Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Лепеля (фота)


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць 23 лютага кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Лепеля. Сустрэча праходзіла на гарадзкім кірмашы, на яе прыйшлі як прадпрымальнікі ды пакупнікі, так і прадстаўнікі мясцовага райвыканкаму.

Пасьля прамовы кандыдата на прэзыдэнта ўсім прысутным было прапанавана задаваць пытаньні. Паводле меркаваньня кіраўніка мясцовай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, прадпрымальніка Алег Тычына, менавіта гэтая частка сустрэчы паказала, зь якімі мэтамі прыйшлі на яе людзі: адны – каб паслухаць апазыцыйнага кандыдата, а другія – каб выканаць службовы абавязак.

(Тычына: ) “Стаялі-стаялі, ніхто спачатку нічога не пытаўся. А Мілінкевіч раней казаў, што на Беларусі сярэдні заробак 200 даляраў, у Латвіі — 400 даляраў. Дык я выйшаў ды кажу: “У каго з вас 200 даляраў заробак або болей?” Толькі тры чалавекі паднялі рукі, і гэта былі супрацоўнікі гарвыканкаму і БРСМ. А на кірмашы нас сабралася недзе 300 чалавек, і тут усіх як прарвала!”

Пытаньні людзі задавалі самыя розныя: і пра пэрспэктывы працы прадпрымальнікаў, і пра разьвіцьцё прамысловасьці ды сельскае гаспадаркі ў рэгіёне, і пра бясплатную адукацыю для дзяцей. Слухаючы адказы кандыдата на прэзыдэнта, людзі абмяркоўвалі паміж сабою, ці мае ён шанцы выйграць прэзыдэнцкія выбары.

(Спадарыня: ) “Не зашкодзіла б прэзыдэнта памяняць!”

(Спадар: ) “Каб у нас былі б дэмакратычныя выбары, дык 50 адсоткаў на 50, што ён выйграе. А як такія выбары, як у нас, дык нікога не выберуць апроч Лукашэнкі. Бо ў нас народ дурны, і ён варты такога кіраўніка. Во я, стары чалавек, разумею гэта”.

(Спадарыня: ) “Нам проста згуртавацца разам дужа цяжка!”

(Спадарыня: ) “Калі ўлады замінаць ня будуць, то, можа, ён і выйграе. Але ў нас дужа цяжкая ўлада!”

(Спадарыня: ) “Ды яна закупленая ўся, тая ўлада, вось і ўсё!”

Жыхары Лепеля казалі, што падтрымліваюць прапанову Аляксандра Мілінкевіча пра тэледэбаты з дзейным прэзыдэнтам: тады можна было задаваць вострыя пытаньні і яму, і дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Бо двухгадзіннай сустрэчы з кандыдатам на прэзыдэнта аказалася мала, каб паразмаўляць пра ўсё, што хвалюе мясцовых жыхароў.

Аляксндра Мілінкевіча зь ягонай камандай праводзіў да аўтобусаў ці ня ўвесь кірмаш. І найбольш пільныя заўважылі, што далей, па дарозе на Менск, яго паехала праводзіць машына мясцовага КДБ.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG