Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: “Нельга сядзець склаўшы рукі ды чакаць, пакуль рэжым лясьнецца сам!” (фота)


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У “горад сонца і маладосьці”, як называлі Сьветлагорск у савецкі час, я прыехаў акурат падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Уладзімер Кукар, намесьнік старшыні Сьветлагорскай выбарчай камісіі, без ваганьняў пагадзіўся на інтэрвію “Свабодзе” і ўсяляк, здавалася, выпраменьваў аптымізм.

(Кукар: ) “Мяжы парушэньняў на тэрыторыі раёну не дасягнулі, усе подпісы ўлічаныя і прызнаныя сапраўднымі”.

Паводле афіцыйных зьвестак, сорак сяброў ініцыятыўнай групы дзейнага прэзыдэнта сабралі за яго 15 з паловай тысяч подпісаў. Ніводнага не было пададзена за Аляксандра Казуліна. Два чалавекі прынесьлі каля чатырох дзясяткаў галасоў за Сяргея Гайдукевіча, яшчэ адзін — два дзясяткі за Зянона Пазьняка. За Аляксандра Мілінкевіча — за 2200 падпісантаў. Аднак у штабе кандыдата аб’яднанай апазыцыі ацэнкі вынікаў кампаніі істотна розьняцца ад афіцыйных. Сьведчыць сябра Партыі БНФ Вадзім Болбас:

(Болбас: ) “На Сьветлагорскай ЦЭЦ дырэктар сабраў нараду кіраўнікоў цэхаў і аддзелаў ды абавязаў у падпісны пункт у клюбе энэргетыкаў пайсьці найперш самім і прывесьці сваіх падначаленых. Рабілася ў працоўны час — і даходзіла да таго, што ствараліся чэргі. Такім чынам зьбіраліся подпісы за Аляксандра Лукашэнку: калі ты ня хочаш, каб у цябе на працы былі непрыемнасьці, значыць, падпісвайся і памятай, што ў цябе кантракт да такога і такога”.

Сьветлагорская ЦЭЦ — бадай, адзінае рэальна дзейнае прадпрыемства ў больш як 70-тысячным горадзе, дзе заробак працоўных дасягае 300 даляраў. Тым ня менш, 33-гадовая сяброўка ініцыятыўнай групы, маладая маці Натальля П’ямзіна спрабавала ня проста канстатаваць, але і змагацца супраць відавочных парушэньняў. На жаль, малапасьпяхова, кажа Натальля.



(П’ямзіна: ) “Маці маёй аднаклясьніцы казала, што тры разы за Лукашэнку расьпісвалася. Такі ж выпадак быў па вуліцы Дружба-4, у інтэрнаце ЦЭЦ. Там адчынялі мне людзі дзьверы і казалі: мы ўжо некалькі разоў падпісваліся за Лукашэнку. Я прыйшла ў райвыканкам да Кукара, патлумачыла, што хачу напісаць скаргу. Доўга ў мяне выпытвалі, дзе я працую, чаго мне Лукашэнка не падабаецца. Я кажу: пры чым тут Лукашэнка, калі я выкладаю факты парушэньня?! У адказ Кукар патрабаваў, каб я назвала прозьвішчы людзей, якія мне пра гэта расказвалі — я адмовілася. Я сказала — адкажыце мне! Аднак ён сказаў, што яны не міліцыя і такіх справаў правяраць ня будуць. Дык куды зьвяртацца?! Яны прамаўчалі. Кукар сказаў, што ў яго папераў на Мілінкевіча шмат, што давалі даляр за подпіс — проста сьмешна… Бегалі, хваляваліся — плюнула і пайшла. Але калі ішла, шкадавала, што не дапісала, бо калі так хваляваліся, яўна ня ўсё добра”.

Падчас нашай размовы памянёны намесьнік старшыні Сьветлагорскага выбаркаму Кукар факты парушэньняў вымушаны быў прызнаць.

(Кукар: ) “Ёсьць і такія выпадкі, калі выбаршчык падпісаўся за аднаго і таго ж кандыдата некалькі разоў. Былі выпадкі, калі збор подпісаў ажыцьцяўляўся ня сябрамі ініцыятыўных групаў. Такія факты мелі месца і ў Аляксандра Рыгоравіча, і ў Гайдукевіча, што высьветлілі пры наведваньні выбарцаў у хаце”.

У кіраўніцы штабу Аляксандра Мілінкевіча, былой дырэктаркі школы і сяброўкі ПКБ Міхальчанкі, як яна кажа, у часе кампаніі адкрылася “трэцяе палітычнае вока”. Сьвятлана Кандрацьеўна сабрала пяць з паловай соцень подпісаў і зразумела, хто складае патэнцыйны электарат кандыдата, за якога агітуе.

(Міхальчанка: ) “Я спачатку арыентавалася на людзей, якія пражываюць у “маласямейках”, інтэрнатах, дзе малазабясьпечаныя сем’і. Аднак аказалася ўсё наадварот — гэта ня наш электарат, а Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Я зрабіла выснову: чым бядней чалавек жыве, чым больш у яго праблемаў, тым болей за ўладу трымаецца і баіцца згубіць апошняе, што ў яго ёсьць. Я разьвярнулася на 180 градусаў і пайшла ў дамы, дзе жывуць маладыя сем’і, рабочыя, якія маюць працу, якія пры сустрэчы нам казалі: “Вось, нарэшце, прыйшла апазыцыя. Мы так доўга вас чакалі! Няўжо ў беларускага народу толькі адзін чалавек, што можа кіраваць намі?!” І з задавальненьнем ставілі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча і жадалі і пачуць яго, убачыць, пазнаёміцца зь яго праграмай”.

Між іншым, да зьмены палітычных прыхільнасьцяў сьветлагорцаў штурхае, як тут кажуць, безнадзейная эканамічная сытуацыя. Горадаўтваральныя прадпрыемствы “Хімвалакно” ды цэлюлёзна-кардонны камбінат сем гадоў не набіраюць новых рабочых. “Хімвалакно”, два дзесяцігодзьдзі не рэканструяванае, нават перапрафілявалася ды перадала Міністэрству адукацыі сваё ПТВ хімікаў. На картатэцы цяпер нават калісьці прыбытковы падсобны сьвінакомплекс. Афіцыйнае і без таго вялікае 6-адсоткавае беспрацоўе, паводле некаторых ацэнак, рэальна сягае 50—70%. “Схаваным” называе яго сьветлагорац, старшыня Гомельскай абласной суполкі БНФ Віктар Раманішка:



(Раманішка: ) “На прадпрыемствах шмат лішніх людзей. Скарачаць нельга, бо іх няма куды падзець. Што да камбінату, у іх праблема сыравіны — яны працуюць на макулятуры, што раней звозілася з усяго СССР. Сыравіны не хапае, і найчасьцей прастойваюць. Затаранае аж пад дах “Хімвалакно”. Завод перастаў выпускаць спажывецкія тавары. Красамоўны факт: выпускалі спартовыя касьцюмы, якія сёньня каштуюць даражэй, чым прывезеныя з Кітаю. Прычым, кітайскія выглядаюць лепш”.

Радыкалізуецца паціху і пэнсіянэрская грамада. Чалавекам-легендай сьветлагорскія апазыцыянэры называюць Людмілу Міхайлаўну Лупеку, якая была асабіста знаёмая зь Пятром Машэравым. І хоць я ў часе знаёмства зь ёй патрапіў за сьвяточны стол — гаспадыні ў той дзень споўніўся 81 год — Лупека сама загаварыла пра палітыку, ёй баліць! Дарэчы, седзячы ў хаце з-за здароўя, былая намесьніца аддзелу кадраў “Хімвалакна” дзіўным чынам сабрала за тры дзясяткі подпісаў сваіх раўналеткаў за Мілінкевіча. Кажа спадарыня Лупека:



(Лупека: ) “У мяне ціск 214—220, я не магла асабіста хадзіць. І калі даведаліся пэнсіянэры, што я зьбіраю подпісы, дык яны да мяне самі прыйшлі. Яны мяне шкадавалі, каб я па кватэрах не хадзіла!”

(Карэспандэнт: ) “Людміла Міхайлаўна, ваша асабістае знаёмства з Машэравым паўплывала на вашае стаўленьне да Лукашэнкі?”

(Лупека: ) “Я, як даведалася пра перайменаваньне, мяне зло брала — такую подласьць зрабіць чалавеку, які ваяваў за Беларусь, на ногі ставіў! Не, не магу параўнаць Лукашэнку з Машэравым. Ён не шукаў, каб у яго былі ворагі — усе сябры. Вазьміце, ідзе паседжаньне — усе ўтаропіліся, і ніхто нічога не гаворыць. А ў Машэрава ўсе выступалі — і давайце, маўляў, лепшыя прапановы ў жыцьцё! Гэтага няма ў Лукашэнкі. Я гляджу па БТ нараду: “Я ўсіх вас разганю”. Гэта нічога ня варта, гэтага ніколі не было!”

Упершыню я прыехаў у Сьветлагорск два дзесяцігодзьдзі таму. Гэта тады, пасьля першага адкрытага судовага працэсу над трыма маладымі людзьмі, горад назвалі “сталіцай беларускай наркаманіі”. Паэт, Мэдык і Спартсмэн, як я ўмоўна назваў сваіх тагачасных антыгерояў, супрацьпаставілі “інтэлектуальны” кайф, як яны называлі наркотыкі, “бычынаму” — алькаголю. Паэта, які пісаў вершы, не прымаў камуністычную ўладу, пра што разважаў у дзёньніку, сёньня няма жывога. У стане ломкі кінуўся (альбо кінулі) пад цягнік. Сямнаццаць гадоў таму памёр Спартсмэн, былы чэмпіён Эўропы сярод юніёраў па плаваньні. Дзесьці згубіліся сьляды і былога студэнта мэдычнага інстытуту. Праз два дзесяцігодзьдзі я адшукаў у Сьветлагорску роднага брата Паэта — Віктара.

(Віктар: ) “Думаю ўвесь час над гэтым. Гэта нерэалізаваныя магчымасьці. Хлопец быў здольны, душэўны — такі рамантык, ён усё перажываў праз нэрвы. Вакол яго былі людзі, але такія, як і ён — дзіўныя, жылі сваімі ўяўленьнямі пра жыцьцё. Цяпер моладзь больш прагматычная”.

Сёньня ў Сьветлагорску наркаманаў называюць “кончанымі”. Гэтае азначэньне ўжыў у размове і начальнік тутэйшай крымінальнай міліцыі Ўладзімер Русіновіч. Хоць, паводле ягоных словаў, калі яшчэ пяць гадоў таму калоліся сем маладзёнаў зь дзесяці, дык цяпер ня больш за тры. Аднак памяняліся наркатычныя рэчывы, што ўжываюць найчасьцей, кажа спадар Русіновіч:



(Русіновіч: ) “Апошні час замест маку зьявіліся больш цяжкія наркотыкі — гераін, амфэтаміны. Самы галоўны боль у моладзевым асяродзьдзі — цыгарэты з наркарэчывамі, як у народзе кажуць, “траўка”. Адназначна: наркаманаў са стажам, якіх з натоўпу няцяжка пазнаць, можна сказаць, ня лічаць за людзей, бо столькі бедаў прынесьлі родным, іншым людзям. Быў выпадак, калі адзін, пераканаўшыся, што ўсё роўна паміраць, забіў сваю бабулю. Другая лапала малалетак, займалася рабаўніцтвам: я, маўляў, укалю, калі не аддасі завушніц. Шпрыц прыстаўляла і пужала”.

