Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"МФ Днэс": "Між Чэхіяй і Беларусьсю пачалася дыпляматычная вайна"


Радыё Свабода Найбуйнейшая чэская газэта "МФ Днэс" сёньня закранае тэму беларуска-чэскага дыпляматычнага скандалу ў матэрыяле пад назвай "Беларускія агенты пагражалі чэхам".

Як паведаміў газэце кіраўнік чэскай дыпляматычнай місіі ў Менску Уладзімір Румл, у чацьвер беларускія агенты – паводле Румла, прадстаўнікі спэцслужбаў альбо фармаваньняў, падпарадкаваных наўпрост Лукашэнку – паспрабавалі спыніць машыну чэскай амбасады. Беларускаму кіроўцы пагражалі двума гадамі турмы за "падрыўную дзейнасьць". Машына везла на нямецкае пасольства брашуры з дакладам ААН аб становішчы правоў чалавека ў Беларусі.

"Гэта скандальнае і грубае парушэньне дыпляматычнага імунітэту, мы будзем востра пратэставаць", сказаў газэце міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада. Чэскія дыпляматы лічаць спробу спыніць машыну надзвычайна сур''ёзным інцыдэнтам і чакаюць, што канфлікт будзе працягвацца і можа дайсьці да ўзаемнага выдаленьня дыпляматаў.

"Мы не дазволім сябе запалохаць і будзем далей распаўсюджваць брашуру, якая зьяўляецца афіцыйным дакумэнтам ААН", сказаў у чацьвер міністар Свобада. "Спадзяюся, што нашы калегі зь іншых краінаў Эўразьвязу далучацца да нас".
XS
SM
MD
LG