Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напалеон Орда (11.02.1807 – 26.04.1883)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Яго назвалі ў гонар імпэратара французаў, зь якім на землях былога Вялікага Княства Літоўскага тады зьвязваліся надзеі на аднаўленьне незалежнасьці. Аднак Напалеон Банапарт, што разам з сваёй Вялікай арміяй перайшоў Нёман празь пяць гадоў пасьля нараджэньня Напалеона Орды, вёў сваю гульню, якая хутка перакрэсьліла ўсе ілюзіі патрыётаў.

Ілюзіі, але ня прагу свабоды.

У 1827-м Орду, студэнта фізыка-матэматычнага факультэту Віленскай alma mater, выключаюць за прыналежнасьць да таемнага таварыства “Заране”. Калі праз чатыры гады ўспыхвае вызвольнае паўстаньне, ён робіцца стралком 4-га палка коннай гвардыі Літоўскага корпусу, і, вызначыўшыся ў баях, атрымлівае чын капітана паўстанцкай арміі й найвышэйшую ўзнагароду – ордэн Virtuti Militari.

На эміграцыі, у Парыжы, ён сябруе з Адамам Міцкевічам, шліфуе несумнеўны музычны талент у Фрэдэрыка Шапэна і здабывае мастацкую адукацыю ў студыі майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара.

На пяцідзесятым годзе жыцьця Напалеон Орда пасьля амністыі вяртаецца на радзіму і распачынае свае мастацкія вандроўкі, што прынясуць яму славу й памяць нашчадкаў. Ягоныя больш за 200 малюнкаў гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясьцінаў Літвы-Беларусі створаць непаўторны і неўміручы вобраз Бацькаўшчыны.

Мірскі і Крэўскі замкі, Сафійскі сабор і Спаса-Эўфрасіньнеўская царква, сядзібы Касьцюшкаў і Міцкевічаў...

Краявіды Напалеона Орды маюць дзівосную ўласьцівасьць: часам мне хочацца ўвайсьці ў іх і застацца ў створанай мастаком рэальнасьці. Калі-небудзь гэта абавязкова станецца.

Напалеон Орда. Уваскрасенская царква, ратуша і бэрнардынскі кляштар з касьцёлам сьвятога Антонія ў Віцебску. Малюнак 1875-1876 гадоў.
XS
SM
MD
LG