Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч езьдзіць па рэгіёнах, астатнія – адпачываюць


Радыё Свабода У Беларусі працягваецца прэзыдэнцкая агітацыйная кампанія. Кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Лукашэнка ня ладзілі сёньня значных агітацыйных акцыяў. Аляксандар Мілінкевіч працягвае езьдзіць па рэгіёнах.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што сёньня меў сустрэчы на Віцебшчыне. Аднак ніхто зь сябраў штабу не падаў ніякіх падрабязнасьцяў. Сакратарка спадара Гайдукевіча патлумачыла:

(Сакратарка: ) “На выезьдзе Сяргей Васільевіч. Графіку ў мяне няма, але я мяркую, у Віцебскай вобласьці. Я мяркую, я ня ўпэўнена. Карунас паехаў у друкарню па агітацыйныя матэрыялы. Усе ў горадзе цяпер. Хішчанка таксама цяпер у горадзе, там жа перадвыбарчую праграму трэба разьмяшчаць у газэтах”.

Сябра штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк мяркуе, што кандыдату ня варта сустракацца зь невялікім колам людзей.

(Нісьцюк: ) “Цяпер плянуюцца паездкі і сустрэчы з выбарцамі, дзе будуць зьбіраць вялікую колькасьць выбарцаў. Любую паездку ў рэгіён трэба дэталёва рыхтаваць. Мерапрыемства павінна быць знакавым. Нават залі, можа, не заўсёды трэба выкарыстоўваць. Для гэтага ёсьць плошчы, стадыёны. Мы будзем намагацца, каб гэта былі сустрэчы на ўзроўні мітынгаў”.

БСДП “Грамада”, лідэрам якой зьяўляецца спадар Казулін, зьбіраецца правесьці заўтра нечарговы зьезд. Заяўкі на памяшканьне штаб падаў у дванаццаць пунктаў у Менску, у тым ліку ў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

(Нісьцюк: ) “І ўсе далі нам адкат. Ніхто не дае памяшканьня”.

Паводле прэс-сакратара штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя Косьціна, сустракацца з выбарцамі мяркуюць давераныя асобы кандыдата, і сёньня такая сустрэча плянавалася ў Горадні кіраўніком Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанкам. А графікі самога кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, як паведамілі, удакладняюцца.

(Косьцін: ) “Я думаю, што ён у гэты пэрыяд знойдзе час, каб сустрэцца з выбарцамі і растлумачыць свае пазыцыі ў канцэптуальных пытаньнях. Пакуль што ня ўзгоднена канчаткова”.

Толькі ў штабе Аляксандра Мілінкевіча маюць пэўны графік сустрэчаў кандыдата з выбарцамі, ужо вызначаныя час і месца іх правядзеньня. Да прыкладу, у Менску 26 лютага спадар Мілінкевіч будзе ў гарнізонным Доме афіцэраў вайсковага гарадка “Ўручча”. Кіраўніца гарадзкога штабу Валянціна Палевікова кажа, што гэта самае вялікае з выдзеленых уладамі памяшканьняў для агітацыйных сустрэчаў.

(Палевікова: ) “Тыя пункты, якія вызначаны для сустрэчаў з выбарцамі — гэта зьдзек з выбарцаў. Яны знаходзяцца бліжэй да менскага кальца, недзе бліжэй да лесу, на ўскрайку. Залі — гэта ў асноўным школы, і яны маленькія. Агітаваць нам і выступаць, сустракацца з выбарцамі можна толькі ў тых месцах, якія амаль за рысай гораду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG