Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: Мілінкевіч адзіны кандыдат, які за свабоду


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 24 лютага

“Народная воля” друкуе сёньня інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам. Адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл паведамляе, што за апошні час наведаў каля 30 беларускіх гарадоў і мястэчак і пераканаўся: усе праблемы завязаныя вакол свабоды і чалавечай годнасьці.

Асноўныя палажэньні перадвыбарчай праграмы Аляксандара Мілінкевіча надрукаваныя таксама сёньня і падаюцца пад дэвізам “СВАБОДА, ПРАЎДА, СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ”.

Паводле артыкулаў Вацлава Арэшкі, Віктара Карнеенкі, Юрыя Чавусава, сытуацыя ў Беларусі радыкальна зьмянілася ў параўнаньні з 2001 годам. Сёньня на пытаньне “Хто замест яго?” можна даць ясны адказ: Аляксандар Мілінкевіч, які вылучаны дэмакратычным чынам, на альтэрнатыўнай аснове, у напружанай канкурэнцыі зь іншымі прэтэндэнтамі”, -- заяўляюць аўтары “Народнай волі”.

Масавыя ператрусы на кватэрах дэмакратычных актывістаў камэнтуе сёньня “Наша Ніва”. Людзі ў масках канфіскоўвалі кампутары, нататнікі, дакумэнты. Экспэрты параўноўваюць затрыманьні і ператрусы з аналягічнымі дзеяньнямі уладаў Польшчы ў 1981 годзе, а сытуацыю ў краіне – з часамі “Салідарнасьці”.

Іншыя тэмы беларускага тыднёвіка падаюцца пад загалоўкамі: “Што зрабілі зь Мілінкевічам на Беларускай тэлевізіі?”, “Нацыянальная акадэмія навук прагаласуе датэрмінова, у панядзелак 20 лютага”, “Спэцслужбы спрабуюць сарваць незалежнае назіраньне за выбарамі”.

Рэгіянальная “Брестская газета” даведалася, што мясцовы лікёра-гарэлачны завод будзе зьмяншаць вытворчасьць сьпіртовых напояў і ўпершыню пачне продаж крэмніевай вады.

Пра барацьбу з саматужным алькаголем піша сёньня маладзечанская “Рэгіянальная газэта”. Паведамляе журналіст Сяргей Занька.

(Занька: ) “Апэратыўная міліцэйская група ніколі ня вяртаецца з пустымі рукамі. Як даводзіць супрацоўнік Маладзечанскага РАУС Аляксандар Варачкоў, 80 працэнтаў гандляроў і тых, хто гоніць самагонку, разбаўляюць яе тэхнічным сьпіртам альбо хімікатамі. У мінулым годзе ў рэгіёне загінулі 62 чалавекі ад алькагольнага атручваньня”.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, сярэднегадавы паказчык ужываньня алькаголю на душу насельніцтва перавышае 10 літраў чыстага сьпірту. У сваю чаргу Усясьветная арганізацыя здароўя лічыць крытычным парогам для нацыі ўдвая меншы паказчык.
XS
SM
MD
LG