Паўгоду ў Сьветлагорску выдаецца незалежнае выданьне “Рэгіянальныя навіны”, дзе асьвятляюцца самыя надзённыя навіны гарадзкога жыцьця. Кароткі вусны выпуск робіць рэдактар Тэльман Масьлюкоў:



(Масьлюкоў: ) “Вось былі публікацыі на тэму “Тыдзень без ацяпленьня”, калі ў многіх дамах людзі зьмерзьлі. Была публікацыя “Без вады” — у горадзе пэрыядычна на некалькі дзён адключаецца вада з-за буйных аварыяў на газаправодзе. Публікацыя “Зона сьмецьця” — гарадзкія лясы засьмечаныя настолькі, што сьмецьце ляжыць пад нагамі месяцамі”.

Дарэчы, вось сытуацыя, зь якой я сутыкнуўся гадзінай пазьней у гандлёвым цэнтры “Дружба”, што можа стаць падставай для публікацыі ў “Рэгіянальных навінах”. Абурэньне ўбачаным аб’яднала бугальтарку Валянціну Гетманцаву ды пэнсіянэрку Аўдоцьцю Герасімовіч.

(Гетманцава: ) “Прыйшлі ў краму — на прылаўку гнілыя гуркі, купіце танна. Гэтае гнільлё прыгожа выкладзена сярод добрай прадукцыі. У гэтай “Дружбе” пастаянна буракі, памідоры, бананы, бульба, капуста — уцэненае гнільлё! Людзі ня могуць дорага купіць. Яны мусяць яго закопваць і везьці далей ад людзей!”



(Герасімовіч: ) “Муж купіў сардэлькі. Сьлізкія, смуродныя — выкінулі ў сьметніцу. Дзяржаўны гандаль сябе наагул зжыў!”

Большасьць матэрыялаў “Рэгіянальных навінаў”, аднак, на палітычныя тэмы. Ізноў слова Тэльману Масьлюкову:

(Масьлюкоў: ) “Газэта друкавала матэрыялы, калі міліцыя рабіла ператрусы кватэраў, затрыманьні мясцовых грамадзкіх актывістаў, калі на цэнтральнай плошчы 16-га, у Дзень салідарнасьці, ладзілася акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў і журналістаў, дзе, акрамя сьвечак у вокнах, на вуліцы ўзяла ўдзел у асноўным моладзь — 29 чалавек. І пасьля гэтага кіраўніцтва гораду правяло адмысловую нараду з дырэктарамі ўсіх навучальных установаў, дзе выступаў прадстаўнік КДБ. А затым шукалі ўсіх, хто браў удзел, каб правесьці зь імі “выхаваўчую” гутарку. А ў адной са школаў навучэнка, што была разам з маці, была на мяжы выключэньня, таму што дырэктарка ў катэгарычнай форме запатрабавала, каб дзесяціклясьніца забрала свае дакумэнты. Удалося яе адстаяць”.

У Сьветлагорску да 40% моладзі — і гэта палітычна актывізуе горад. Тут ніколі не было помніка Леніну. Затое адбыўся першы сход у краіне дзеля вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Калі я ад’яжджаў, рэдактар Тэльман Масьлюкоў рыхтаваў ужо адмысловы выпуск сваіх “Рэгіянальных навінаў”. Вось пра што ён зьбіраўся пісаць:

(Масьлюкоў: ) “Я лічу, што раней ці пазьней любы таталітарны рэжым зьнікае. У Эўропе пасьляваеннай гэта Грэцыя, Партугалія, Гішпанія. Тое самае адбудзецца і зь беларускім рэжымам. Вядома, нельга сядзець склаўшы рукі і чакаць, калі ён лясьнецца сам сабой. У такіх невялікіх гарадах мусяць ладзіцца грамадзкія акцыі, выдавацца газэты, дзейнічаць грамадзкія арганізацыі. Мы ў сваім родным горадзе, у сваім Сьветлагорску робім усё дзеля дэмакратыі й свабоды ў Беларусі, каб перамога была за намі”.
XS
SM
MD
LG