Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацанілі беларусы тэлевізійныя выступы кандыдатаў у прэзыдэнты?


Радыё Свабода Тры кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі ўжо выступілі на телебачаньні перад выбарцамі. Якія ўражаньні пакінулі Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч? Што ў іхных выступах найбольш спадабалася і запомнілася людзям? Гэтае пытаньне жыхарам Менску сёньня задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці глядзелі вы тэлевыступы кандыдатаў у прэзыдэнты Гайдукевіча, Мілінкевіча, Казуліна?”

(Спадар: ) “Глядзеў учора, але ня цалкам. І Казуліна і Мілінкевіча”.

(Карэспандэнт: ) “І якое ў вас уражаньне? Што найбольш запомнілася, які з выступаў спадабаўся, што ўразіла?”

(Спадар: ) “Я больш глядзеў Мілінкевіча. А ў цэлым узважаны выступ, ёсьць у ім пэўныя навацыі. Ёсьць пляны, заявы, што ёсьць каманда. Павінен быць новы стыль кіраваньня дзяржавай. Падняў праблемныя пытаньні пра жыльлё, пра зарплату, пра высокае беспрацоўе. Я зь ім згодны”.

(Спадар: ) “Глядзеў. Вельмі спадабаўся выступ Мілінкевіча. Я не чакаў, што ён будзе настолькі пісьменна, добра падрыхтаваны. А Казулін — папуліст з валізкай кампрамату. Зрэшты, і Лукашэнка з гэтага пачынаў”.

(Пэнсіянэр: ) “Мне спадабаўся выступ Казуліна. Разумны, па сутнасьці. Ён дакладна распавёў пра тое, што ў Беларусі культ асобы. Тая ізаляцыя, у якой знаходзіцца Беларусь, не адпавядае нашаму народу, нашым традыцыям. Гэта маё цьвёрдае перакананьне”.

(Спадарыня: ) “Ніхто не спадабаўся. Я буду галасаваць за Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Сёньня ў нас на працы была дыскусія. Уражаныя тым, што Казулін нядобра выказваўся пра прэзыдэнта Лукашэнку. А так, у прынцыпе, нармальна гаварыў”.

(Спадарыня: ) “Вось Казуліна глядзела. Уражвае яго іншы погляд”.

(Маладая маці: ) “Больш за ўсё спадабаўся Аляксандар Мілінкевіч — я яго падтрымліваю. Ён такі памяркоўны, дэмакратычны чалавек, разважлівы. Праграма ў яго вельмі добрая”.

(Спадар: ) “Найбольш спадабаўся выступ Мілінкевіча. Грунтоўна, падрабязна распавёў пра сваю праграму”.

(Спадар: ) “Бачыў Казуліна. Шчыра кажучы, ня вельмі. Такога па тэлебачаньні не гавораць, трэба неяк ахайней. Усе ж яго слухаюць, і неяк культурней трэба ставіцца. Лукашэнку можна не паважаць, але ставіцца трэба па-іншаму. Усё ж такі дарослыя людзі”.

Гл. таксама • Што думаюць пра выступы кандыдатаў у прэзыдэнты вядомыя асобы? • Тэлевыступ Аляксандра Мілінкевіча • Тэлевыступ Аляксандра Казуліна • Тэлевыступ Сяргея Гайдукевіча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG