Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта вяртаць уклады -- апытаньне ў Лепелі


Радыё Свабода Ці трэба вяртаць людзям “зьедзеныя” інфляцыяй банкаўскія ўклады? Такое апытаньне нашая карэспандэнтка правяла ў Лепелі на Віцебшчыне

(Cпадарыня:) “Я думаю, што трэба. І мяне гэтае пытаньне вельмі цікавіць. Вось, да прыкладу, разьмеркаваньне: не зьявіўся выпускнік на месца разьмеркаваньня – вяртай дзяржаве грошы. Ці іншы абавязак перад дзяржавай ня выканаў – плаці! І крэдыты мы бяром у дзяржавы пад нейкі адсотак. І вяртаць грошы мусім толькі мы, нам – ніхто не вярнуў! У маіх бацькоў прапала столькі грошай, што хапіла б не на адну кватэру, і не на адну адукацыю для нашых дзяцей”.

(Хлопец:) “Да прыкладу, у маіх бацькоў таксама вялікая сума “згарэла”. Увогуле ж, калі усё тады было агульнае, то усе краіны разам мусілі б выплаціць усё насельніцтву – усе краіны былога Савецкага Саюзу. Зь іх самая моцная засталася Расея”.

(Спадар:) “І ў Расеі ніхто нічога не вяртае, што вы мне кажаце! Усё прапала, і нічога ня зробіш!”

(Дзяўчына:) “Мая цётка глуханямая, інвалід з дзяцінства, усё жыцьцё працавала і нейкую там капейчыну адкладала, 14 тысяч у яе было. А цяпер на іх толькі марожанае купілі. Ня ведаю, хто іх верне. Наўрад ці гэта будзе, але яна была б рада!”

(Хлопец:) “Каб вярнулі ўклады, што былі “зьедзеныя” інфляцыяй з савецкіх часоў, дык мае бацькі і дзяды былі б “мільёншчыкамі”, як тады казалі! Можа, і мне нешта перапала б, было б файна!”

(Спадарыня:) “Гэта лухта! Хіба можна цяпер усё гэта вярнуць? Адны атрымаюць, а другія –не? Вось я свае 6 тысяч здымала, калі ўжо яны абясцэніліся. Капіла паўтэлевізара! А ў кагосьці тыя грошы так дагэтуль і ляжаць. Хто ж мне верне мае 6 тысяч, ці 30 тысяч “савецкіх” сьвякрусе, калі я ашчадныя кніжкі ўжо, як кажуць, анулявала? Хто што цяпер будзе шукаць? Цяпер праўды ня знойдзеш, таму няма чаго людзей спакушаць!”

(Хлопец:) “Я мяркую, што трэба вяртаць уклады беларусам, якія дагэтуль не вярнулі. Абявязкова. Я думаю, што калі Мілінкевіч выйграе прэзыдэнцкія выбары, а ў ягонай праграме ёсьць такі пункт, то я думаю, праблем з гэтым ня будзе”.

(Спадарыня:) “Вяртаць – па меры магчымасьці. Ну, я чадавек забясьпечаны, так што мяне гэта не хвалюе. У каго вялікія сумы, думаю, можна ўвогуле не вяртаць. А дробныя можна.”

(Спадарыня:) Гэта калі яшчэ засталіся людзі, каму гэтыя ўклады патрэбныя. Усе ўжо памёрлі, хіба толькі зусім ўжо старыя засталіся. Няхай бы парадаваліся на старасьці гадоў. А мы сабе заробім!”

(Дзяўчына:) “Мне бабуля некалі даўно паклала грошы. Іх інфляцыя “зьела”, і я засталася ні з чым. Таму я думаю, што ях трэба вяртаць. Хаця б нейкую кампенсацыю”.

(Другая дзяўчына:) “Хаця б ужо без адсоткаў, хаця б у тым памеры, як яно было, вярнула дзяржава.”

(Спадарыня:) “Стараюся ня мець стасункаў з дзяржавай – я ёй грошы не давяраю! Мая маці адмовілася паехаць у санаторый, ёй належала кампэнсацыя, і ўсю яе яна ўбухала ўнучцы на ўклад “Да паўналецьця”. Тады гэта было пяцьсот рублёў, і на іх можна было купіць матацыкл. Пасьля мы пайшлі паглядзець, а засталося – на пачак марожанага. Гэта было моцнае ўражаньне! Я абыякавая да грошай, але ад таго, што так прынізілі маю маці і дачку, я плакала. Не з-за грошай – з-за прыніжэньня!”
XS
SM
MD
LG