Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Янка Брыль, Алесь Асташонак, Андрэй Плясанаў


Радыё Свабода (эфір 18 лютага) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Кніга і аўтар Янка Брыль: “Трэба найперш самім разьнявольвацца”

Міхась Скобла, Менск

Амаль сем дзясяткаў гадоў працуе ў беларускай літаратуры Янка Брыль. Брылёўская лірычная мініятура даўно стала клясыкай жанру. У эпоху сацрэалізму, калі візытоўкай пісьменьніка зрабіліся пульхныя раманы ды шматтамовыя зборы твораў, Брыль гаварыў ляканічна, роздумна, афарыстычна. І ў паважным веку ён адчувае сябе ў добрай творчай форме. Дамоў да народнага пісьменьніка завітаў Міхась Скобла.

(Міхась Скобла: ) “Іван Антонавіч, вы заўсёды многа чыталі — гэта відаць па вашых лірычных запісах. Чытаючы іх, можна падумаць, што жывяце вы ў бібліятэцы. А ў вашай кватэры, я гляджу, кніг зусім мала”.

(Янка Брыль: ) “Ну, і хата ж малая таксама. Я адсяліўся ад сына, якому пакінуў ільвіную долю сваёй бібліятэкі — зборы твораў па дваццаць, па трыццаць тамоў. Я лічу, што кнігі павінны працаваць, яны не для таго, каб стаяць у шафах, чакаючы, пакуль нехта зьлітуецца ды прачытае. Таму я раздаваў кнігі. Прыкладам, Гуманітарнаму ліцэю аддаў некалькі соцень адборных, харошых кніг, каторыя цяпер Бог ведае дзе. Скарынаўскаму цэнтру я аддаў многа ўкраінскай і польскай літаратуры. Пэўную частку свайго кнігазбору перадаў бібліятэцы Саюзу пісьменьнікаў. І яшчэ адно. У нашых архівах ёсьць спэцыяльныя фонды аўтографаў, куды я таксама перадаў нямала кніг — там яны больш надзейна захоўваюцца”.

(Скобла: ) “Адзін з такіх аўтографаў у Акадэмічнай бібліятэцы я прачытаў на кнізе Валянціна Тараса: “Янку Брылю — мае сьціплыя руны. Вялікаму караблю ад маленькае шхуны”. Столькі кніг вы раздалі, а з чым засталіся?”

(Брыль: ) “З аўтографамі кнігі я ня ўсе раздаў. Засталіся самыя дарагія кнігі маіх блізкіх сяброў — Івана Мележа, Уладзімера Калесьніка, Уладзімера Караткевіча, Аляксея Пысіна, Анатоля Кудраўца, Міхася Стральцова, кнігі ад сям’і акадэміка Радзіма Гарэцкага. Даведачная літаратура — беларуская, польская, украінская (у мяне ёсьць увесь Грынчанка — украінскі Даль), усё што трэба для працы, у мяне засталося. Улічы ж і тое, што мне ўжо столькі гадоў, што я ўсё чакаю — вось-вось, вось-вось… Так што я не зьбіраю кнігі, а раздаю. Хай ідуць у людзі, хай робяць сваю справу”.

(Скобла: ) “Вы працуеце ў літаратуры амаль семдзесят гадоў. Калі наш пісьменьнік мог пісаць, абсалютна не зважаючы на цэнзуру? Ці быў такі час?”

(Брыль: ) “Такі час у мяне быў, відаць, толькі тады, калі я пісаў на кухні ў заходнебеларускай хаце матчынай. Тады я і паняцьця ня меў пра цэнзуру. Лямпа-газоўка, папера і цёмная ноч. Пасьля працы сядзеў, пісаў. А потым у савецкі час зьявілася цэнзура. Як аказалася, надоўга. Але калі гаварыць пра канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў, то мы вельмі дрэнна выкарысталі гэты час у сэнсе разумнай бесцэнзурнасьці. Некаторыя спрыяльны час патрацілі на ёрнічаньне, на ляпаньне нечага пустога. Чытаеш і думаеш — ат, не хапала табе цэнзуры, можна было б і не гаварыць такой пустаты, як гаворыш. Трэба найперш разьнявольвацца самім, каб ня быць рэдактарам самаму сабе. Да чаго нас прывучыла эпоха сацрэалізму? Сам сябе рэдагуеш. Пішаш і думаеш: пройдзе гэта ці ня пройдзе. Трэба пісаць, гаварыць усё, што “Бог на душу положил”.

