Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Славаччыны – на беларускай "Свабодзе"


Радыё Свабода Як мы паведамлялі раней, сёньня ў Празе адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. Канфэрэнцыю сумесна арганізавалі Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы і міністэрства замежных спраў Чэхіі.

Удзел у ёй бралі каля двухсот гасьцей з большасьці эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, Расеі і, вядома, самой Беларусі.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску, аднак, удзел у дыскусіі ня бралі.

Дыскусія адбывалася ў адной з найбольш урачыстых заляў Чарнінскага палацу, які належыць міністэрству замежных справаў Чэхіі. Згадваючы гісторыю гэтай залі, чэскі міністр Цырыл Свобада прыгадаў, што менавіта тут у свой час было падпісанае пагадненьне пра канец існаваньня Варшаўскай дамовы.

У часе канфэрэнцыі наша карэспандэнтка Алена Ціхановіч задала некалькі пытаньняў Эдуарду Кукану, міністру замежных справаў Славаччыны:

(Карэспандэнтка: ) "Спадар міністар, хацелася б абмеркаваць зьяву свайго кшталту адваротнага эфэкту: чым больш прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустракаюцца за мяжой, чым большую маюць тут падтрымку, тым больш нэгатыўна падаецца гэта дома. Ці прайграе апазыцыя з-за сваёй замежнай папулярнасьці?"

(Кукан: ) "Кожнаму народу не падабаецца, калі яго нехта з-за мяжы павучае. Гэта мае хутчэй адмоўны вынік. І таму будзе вельмі важна, як ваша апазыцыя здолее гэтае пытаньне падаць дома, у Беларусі, ці здолее сапраўды вытлумачыць, што яе падарожжы за мяжу не азначаюць нейкую фінансавую дапамогу, ангажаванасьць за Мілінкевіча, але размова ідзе пра стварэньне прасторы, у якой грамадзяне будуць мець аб''ектыўную, праўдзівую інфармацыю.

На сёньняшняй канфэрэнцыі, дарэчы, ясна гаварылася, што мы не падтрымліваем апазыцыю. Мы не кажам, што падтрымліваем Мілінкевіча, мы хочам паспрыяць таму, каб людзі ў Беларусі мелі сапраўды праўдзівую інфармацыю, гэта галоўнае. І калі апазыцыі ўдасца так падаць гэтую праблему, то яе падарожжы і супрацоўніцтва з замежжам не мелі б ёй пашкодзіць у Беларусі".

(Карэспандэнтка: ) "Раней, у часы кіраваньня прэм''ера Мечыяра журналісты часам называлі Славаччыну "Беларусьсю на Дунаі". Ці былі, на вашую думку, падставы для такіх параўнаньняў? Наколькі і ў які бок зараз зьмянілася сытуацыя ў Славаччыне ў параўнаньні зь Беларусьсю?"

(Кукан: ) "Цяжка казаць, наколькі сытуацыя ў абедзьвюх краінах была аднолькавай, але да пэўнай ступені можна было ўжыць такую мэтафару. Тады мы таксама гаварылі пра дэфіцыт дэмакратыі ў Славаччыне, што ўлада ўладарыць занадта аўтарытарна і гэтак далей.

Калі ж пасьля выбараў прыйшла да ўлады іншая палітычная гарнітура, Славаччына сямімільнымі крокамі пайшла ў бок Эўропы, стала сябрам Эўрапейскага зьвязу і іншых эўрапейскіх структураў. Карацей, палітычная лібэралізацыя настолькі паскорыла разьвіцьцё краіны, што магчыма мы нават гэта не ўсьведамляем.

Калі б беларускае палітычнае кіраўніцтва даказала, што ў Беларусі ёсьць грамадзянская дэмакратычная супольнасьць, вельмі шмат бы гэтым прыдбала, а іншыя краіны вельмі станоўча паставіліся б да Беларусі, якая, як мы па-ранейшаму адзначаем, застаецца адзінай эўрапейскай краінай, што не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG