Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў можа паўтарыць лёс ЭГУ


Сьвятлана Курс, Менск У Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе разглядаецца пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў аб незаконным атрыманьні прыбыткаў. Адначасна Мін’юст даслаў у Вярхоўны Суд ліст з прапановай ліквідаваць арганізацыю. У выпадку ліквідацыі Саюз пісьменьнікаў разглядае магчымасьць легалізацыі ў Літве, Расеі ці Ўкраіне.

Як паведаміў “Свабодзе” старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ў Вярхоўны Суд з прапановай ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў з наступных падставаў: адсутнасьць арыгіналу статуту, наяўнасьць на будынку Дому літаратара шыльды з выявай Пагоні, карыстаньне пячаткай, на якой назва арганізацыі ня ўзятая ў двукосьсе, правядзеньне ў 2005 годзе ў кавярні Дому літаратара зьезду “Грамады”. Адначасна ў гарадзкім гаспадарчым судзе разглядаецца справа, паводле якой галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта зьбіраецца спагнаць з СБП 55 мільёнаў рублёў “за незаконныя прыбыткі”.

Камэнтуе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Першы суд, гаспадарчы, інкрымінуе незаконнае ўзбагачэньне. Пакуль мы не плацілі за арэнду (ня мелі сродкаў), мы здавалі памяшканьні, каб пакрываць свае пазыкі. Гэта 55 мільёнаў беларускіх рублёў. У нас вялікая пагроза страціць свае памяшканьні разам з архівамі і асабовымі справамі клясыкаў беларускай літаратуры. Другое — тыя старыя правіны, за якія праз год ці два Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ў Вярхоўны суд з пазовам аб ліквідацыі. Мы за правіны атрымлівалі папярэджваньні і кожны пункт выпраўлялі — найперш наконт пячаткі. Мы прывялі і блянк у належны выгляд. Яшчэ на будынку Дому літаратараў вісіць нашая шыльда з Пагоняй. Ніводзін сябра рады адмаўляцца ад Пагоні не пажадаў”.

Начальнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі адмовіўся ад тэрміновага камэнтару, спаслаўшыся на неабходнасьць атрымаць дазвол ад кіраўніцтва.

(Сьліжэўскі: ) “Вы павінны зьвярнуцца або ў кіраўніцтва міністэрства, або ў прэс-службу. Пры наяўнасьці даручэньня адтуль мы камэнтар дадзім”.

На момант выхаду матэрыялу афіцыйнага адказу на наш пісьмовы запыт ад Міністэрства юстыцыі не было.

Нацыянальны саюз пісьменьнікаў Украіны прапанаваў зарэгістраваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў ва Ўкраіне зь вяртаньнем ранейшай назвы — Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Такія ж прапановы паступілі з Расеі, ад Міжнароднай супольнасьці пісьменьніцкіх саюзаў, сузаснавальнікам якой зьяўляецца СБП і ад саюзаў літоўскіх пісьменьнікаў. Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у выпадку ліквідацыі не выключае варыянтаў паўторнай рэгістрацыі ў Беларусі. “Але мы гатовыя працаваць і ў партызанскіх умовах. Пакуль жывыя пісьменьнікі, саюз ліквідаваць нельга”, — зазначыў Алесь Пашкевіч.

Гл.таксама • Мінюст патрабуе ліквідаваць СБП, у тым ліку за “Пагоню”

***

28 лютага Алесь Пашкевіч адкажа на пытаньні наведнікаў сайту на старонцы форуму -- svaboda.org/forum -- пытаньні можна задаць ужо зараз.
XS
SM
MD
LG