Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманым актывістам "Партнэрства" маюць прад''явіць абвінавачваньні


Радыё Свабода Cёньня затрыманым ў аўторак актывістам арганізацыі "Партнэрства" Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай, Цімафею Дранчуку і Аляксандру Шалайку мусяць прад’явіць афіцыйныя абвінавачваньні альбо выпусьціць іх на волю. У дзень затрыманьня супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус на іх кватэрах і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Спачатку яны спасылаліся на крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, але пазьней артыкул замянілі на іншы – кіраваньне арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Ад пачатку выбарчай кампаніі пачаліся масавыя выключэньні з вучобы, ператрусы, допыты і арышты сярод маладых актывістаў.

Заканадаўства дазваляе трымаць чалавека пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня не больш за 72 гадзіны. У некаторых выпадках з дазволу пракурора тэрмін могуць падоўжыць да 10 сутак. Адвакаты наведваюць Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку, Эніру Браніцкую і Цімафея Дранчука штодня.

Адвакат Павал Сапелка распавёў Свабодзе, што яго падабаронны Цімафей Дранчук падаў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ. Ён напісаў, што яго затрымалі ў 13 гадзінаў, а ў пастанове напісалі, што а палове на 9 вечара. Цімафей заявіў, што такім чынам яго незаконна трымалі 7 з паловай гадзінаў.

Адвакат упэўнены, што Дранчук сёньня выйдзе на волю.

(Сапелка:) ”Мы зрабілі ўсё паводле патрабаваньняў крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Я не бачу ніякіх падставаў, каб трымаць Цімафея ў сьледчым ізалятары.”

Калі затрыманым прад’явяць абвінавачаньні, то не выключана, што іх арыштуюць на час сьледства.

Цімафея Дранчука, Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку затрымалі ў той час, калі ішлі ператрусы ў кватэрах некалькіх актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча. Ператрусы, затрыманьні, допыты, арышты і пагрозы ахапілі амаль усе рэгіёны краіны.

Гаворыць Міхась Рашэтнікаў з Барысава:

(Рашэтнікаў:) “Цягам апошняга тыдню ў Барысаве адбылося 18 затрыманьняў, 8 ператрусаў. У навучальных установах усіх пачалі палохаць. Тэлефануюць да хаты і кажуць, што выключаць з вучобы. Бацькам пагражаюць звальненьнямі з працы. Апошні выпадак, калі казалі маці, што сына пасадзяць на 5 гадоў. Усё робіцца, каб запалохаць моладзь”.

Студэнтаў, якія зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча не ўратоўвае нават сяброўства ў БРСМ. Венядзікт Кляўзэ быў сакратаром БРСМ на чацьвёртым курсе факультэту прадпрымальніцтва і кіраваньня БАТУ. Яго выключылі з фармулёўкай “за акадэмічную запазычаннасьць і сістэматычныя пропускі заняткаў”. Ён сцьвярджае, што студэнты, якія заступаліся за яго, таксама будуць хутка выключаны з унівэрсытэту. Адміністрацыя раней ініцыявала пераабраньне сакратара.

Вось меркаваньне выканаўцы абавязкаў прарэктара ў выхаваўчай працы Таццяны Вашчаевай:

(Вашчаева:) “Ён быў вельмі актыўны хлопчык. У яго былі ідэі. А потым яны папросту спынілі працу. З аддзелам у выхаваўчай працы таксама не было ніякіх узаемадзяеньняў.”

Апазыцыянэры паведамілі, што сёньня ў Жодзіне некалькіх сяброў Маладога Фронту і “Зубру” выклікаюць разам з бацькамі на так званыя размовы ў міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG