Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы: незалежнае назіраньне за выбарамі можа быць сарванае


Радыё Свабода Пасьля таго, як КДБ затрымаў моладзевых лідэраў зь незарэгістраванай ініцыятывы “Партнэрства” — незалежнае грамадзкае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта Беларусі апынулася пад пагрозай. Многія беларускія праваабаронцы лічаць, што затрымаўшы Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку і Цімоха Дранчука, улады могуць сарваць назіраньне.

Як незарэгістраваная грамадзкая ініцыятыва, “Партнэрства” пачало сваю дзейнасьць увосень 2002 году. Заснавальнікі ставілі за мэту стварыць непалітычную ініцыятыву, якая б дапамагала людзям вырашаць розныя сацыяльна-бытавыя, грамадзкія праблемы, а таксама арганізоўвала незалежнае, непартыйнае назіраньне за выбарамі. Гаворыць былая актывістка “Партнэрства” Міхаліна Хатэнка:

(Хатэнка: ) “Калі арганізацыя стваралася, то ніякіх праблемаў з тым, што мы зьвязаныя з палітыкай, не ўзьнікала. Таму што незалежнае назіраньне — гэта найперш не палітыка, а выяўленьне грамадзкай пазыцыі людзей, якія хочуць ведаць, як праходзяць выбары. Яны проста назіраюць за выбарамі і канстатуюць тое, што адбываецца. Калі выбары ў краіне праходзяць дэмакратычна і празрыста, ніякай небясьпекі для дзяржавы не ўзьнікае”.

Прадстаўнікі “Парнтнэрства” назіралі за парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам у Беларусі, а таксама за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. За гэтую дзейнасьць улады ня раз перасьледавалі актывістаў ініцыятывы. Моладзевая актывістка Міхаліна Хатэнка працягвае:

(Хатэнка: ) “Калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў затрымалі кіраўнікоў, я лічу, што гэта проста ціск на незалежнае назіраньне. Тое, што іх затрымалі, дакладна азначае, што выбары пройдуць не дэмакратычна і не празрыста. Калі затрымліваюць лідэра незалежнага назіраньня, гэта проста азначае, што “Партнэрства” ёсьць косткай у горле сёньняшняй дзяржавы”.

Міхаліна Хатэнка лічыць, што калі Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка і Цімох Дранчук застануцца ў зьняволеньні, то незалежнага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, хутчэй за ўсё, ня будзе. Зь ёю згодны і праваабаронца Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Незалежнае назіраньне пад вялікім пытаньнем, бо грамадзкія актывісты, якія мелі дачыненьне да незалежнага назіраньня, былі затрыманыя. Улады вырашылі зарубіць гэтую ініцыятыву і такім чынам дэзарганізаваць усю сетку незалежнага назіраньня ў Беларусі”.

Хаця “Партнэрства” і незарэгістраванае аб’яднаньне, менавіта яно рыхтавала адмысловыя сэмінары для валянтэраў, якія потым рэгістраваліся назіральнікамі ад іншых арганізацыяў, але інфармацыю аб парушэньні выбарчага заканадаўства перадавалі кіраўніцтву ініцыятывы. Цяпер, калі лідэры “Партнэрства” ў зьняволеньні, арганізаваць назіраньне будзе значна цяжэй. Падчас гэтай выбарчай кампаніі ў назіраньні за галасаваньнем будуць удзельнічаць таксама назіральнікі з камандаў кандыдатаў і замежныя назіральнікі.
XS
SM
MD
LG