньне да замежнікаў? Ці дапамогуць яны набраць палітычныя балы Лукашэнку?”

(Міндлін: ) “Гэта не дае вельмі вялікага эфэкту. Таму што большасьць людзей зацыкленая на асабістых праблемах. Я гэта бачу па маіх сустрэчах з рознымі людзьмі. Але афіцыйныя прапагандысты зарабляюць свой хлеб. Магчыма, пэўны эфэкт і існуе, калі ствараецца вобраз ворага з нашых суседзяў. Калісьці дэпутат расейскай Дзярждумы Ілюхін паведамляў, што супраць Беларусі рыхтуецца змова ЦРУ. Людзі кшталту Ілюхіна і маюць тут эфір”.

(Падгол: ) “Я таксама лічу, што ад усяго гэтага эфэкт невялікі. Вось я гляджу на праграму тэлеперадачаў на сямі каналах. А ёсьць жа яшчэ і кабэльнае тэлебачаньне шмат у якіх кватэрах. Вось а 22-й гадзіне ідзе тэлесэрыял “Пятнаццаць” пра жудаснае жыцьцё ў постсавецкіх рэспубліках. У гэтых час на РТР Казіятка дублюе палітычную праграму. Але па НТВ ідзе ў гэты час француская камэдыя. Па іншых каналах спартовыя перадачы, Алімпіяда. Ды не глядзіць чалавек гэтых перадачаў. Ён глядзіць забаўляльныя.

Але калі ён клацнуў пераключальнікам і на нейкі момант там зьявіўся нейкі палітоляг — ён улавіў адзіны ягоны сказ, што ў замежжы дрэнна, а тут добра. Чалавек пайшоў пераключаць далей. Але вось гэтая стрэмка ў мазгах, можа, і засела. Іншая справа, то тыя тэлесэрыялы, якія паўтараюць раніцай, пэнсіянэры паглядзяць. Але гэта вэрбуюцца ня новыя прыхільнікі ў каманду адданых Лукашэнку, а толькі падмацоўваецца сьвядомасьць, пераконваюцца сталыя ягоныя прыхільнікаў у правільнасьці выбару ідала-ідэала”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што цяпер, напярэдадні выбараў, вечарам шчыльнасьць агітацыйных праграмаў па ўсіх каналах такая вялікая, што знайсьці канал, дзе можна было б глядзець нешта іншае, даволі цяжка. Асабліва гэта тычыцца правінцыі, дзе каналаў ня вельмі шмат. Яшчэ адно пытаньне. Ці не падаецца вам, што ў гэтай апэляцыі да замежных дзеячаў бачыцца праява пэўнага комплексу непаўнавартаснасьці, спробы абвергнуць тэзу аб міжнароднай ізаляцыі Беларусі, адыёзнай міжнароднай рэпутацыі ейнага кіраўніцтва, праява пэўнай правінцыйнасьці беларускай кіроўнай эліты, якая па-ранейшаму лічыць вялікім аўтарытэтам любога заштатнага расейскага, украінскага ці польскага палітыка?”

(Міндлін: ) “Я згодзен з гэтым. Але гэта вельмі тыповая рыса аўтарытарных і таталітарных рэжымаў. Ім патрэбная замежная падтрымка. У былым Кітаі ці Паўночнай Карэі таксама часты спасылаліся на такія аўтарытэты. У перадачах кітайскага радыё на расейскай мове нейкі там студэнт зь Ленінграду, банкір зь Нью-Ёрку добра адгукаліся пра Кітай і Мао Дзэ-дуна. Цяпер нешта падобнае, хоць і не ў такой фарсавай форме, адбываецца ў Беларусі. Можна згадаць той скандал з інтэрвію пісьменьніка, выдаўца расейскамоўнай газэты ў ЗША Аркадзія Мара.

Скандальным таксама атрымалася інтэрвію зь Лехам Валэнсам. Чалавек вядомы, аўтарытэтны. Але што зрабілі. Запісалі 30—40 хвілін, а потым паказалі сюжэт на 30—40 сэкунд, які абсалютна выпадае з кантэксту ўсяго інтэрвію. Магчыма, тое ж адбываецца зь іншымі выступоўцамі ў гэтых перадачах”.

(Падгол: ) “Так, выкарыстаньне ўладамі замежных аўтарытэтаў — гэта з адчуваньня сваёй слабасьці, правалу ўласнай прапаганды. Бо калі б усё было цудоўна, то навошта былі б гэтыя агітатары. Таму даводзіцца імітаваць. Хацеў бы зьвярнуць увагу на іншы бок. У беларускай прапагандзе замацоўваецца традыцыя стварэньня такога псыхалягічна-палітычнага люстэрка вакол Беларусі. Але празь нейкі момант, калі будзе наладжаны інфармацыйны прарыў, нашы людзі ўбачаць, што яны жабракі. Напрыклад, ва Ўкраіне ўказам прэзыдэнта Юшчанкі жанчына, якая нарадзіла дзіця, атрымлівае ад дзяржавы 1800 даляраў. Пакуль пра гэта ведае невялікае кола беларусаў. А вось калі інфармацыйная блякада прарвецца, тады адбудзецца рэвалюцыя сьвядомасьці”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, цалкам зразумелае актыўнае выкарыстаньне ўладамі замежных палітыкаў і экспэртаў дзеля ўмацаваньня ўласнага аўтарытэту, паляпшэньня іміджу. Але, падаецца, у гэтай апэляцыі да дзеячаў звонку бачыцца праява слабасьці, пэўнага комплексу беларускай кіроўнай эліты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG