Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе выбарчая кампанія ў рэгіёнах?


Радыё Свабода Ціск на актывістаў адбываецца па ўсёй краіне. Пра хаду выбарчай кампаніі ў рэгіёнах Беларусі распавядае наша карэспандэнтка.

На Гарадзеншчыне працягваецца ціск на сяброў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. У мястэчку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну ўчастковы міліцыянт пазрываў аб’явы, у якіх паведамлялася пра час і месца сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Ад кіраўніка ініцыятыўнай групы Пётры Цярэшкі ўчастковы запатрабаваў пісьмовых тлумачэньняў: маўляў, аб’явы разьмешчаны не ў адпаведным месцы.

У Шчучыне ўжо трэці раз у міліцыю выклікаюць Сяргея Ляшкевіча, кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Сяргей Ляшкевіч адмаўляецца ісьці і лічыць, што такім чынам на яго і ягоных сяброў спрабуюць аказваць псыхалягічны ціск.

Тацяну Клімовіч, актывістку ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча з Ашмянаў, за апошнія тры дні двойчы выклікалі ў пракуратуру на допыты. Яе падазраюць у тым, што яна займалася падробкай подпісаў у бюлетэнях, але ніякіх абвінавачаньняў не прад’яўляюць.

У Гомелі міліцыя перашкаджае распаўсюду агітацыйных матэрыялаў кандыдата на прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Каля чыгуначнага вакзалу маёр міліцыі Уладзімер Сідарэнка пагражаў затрыманьнем Андрэю Аксёнаву і Сяргею Касабуцкаму, якія раздавалі гамельчукам каляровыя агітацыйныя буклеты Аляксандра Мілінкевіча, выдадзеныя на сродкі Цэнтравыбаркаму.

Гэткія ж прэтэнзіі былі выстаўленыя Сяргею Болгаву да Юрасю Захаранку, які разам з паплечнікамі раздаваў буклеты Мілінкевіча на прыпынку ля заводу вымяральных прыбораў. Спадара Захаранку даставілі ў пастарунак. Бяз тлумачэньняў нарад міліцыі затрымаў і даставіў у Цэнтральны пастарунак распаўсюднікаў акітацыйных матэрыялаў Андрэя Толчына і Кацярыну Гаравую, якія раздавалі буклеты Мілінкевіча каля ўнівермагу.

145 тысячаў рублёў штрафу суд у Наваполацку прысудзіў Аляксею Трубкіну за зьмешчаную на рэклямнай тумбе налепку “Мы хочам новага!” Суд гэта палічыў распаўсюдам друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Папярэдні вынік выбарчай кампаніі для мяне: чатыры затрыманьні, два міліцэйскія пратаколы, ператрус у хаце і 145 тысяч рублёў штрафу. Наагул, сёньня ўсялякая публічная заява пра неабходнасьць абраньня новага прэзыдэнта кваліфікуецца як экстрэмісцкае дзеяньне. Так што добра яшчэ абышлося. Маглі б за налепку і пасадзіць”.

У тым жа Наваполацку ўвечары 22 лютага быў затрыманы студэнт 3 курсу мясцовага ўнівэрсытэту Яўген Радчыкаў. Падставай для затрыманьня стала налепка з надпісам “Мы хочам новага!”, якую студэнт прымацаваў да сьцяны аднаго з будынкаў. На яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

У Гомелі ўсьлед за пакараньнем штрафам дэпутата гарсавету Юрася Глушакова за перавоз карыкатурных малюнкаў на дзяржаўнае тэлебачаньне суд пакараў і грамадзкага актывіста Сьвятаслава Шаламава штрафам 290 тысяч рублёў. Але толькі судом справа ня скончылася, гаворыць спадар Шаламаў.

(Шаламаў: ) “У кватэры, якую я арандую, праводзілі ператрус супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі. Раніцай быў суд, увечары — ператрус. Сканфіскавалі архіў друкаванай прадукцыі, узоры прадукцыі, даведнікі розных зарэгістраваных аб’яднаньняў Беларусі 1994—2004 гадоў. Даволі старая прадукцыя, і ўсю яе забралі”.

Паводле спадара Шаламава, супрацоўнікі КДБ мелі пастанову на ператрус, якая была выдадзеная пракуратурай Менску з прычыны распачатай крымінальнай справы — паклёп на высокіх службовых асобаў дзяржавы.

Варта дадаць, што ператрусы вядуцца ў асобаў, якія мелі дачыненьне да грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”.
XS
SM
MD
LG