Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БХК: Паганяйла мае канстытуцыйнае права зьвярнуцца ў Вярхоўны суд


Радыё Свабода Рада Беларускага Хэльсынскага камітэту накіравала адказ Міністэрству юстыцыі, у якім выступіла ў абарону права грамадзяніна Беларусі зьвяртацца ў суд па тых ці іншых пытаньнях.

Напярэдадні Мін''юст даслаў ліст, у якім паінфармаваў пра “тэндэнцыйную інфармацыю” намесьніка старшыні БХК Гары Паганяйлы, якая тычыцца рашэньня Цэнтрвыбаркаму ад 17 лютага 2006 году аб рэгістрацыі А. Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта.

Як лічыць міністэрства, БХК як грамадзкае аб’яднаньне павінна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам і запатрабавала ў пяцідзённы тэрмін прадставіць афіцыйную пазыцыю арганізацыі па гэтым пытаньні.

Прэтэнзіі Мін''юсту, паводле спадара Паганяйлы, выкліканы яго скаргай у Вярхоўны суд на рашэньне Цэнтрвыбаркаму, які, на яго думку, 17 лютага незаконна зарэгістраваў Аляксандра Лукашэнку ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. У гэтай скарзе вядомы юрыст абгрунтаваў сваю ініцыятыву парушэньнямі заканадаўства, дапушчанымі, на яго думку, пры зацьвярджэньні вынікаў рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году, які скасаваў абмежаваньне прэзыдэнцтва Лукашэнкі двума тэрмінамі.

Аднак скаргу ў Вярхоўны суд спадар Паганяйла накіраваў не як прадстаўнік БХК, а як прыватная асоба. Таму Рада БХК у сваім адказе зьвярнула ўвагу чыноўнікаў Мін''юсту якраз на пэрсанальны характар дзеяньняў Гары Паганяйлы, які ў адпаведнасьці з артыкулам 60 Канстытуцыі мае права зьвярнуцца ў суд і мае права на ўласнае меркаваньне ў адпаведнасьці з артыкулам 33 Канстытуцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG