Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На спаборніцтвах “Лыжня-2006” памёр настаўнік фізкультуры


Радыё Свабода На раённых спаборніцтвах па лыжных гонках сярод прадпрыемстваў і арганізацыяў Случчыны памёр настаўнік фізкультуры. Спартовая імпрэза была арганізаваная аддзелам фізкультуры і спорту Cлуцкага райвыканкаму й праходзіла ў рамках агульнабеларускай кампаніі “Лыжня-2006”. Жонка памерлага намерваецца зьвярнуцца ў суд за тое, што ён не атрымаў своечасовай мэдычнай дапамогі.

Анатолю Алешку было 49 гадоў. Ён працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе вёскі Лучнікі Слуцкага раёну. На здароўе ня скардзіўся, – кажа дырэктар Лучніцкай школы Натальля Гаўдзель.

(Гаўдзель: ) “Вышлі ж усе – і цукровы завод, і аграфірмы. Кажуць, што многа людзей было й пажылых. Школы таксама ўдзельнічалі, і наша каманда была, а настаўнік фізкультуры яе ўзначальваў. На трасе яму стала кепска й ён упаў, не дайшоў дыстанцыю. Перанапружыўся, напэўна”.

Паводле Натальлі Гаўдзель, брыгада мэдыкаў, якая прыбыла на месца праз 11 хвілін, канстатавала сьмерць ад сардэчнай недастатковасьці. Гэта ж пацьвердзіў і пракурор Слуцкага раёну Ўладзімер Адоцік. Паводле яго, хваробы сэрца ў случакоў ня ёсьць рэдкасьцю.

(Адоцік: ) “У кардыялягічным аддзяленьні ляжаць людзі, хворыя на сэрца, нават маладыя. Нават не хапае месцаў, хоць у аддзяленьні ці не 95 месцаў. Для нашага рэгіёну, нібыта, й нямала. А гэтулькі вось праблемаў”.

На слуцкай “Лыжні-2006” дзяжурства “хуткай дапамогі” арганізавана не было. Кіраўнік аддзелу фізкультуры і спорту Слуцкага рыйвыканкаму Міхаіл Шангерэй кажа, што ўлады ня будуць адмаўляцца ад масавых лыжных гонак і надалей, бо гэтага ад іх патрабуюць зьверху.

(Шангерэй: ) “Праводзім штогод, бо ад нас патрабуюць зімовых відаў спорту. І гэта ж “Лыжня-2006” была абвешчаная прэзыдэнтам. Як бы там ні было, ужо ў наступныя такія спаборніцтвы будзем даваць каманду “хуткай дапамозе”, каб прыяжджала машына”.

Жонка памерлага Людміла Алешка заяўляе, што адной з прычынаў сьмерці сталася тое, што яе муж не атрымаў своечасовай мэдычнай дапамогі:

(Алешка: ) “Там гэтулькі людзей было, нават пэнсіянэры, усе людзі не трэніраваныя – лекара нават не было. Калі былі “Дажынкі”, нейкія ў іх былі “штабы”, – кожны раз дзяжурыў рэанімабіль. Там, бачыце, калі на некага накрычаць, то ім патрэбна неадкладная дапамога. А тут сабралі ўвесь горад – паказуху гэтую ўстройваюць – і ў іх няма лекараў. У труну загналі чалавека!”

Паводле спадарыні Алешкі, яна намерваецца дамагчыся пакараньня вінаватых у трагедыі праз суд.
XS
SM
MD
LG