(Скобла: ) “Вы часам апісваеце сны. Гэта літаратурны прыём ці сон сапраўдны?”

(Брыль: ) “Ну вось у мяне ў мініятурах, якія буду чытаць, ёсьць адзін запісаны рэальны сон. І такіх рэчаў у маіх запісах некалькі. Не, гэта не літаратурны прыём, гэта рэальны сон, які вырашаў нейкае ўнутранае пытаньне майго жыцьця. Але тое ў літаратуры ня новае. Скажам, у Льва Талстога ёсьць апавяданьне, якое так і называецца, “Что я видел во сне” — шэдэўр, напісаны ім у старасьці. Як вядома, і наш Максім Гарэцкі запісваў сны. Наагул, гісторыя літаратуры шмат падобных прыкладаў ведае. Зь Бібліі пачынаючы. Памятаеш: “И услышал во сне — беги в Египет…” Так што і ў мяне сны не прыдуманыя”.

(Скобла: ) “У вас на стале я бачу карэктурныя аркушы. Рыхтуеце новую кнігу?”

(Брыль: ) “Выдавецтва “Про Хрысто”, дзе пасьпяхова працуе таленавітая Хрысьціна Лялько, прыняло ў мяне для выданьня другі пасьля “Блакітнага зьніча” зборнік пад назвай “Парастак”. У ім таксама, перш за ўсё, лірычныя запісы і мініятуры. Некаторыя зь іх прапаную ўвазе паважаных слухачоў “Свабоды”.

Янка Брыль. З новых запісаў

* * * Чытаю кнігу Сяргея Пінаева пра Максімільляна Валошына з надзеяй займець, нарэшце, правільнае ўяўленьне пра яго жыцьцё і творчасьць. Прачытаў палавіну тоўстага тома, больш за трыста старонак і не шкадую, што нырнуў і ў гэтую азярыну, — многа цікавага і патрэбнага. Хоць ёсьць і нудота, асабліва ў літаратуразнаўчых лябірынтах аўтара манаграфіі.

…Кніга адгэтуль, зь лецішча, адаслана ў Менск, і нельга праверыць, ці правільна мне зноў падумалася, што ў грамадзянскую вайну ён, Валошын, заступаўся перад белымі за чырвоных і наадварот з пазыцыяў больш агульнарасейскіх, а не агульналюдзкіх, ці тут было ў яго і адно, і другое?..

Так ці інакш, аднак жа як гэта жахліва — масавыя расстрэлы нядаўніх студэнтаў, маладзенькіх урангелеўскіх афіцэраў, якім чырвонымі за здачу паабяцана была амністыя…

А яшчэ і тое, як Бэла Кун, ці нехта іншы з чырвоных камісараў, як сумняваецца аўтар кнігі, даў Валошыну вялікі сьпіс тых, каго павінны былі зусім неўзабаве расстраляць, і прапанаваў — паэту, мастаку, філёзафу — выкрасьліць па сваім меркаваньні кожнага дзясятага… Во сытуацыя!.. Самога Валошына гэты вугорац выкрасьліў раней.

* * * Ціхан Кісялёў, і мне сымпатычны сваёй натуральнай беларускасьцю, быўшы прэм’ерам, вёў доўгую ды нудна мудрагелістую нараду рэспубліканскага актыву пра неабходнасьць карэннага павышэньня надояў малака. А закончыў яе так:

— Словам, паважаныя таварышы, каб малака было больш, карову трэба карміць, паіць і даіць.

Расказваў мне гэта ў больніцы адзін з пажылых, спакойна інтэлігентных супалатнікаў.

* * * Сон пад раніцу. На нейкім пленуме, як бывала раней у Маскве, сустрэўся з армянскім паэтам Эмінам. Абодва радыя, бо вельмі ж даўно ня бачыліся. Пра што гаварылі — ня помніцца, а пасядзелі, у перапынку адышоўшыся ад разгудзелай таўкатні, даволі-такі доўга. Таленавіты, разумны, дасьціпны Геворг. Калі ж сабраліся разьвітвацца, я раптам убачыў, што стаю ў адной бялізьне, толькі пад гальштукам. І ўжо ні Эміна пры мне, ні другіх навокал нікога… А нейкія дзеўкі тым часам паскладалі ў тым холе ўсю вопратку ўдзельнікаў сходу ў вялізныя кубы, усе адной шэрай масьці…

Як жа мне тут знайсьці сваю? Ад поўнай тупіковасьці прачнуўся.

* * * Мой колішні пасьляваенны сацрэалізм вінаваты яшчэ і ў тым, што напісаў я мала, залішне ходзячы, як кот вакол гарачай місы, каля якое-небудзь новай задумы, — а ці тое? а ці так? — замест таго, каб проста пісаць, “что Бог на душу положит”. Як пісалі, скажам, Чэхаў, ці Шолам-Алейхем… Бо якраз чытаючы яго весела жывучыя апавяданьні яшчэ раз падумалася пра маё малапісаньне.

* * * У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук мне паказалі пісьмо, маё — Караткевічу, архіў якога якраз разьбіраецца. У свой час, калі я, як адзін зь сяброў камісіі па Валодзевай спадчыне, прымаў удзел у праглядзе яго хатняга архіву і забіраў адтуль мае пісьмы яму, гэтага пісьма чамусьці ня бачыў. Цяпер яно знайшлося сярод яго папераў або ў кнігах.

Бог мой! — пісьмо з канца жніўня 1964 году, вясёлае паведамленьне зь Менску ў Рагачоў, дзе ён шчыраваў у дзядзькавым доме, пра маё сямейнае, — як я жонку з дочкамі і рэчамі адправіў з наднарачанскай вёскі Купа выпадковым грузавіком, а васьмігадовага сына спэцыяльна даставіў дадому на рэйсавым самалёціку. Ён тыркаў сабе зусім нясьпешна на невялікай вышыні, а мы з пачырванелым ад хваляваньня Андрэем увесь час пазіралі ў акно. На палявую, лясную, рачную, азёрную красу… Што называецца, з птушынага палёту.

З тым пісьмом у руках мне так прыемна было зноў адчуць тыя радасьці, сынаву і маю, а ў дадатку радасьць і такую — знайшлося яшчэ адно пісьмо другу!..

* * * Бомы-званочкі на лёгкім хамуціку, якія ў нас, на Міршчыне, называюцца ня бомы, не шарахаўкі, як у Максіма Танка над яго Нараччу, а шаламэ. Як жа іх не любіла калісьці за шолам наша быстрая Каштанка! Спачатку проста капрызіла, дарэмна трэсла галавой, а потым дадумалася несьці яе на рысях так роўненька, што званочкі змаўкалі. Бялюткі сьнег, ціхуткі бег… Тым маўчаньнем яны мне і прыгадаліся.

* * *

Ня памятаю, ці чытаў гэта дзе-небудзь, ці запісана яно ў мяне, ці памяць вось сама прынесла: “Не канешня папу яешня!”

Як і такое, матчына, калі яна пачынала нейкую важную справу, перахрысьціўшыся: “Дай, Божа, час добры, гадзіну шчасьлівую!”

* * * Весела гаваркая настаўніца па тэлефоне зь вёскі пытаецца ў старога шаноўнага земляка пра яго пажылую дачку:

— А як там мая дарагая равесьніца? Божа, як мы, малыя, гулялі тут у нас, у бабуляў!.. