Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Члены камісіяў, ня ўдзельнічайце ў злачынстве перад беларускім народам! Потым гарантыя, што вас будуць судзіць, як ва Ўкраіне"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў - 23 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Жадаю адказаць на вашае пытаньне, што трэба прыватызаваць. Па-першае, каб вызначыцца з гэтым пытаньнем, ня трэба нешта прыдумляць і прыдумваць ровар. Паглядзіце на іншыя краіны Эўропы, Нарвэгію, Швэцыю, Аўстралію ці Канаду, і перайміце іх досьвед. У гэтых краінах няма сталінскіх калгасаў, таму трэба прыватызаваць зямлю. Утрымліваць калгасы – гэта злачынства супраць грамадзтва. Па-другое, прыватызаваць трэба амаль усё: 95 адсоткаў прамысловасьці, усе эканомікі, у тым ліку ўсе сродкі масавай інфармацыі, газэты, тэлебачаньне, часопісы, крамы, тэатры. Прыкладам могуць служыць краіны Захаду, дзе дасягнуты высокі ўзровень жыцьця і доўгая яе працягласьць!

Мне сорамна, што да ліку дэмакратычнай апазыцыі прыпісалі Казуліна, былога рэктара БДУ. Яго зьнялі з адной працы, дык ён вырашаў з дапамогай наіўных і даверлівых сацыял-дэмакратаў здабыць іншую працу – пасаду прэзыдэнта. Такім быў у свой час Лукашэнка, якому людзі даверыліся. Які Казулін дэмакрат? Ён ніколі ня быў ні дэмакратам, ні сацыял-дэмакратам. Паглядзіце, як ён шкодзіць сваёй асобай, сваімі паводзінамі. Ён раскалоў апазыцыю і не жадае падпарадкоўвацца агульным інтарэсам грамадзтва. Гэта будзе другі дыктатар! Няўжо гэта не відавочна? Яго задача – нэйтралізаваць Мілінкевіча і пасьля фальсыфікацыі так званых выбараў стаць альбо віцэ-прэм’ерам ці міністрам адукацыі. Міністра абароны Мальцава спачатку прагналі, а потым міласьціва вярнулі. А чым горш Казулін? І мы ўсе застанемся з носам!”

(Спадар: ) “Мяне непакоіць той факт, калі прэзыдэнт афіцыйна памілаваў Галіну Жураўкову, былую кіраўніцу яго адміністрацыі. Цікава, чаму яе памілавалі, калі яна скрала мільён даляраў? Мусіць, прэзыдэнт ня хоча, каб народ даведаўся аб нейкіх фактах незаконнай дзейнасьці адміністрацыі прэзыдэнта. Нейкія ёсьць тайны і сакрэты ад народу ў прэзыдэнта. Між тым у нас шмат людзей сядзяць у калёніях і турмах за скрадзеныя некалькі мяхоў бульбы ці яшчэ чаго, а тыя, хто кралі мільёны даляраў, яны пазьбягаюць судоў і жывуць шыкоўна. Узяць тую самую Тамару Віньнікаву, якая скрала шмат мільёнаў даляраў, а зараз сядзіць недзе за мяжой, і ні КДБ, ці МВД ня могуць яе арыштаваць ці дамагчыся, каб яе пераправілі ў Беларусь, каб яна тут была асуджаная ў нас і вярнула народу вялікія грошы”.

(Спадар: ) “Расейскія чыноўнікі крыўдзяцца, што заходнія назіральнікі кажуць пра недэмакратычнасьць нашых выбараў. Дык можна было ім сюды і ня ехаць. Прааналізуйце працу, тэматыку, беларускія СМІ за апошнія 12 гадоў, беларускае заканадаўства, асабліва Выбарчы кодэкс, указы Лукашэнкі – і адразу можна адзначыць, што такія ж выбары як у хвалёнага Гітлера, Сталіна. Так, у дзень выбараў усё будзе лагодна, але ж гэта паказальнік як на могілках. І таму няма чаго крыўдзіцца. Мне сорамна за суседнюю краіну, калі яны нічога ня бачаць і ня хочуць бачыць, і на чорнае кажуць белае. А асабліва хацелася б паглядзець у вочы Пуціну, які кажа, што верыць у Бога, калі ён заяўляе, што мы адна нацыя. Ну калі так лічыць, хай возьме “Ксты” Барадуліна і прачытае іх. Дык ён там, мусіць, нічога не зразумее. Сорамна мне за такі падыход расейскіх уладаў”.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць, што нейкі крэтын надрукаваў у газэце карыкатуру! Настройваеце грамадзтва супраць сябе! Галавой трэба думаць сваёй!”

(Спадарыня: ) “Нядаўна глядзелі выступленьне Казуліна па тэлебачаньню. Вельмі падабаўся выступ. Але ёсьць небясьпека, што гэты дэмакрат пойдзе па тым жа шляху, па якім калісьці пайшоў дэмакрат Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Хачу меркаваньне выказаць наконт выступу Казуліна, апанэнта Лукашэнкі. Гэта быў узьюшаны воўк, ні больш ні менш. Я з абурэньнем слухаў яго выступленьне па тэлебачаньню. Куды гэта годна? Такі чалавек, прафэсар называецца! І газэту рваў, і сьліной сваёй гэтай пырскаў, паказалі і дзьверы тыя, калі ён хацеў залезьці, як ён іх тузаў. Бог ты мой! Да што гэта за такі апанэнт у Лукашэнкі! Больш і няма, што сказаць. А вы, вы “Свабода”, вы ж яго трымаеце, бо грошы амэрыканскія атрымоўваеце. Гэта ж вашыя сябры! Яны хочуць абстаноўку ўсю напаліць і яшчэ людзей вывесьці на вуліцу.

І газэта гэтая “Згода”. Каб мусульмане выйшлі і галаву яе рэдактару пабілі! Вось што трэба было зрабіць: злавіць яго ды ў каналізацыйны калодзеж, у г…но кінуць яго! Дрэнна, што толькі мала мусульманаў у Беларусі. А вы яшчэ падтрымліваеце, пра свабоду кажаце. Якая гэта свабода? Свабода ў нас зараз у Беларусі! Улада крэпкая, дысцыпліна ёсьць, праца ёсьць, людзі ад галечы не пакутуюць. А вы каго трымаеце? Басякоў гэтых палітычных! Вось каго вы падтрымліваеце! А яшчэ “Свабода” называецеся! Вы ўсе з адной банды!”

(Спадарыня: ) “Вось і паказалі сябе кандыдаты ў прэзыдэнты. Бачна, што ніякага разуменьня яны ня маюць аб кіраваньні дзяржавай. Трэба ж, Мілінкевіч будзе вяртаць уклады шляхам продажу прадпрыемстваў, мусіць, замежнікам! А гэта значыць, што сваіх беларусаў выганіць на вуліцу. Яшчэ прыйдзецца і нам, беларусам, вярнуць са сваёй кішэні і тыя грошы, якія Мілінкевіч бярэ зараз на сваю кампанію.

А Казулін – тыповы фанфарон. Да таго ж вельмі агрэсіўны і капаецца ў бруднай бялізьне. Такога пусьці ў агарод – усё зьнішчыць”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць вялікую падзяку кандыдату ў прэзыдэнты Казуліну. Гэта можна назваць падзеяй дня, нават году! Ён расплюшчыў нам вочы на тое, што адбываецца ў краіне і што нас можа чакаць, калі будзем далей заставацца такімі, якімі былі да гэтага часу. Вялікі дзякуй яму!

Выступу Мілінкевіча пакуль яшчэ ня чуў. Але гэта варты кандыдат у прэзыдэнты! Дай Бог яму ўсяго найлепшага!”

(Віктар Бутто: ) “Пра выбарчыя камісіі. Гэтыя структуры ўжо больш за 10 год непрацаздольныя і не забясьпечваюць выкананьне сваіх абавязкаў перад выбаршчыкамі, якія могуць беспакарана ажыцьцявіць прыпіскі, не забясьпечваць назіраньне для назіральнікаў і ўчыняць іншыя асабліва цяжкія і небясьпечныя крымінальныя злачынствы. Што выканаўчай уладай і яе прадстаўнікамі не разглядаецца па сутнасьці альбо разглядаецца на вырашэньне тых, хто парушыў гэтыя крымінальныя злачынствы. То бок, што ўлады скажуць, то гэтыя камісіі і робяць, каб і далей атрымліваць дадатковы заробак ці ўзнагароду за зробленае. І па-іншаму яны проста ня могуць”.

(Жэрдзеў: ) “Мне хацелася б выказацца аб выступленьнях Казуліна і Мілінкевіча, якія паказалі, што яны могуць скласьці сур’ёзную канкурэнцыю цяперашняй уладзе. Адразу мне ўзгадаўся лёс мінулых сур’ёзных апанэнтаў, Карпенкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага, Захаранкі. Вельмі не хацелася б, каб гэты сьпіс павялічыўся. Таму заклікаю ўсіх, хто яшчэ не далучыўся да груп падтрымкі Казуліна і Мілінкевіча, далучыцца неадкладна. Ваш лёс і лёс вашых дзяцей і ўнукаў на кароткі пэрыяд, але ў вашых руках.

Зьвяртаюся да Радыё Свабода з просьбай аказаць інфармацыйную падтрымку кандыдатам. Кантактныя адрасы групаў падтрымкі кандыдатаў павінны гучаць у эфіры штодзённа!

Зьвяртаюся да Казуліна і Мілінкевіча. Неадкладна спыніце ўсялякія спрэчкі і зрабіце ўсё для неадкладнага аб’яднаньня сіл падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Магу яшчэ адзначыць, што я ўдзельнік групы падтрымкі Казуліна. Але калі ён быў, я хацеў пабываць на сустрэчах зь Мілінкевічам. Але нашая група не была праінфармавана, калі прыяжджае Мілінкевіч у Гомель, таму я ня змог убачыць і сустрэцца. А што казаць пра тых грамадзян, якія зусім ня маюць адносінаў да дэмакратыі? Група падтрымкі Мілінкевіча ў Гомелі працуе агідна! Я зьвярнуўся да Сякеркі па гэтаму пытаньню, ён з групы камуністаў, крыху пажурыў яго, што яны дрэнна працуюць. Дык ён замест таго, каб уважліва паставіцца да гэтага пытаньня, сказаў, што яму няма калі і паклаў слухаўку, ня стаў далей са мной размаўляць. Вось так паводзяць сябе некаторыя камуністы-калякінцы тут! Я не хачу вінаваціць Калякіна.

Хачу яшчэ раз зьвярнуцца да Казуліна і Мілінкевіча, каб яны аб’ядналі свае намаганьні і не паўтаралі памылак Шушкевіча і Пазьняка, якія, не аб’яднаўшыся, апынуліся на звалцы гісторыі”.

(Мікалай, Ворша: ) “Хачу прапанаваць спадару Мілінкевічу зьвярнуцца да ўсіх сваіх выбаршчыкаў прагаласаваць у дзень выбараў у адзіны час, напрыклад, а 16 да 17-й гадзіны. Упэўнены, будуць вялізарныя чэргі. Улады, усе мы і выбарчыя камісіі пабачаць відавочна, колькі народу будзе галасаваць за яго”.

(Анастас Семяновіч: ) “На пытаньне тыдня, ці патрэбны тэледэбаты. Яны вельмі патрэбны! На вялікі жаль, галоўны начальнік баіцца ўдзельнічаць у гэтых тэледэбатах, яму няма чаго сказаць народу, акрамя хлусьні.

Па выступам Алеся Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Я атрымаў вялікую асалоду. Пасьля 1994-га году тэлебачаньне і радыё я не ўключаю, акрамя футболу і хакею. Я вельмі ўдзячны вам, шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода, за вашую аб’ектыўную інфармацыю. Быў час, калі я вымушаны быў ня слухаць вас, бо ў бальніцы акрамя брахалаўкі-кропкі нічога няма, прыймача мы ня мелі.

Алесь Мілінкевіч! Вы павінны вельмі спакойна сябе паводзіць, як Аляксандр Казулін. Я, мае сваякі і сябры будзем галасаваць за вас, Алесь. Хачу вам параіць, Алесь і Аляксандар Казулін, каб перамагчы, трэба тлумачыць людзям і ўчастковым камісіям, што трэба свае галасы абараняць, як украінцы. А вы, члены камісіяў, ня ўдзельнічайце ў злачынстве перад беларускім народам! Потым гарантыя, што вас будуць судзіць, як ва Ўкраіне, паколькі вы будзеце зьяўляцца злачынцамі беларускага народу”.

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Прыслужнікі Лукашэнкі не дадуць элемэнтарнай магчымасьці правесьці справядлівыя, чэсныя выбары. Па ўсім каналам тэлебачаньня і радыё суцэльная хлусьня, татальнае замбіраваньне насельніцтва. У нас усё лепшае створана толькі Лукашэнкам, толькі пры яго ўдзеле. Кругом нас акружаюць ворагі. І калі ня ён, мы загінем. Толькі павінен быць Лукашэнка!

Учора вельмі справядліва апанэнты выявілі яго. Вось увесь народ павінен ведаць, хто намі кіруе!”

(Аксана Новікава: ) “Мне падабаецца, што Казулін паводзіць сябе не як прыхільнік Лукашэнкі і нават не як прафэсар!”

(Спадарыня: ) “Нашаму народу трэба ўважліва прааналізаваць сутнасьць выказваньняў Мілінкевіча і Казуліна. Нічога новага аб палітыцы дзеючага прэзыдэнта ў пляне разьвіцьця Беларусі яны не сказалі. Затое ўсе думкі іхныя пранізаныя надзеяй на ЭЗ і ЗША, то бок, яны гатовыя здаць Беларусь замежнаму згуртаваньню, масону, каб тыя распараджаліся на свой погляд. А яшчэ зьвярніце ўвагу на такое выказваньне Мілінкевіча. Калі мы не прагаласуем за яго, то яго саўдзельнікі выйдуць на вуліцу, каб абараніць сваю годнасьць. Значыць ён гатовы браць уладу сілай. Ужо дамовіўся са сваімі фундатарамі.

А гляньце, што робяць іхныя саўдзельнікі! Трэба ж дадумацца сьцяг зьмяніць! Гэтага хулігана, правакатара Касьпяровіча Зьміцера, трэба было зьняць з даху снайпэру і не вазіцца са здраднікам!”

(Спадар: ) “Скажыце, калі будзе наступны выступы Мілінкевіча і Казуліна і дзе? Мой тэлефон…”

(Бартось: ) “Учора праслухалі выступы Мілінкевіча і Казуліна. Нам усім вельмі прыемна, што такіх мы бачым людзей. Усе людзі слухалі іх, не адрываючыся ад тэлевізара! А лукашысты ўсе маўчаць! Яны яшчэ крыві людзкай хочуць! Але ўсё родна будзе Мілінкевіч і будзе Казулін! Мы хочам, каб скрыні былі празрыстыя, каб мы бачылі, што там робіцца! І каб і Мілінкевіча людзі, і Казуліна стаялі там! Хопіць ужо нас усіх душыць! Нам ужо гэта надакучыла! Яшчэ раз кажам усім, што мы за Мілінкевіча і Казуліна! Яны вельмі разумныя людзі, мы іх паважаем, любім, паклон ім, што яны ідуць за нас. Надакучыў Лукашэнка, асабліва тут на месцах маленькія Лукашэнкі!”

(Спадар: ) “У мяне такое пытаньне: дзе можна набыць тэкст выступу Мілінкевіча?”
XS
SM
MD
LG