Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маніторынг: у дзяржаўных СМІ дамінуе імя толькі аднаго кандыдата


Радыё Свабода Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) працягвае вывучаць, як у дзяржаўных і недзяржаўных мэдыях рэпрэзэнтуюць кандыдатаў на прэзыдэнта. Сёньня былі апублікаваныя вынікі трэцяга з пачатку перадвыбарчай кампаніі дасьледаваньня.

У дзяржаўных электронных і друкаваных мэдыях сярод кандыдатаў на прэзыдэнта па-ранейшаму значна дамінуе Аляксандар Лукашэнка. Сытуацыя не зьмянілася і пасьля рэгістрацыі кандыдатамі разам зь дзеючым кіраўніком дзяржавы таксама Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і Сяргея Гайдукевіча.

Недзяржаўныя мэдыі аддаюць усім кандыдатам прыкладна роўную увагу.

Гэта ёсьць галоўнай высновай маніторынгу дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх мэдыяў, які правяла адмысловая служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Вывучэньне ахапіла пэрыяд з 11 па 21 лютага. Нагадаю, гэта ўжо трэці маніторынг БАЖ''у за час выбарчай кампаніі. Кіраўнік службы маніторынгу БАЖ''у дасьледчык Алесь Анціпенка ў якасьці прыкладу прывёў дакладныя лічбы. Паводле яго, праграма канала ОНТ “Наши новости” за дасьледаваны час прысьвяціла Аляксандру Лукашэнку 60% эфірнага часу, а Аляксандру Мілінкевічу, Аляксандру Казуліну і Сяргею Гайдукевічу адпаведна 2,3%, 1,8% і 1,2%. Прыкладна такі ж падзел увагі да кандыдатаў і ў праграме навінаў “Панарама” першага канала беларускага тэлебачаньня. Алесь Анціпенка адзначае адрозьненьні ў стаўленьні да кандыдатаў ня толькі колькасныя, але і якасныя.

(Анціпенка: ) “Спадар Лукашэнка ў дзяржаўных мэдыях рэпрэзэнтуецца станоўча альбо вельмі станоўча, што да астатніх кандыдатаў, становішча наступнае. Спадар Мілінкевіч падаецца адмоўна альбо нэўтральна, тое самае адносна спадара Казуліна. Што да спадара Гайдукевіча, то пра яго, як і пра двух папярэдніх, згадваюць рэдка, але звычайна нэўтральна”.

Дасьледаваньні дзяржаўных газэт не зьмяніла высноваў, сьцьвярджае Алесь Анціпенка. Паводле дадзеных маніторынгу, вядучыя дзяржаўныя газэты “Советская Белоруссия” і “Звязда” сярод матэрыялаў перадвыбарчай тэматыкі аддаюць Аляксандру Лукашэнку болей за 60 % плошчаў.

Для параўнаньня : Аляксандру Мілінкевічу ў той жа час было прысьвечана 0,06 % плошчаў, астатнім кандыдатам яшчэ меней.

Што да недзяржаўных газэтаў, то пра дысбалянс ўвагі да кандыдатаў з большага казаць не даводзіцца. Прыкладам, “Комсомольская правда в Белоруссии” Сяргею Гайдукевічу прысьвяціла 24% выбарчых плошчаў, Аляксандру Лукашэнку – 18%, Аляксандру Мілінкевічу – 13%.

Як ў дзяржаўных мэдыях тлумачаць тое, што там відавочна аддаецца перавага аднаму кандыдату?

Супрацоўніца прэсавай службы Белтэлерадыёкампаніі Іна Альшэўская адмовілася даваць камэнтар на гэтую тэму, спаслаўшыся на забарону начальства.

Калі я з такім жа пытаньнем зьвярнуўся да галоўнага рэдактара газэты “Звязда” Ўладзіміра Наркевіча, то пачуў такі адказ:

(Наркевіч: ) “Прабачце, ў мяне нумар здаецца. Таму прабачце, калі ласка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG