Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Не набывайце сыну новы джып, дайце яму добрую адукацыю…”


Радыё Свабода 23 лютага ў Менску распачала працу 4-ая міжнародная спэцыялізаваная выстава “Адукацыя й кар’ера”. Сярод удзельнікаў выставы – пераважна айчынныя навучальныя ўстановы, цэнтры занятасьці, а таксама фірмы, якія аказваюць адукацыйныя паслугі. Найбольшую цікавасьць у наведнікаў выклікалі стэнды фірмаў, што дапамагаюць атрымаць адукацыю за мяжой.

Наведнікі выставы – а гэта збольшага вучні старэйшых клясаў і студэнты – вельмі часта падыходзілі да стэндаў, дзе можна атрымаць інфармацыю пра навучаньне ў Эўропе й Амэрыцы. Я запыталася, чым іх прываблівае адукацыя за мяжой?

(Дзяўчына-школьніца: ) “Гэта вельмі добра й цікава, бо ты бачыш іншыя гарады, чуеш мову іншую. Я маю брата, ён цяпер там працуе й сабраўся вучыцца там”.

(Хлопец: ) “Канкрэтна цікавіць адукацыя ў сфэры гатэльнага бізнэсу, прынамсі, швэйцарскі ўнівэрсытэт. Беларуская адукацыя ня мае асаблівага аўтарытэту, дыплёмы гэтыя не катуюцца за мяжой. І нават у нас яны ня вельмі катуюцца”.

(Дзяўчына: ) “Я, калі шчыра, прыйшла сюды са сваім маладым чалавекам, яго гэта болей цікавіць. Але я лічу, там лепшы ўзровень, лепшыя пэрспэктывы на будучыню”.

Некаторыя з маіх суразмоўцаў – студэнты беларускіх ВНУ, якія згодныя кінуць навучаньне тут і пачаць усё з пачатку ў Эўропе. Паводле дырэктара кансультацыйнага цэнтру “Дэліус-Тэра” Паўла Жукоўскага, штогод некалькі дзясяткаў маладых людзей едзе вучыцца ў замежныя ўнівэрсытэты, прычым на платнай аснове. Бацькі пачалі разумець, што гэта добры спосаб укладаньня грошай.

(Жукоўскі: ) “Я гляджу на тыя новабудоўлі, дзе кошт двухпакаёвай кватэры без аздабленьня роўны кошту пяцігадовай адукацыі. Мы заўсёды кажам бацькам: вашая адукацыя ад пачатку да канца – гэта цана новага аўтамабіля джып. Вы гатовыя набыць свайму сыну пасьля заканчэньня ВНУ новы джып? Усе кажуць: так, мы яму набудзем новы джып пасьля заканчэньня ВНУ. А вы лепей не набывайце яму джып, а дайце спэцыяльнасьць, якой ён заробіць на гэты джып”.

У Мілянскім політэхнічным інстытуце, напрыклад, навучаньне будзе каштаваць ад 700 да 3.000 эўра на год, кажа спадар Жукоўскі. Але гэта толькі аплата навучаньня – студэнту трэба за нешта жыць, гэта асобная графа выдаткаў для сям’і. Увогуле ж беларусы едуць пераважна ў Эўропу, у Вялікую Брытанію, хоць гэта нятанная краіна. Асаблівым попытам карыстаюцца спэцыяльнасьці, зьвязаныя з эканомікай і бізнэсам. З гэтымі спэцыяльнасьцямі можна знайсьці працу па ўсім сьвеце. У Беларусь вяртаецца далёка ня кожны такі малады чалавек: на Радзіме звычайна меней плацяць.
XS
SM
MD
LG