Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Партнэрства” застаюцца ў ізалятары КДБ


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка застаюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх затрымалі 21 лютага. У кватэрах зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Апазыцыянэраў падазраюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Два дні іх дапытвалі, а сёньня сьледчыя паведамілі адвакатам, што іх падабаронных на допыт выклікаць ня будуць.

Адвакатку Веру Страмкоўскую не пусьцілі да яе падабаронных Эніры Браніцкай і Міколы Астрэйкі. Паводле спадарыні Страмкоўскай, сьледчы паведаміў, што яна будзе абаронцай толькі Аляксандра Шалайкі. Пры гэтым сьледчы спаслаўся на тое, што ў затрыманых супярэчлівыя паказаньні — у такіх выпадках адвакатка не можа абараняць інтарэсы адразу трох затрыманых. Спадарыня Страмкоўская лічыць, што падставаў для яе адхіленьня няма. Яна падала скаргу на імя генэральнага пракурора і старшыні КДБ.

(Страмкоўская: ) “Афіцыйна мне не прад’явілі ніякай пастановы аб тым, што не дапускаюць да вядзеньня справы. Мне таксама не даюць магчымасьці сустрэцца са сваімі падабароннымі. У мяне нямі рэальнай магчымасьці абскардзіць гэтыя дзеяньні, бо я ня ведаю, зь якіх прычынаў узьнікла пастанова. Я прысутнічала на допытах маіх падабаронных і ніякіх супярэчнасьцяў не выказвала ў іх інтарэсах”.

Сваякі затрыманых заключылі дамовы з адвакатамі.

Для Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайкі сёньня скончыцца тэрмін, дазволены законам, каб трымаць іх без прад’яўленьня абвінавачаньня. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьледчыя могуць падоўжыць гэты тэрмін да дзесяці сутак. Але адвакаты спадзяюцца, што іх падабаронных выпусьцяць на волю. Сваякам сьледчыя не даюць ніякай інфармацыі. Гаворыць Яўгенія Астрэйка, маці Міколы Астрэйкі:

(Астрэйка: ) “Мы нічога ня ведаем. Дзе яны? Як яны?.. Калі ўлада вырашыла іх пакінуць у ізалятары, то, мне здаецца, маглі б сказаць нам. У майго сына цяжарная жонка, у Дранчука таксама. У Сашы Шалайкі маленькі хлопчык, вельмі хворы хлопчык. Адвакат не быў дапушчаны да майго сына і да Эніры. Мы вельмі хвалюемся”.

Сьледчы менскай пракуратуры ў асабліва важных справах Зьміцер Шкарбута, які вядзе гэтую справу, паведаміў Радыё Свабода, што пакуль ня можа даць ніякай інфармацыі.

Калі справу перададуць у пракуратуру і абяруць мерай стрыманьня арышт, то апазыцынэраў перавядуць на Валадарку. Гэтае пытаньне мусіць быць вырашана не пазьней за восьмую вечара.
XS
SM
MD
LG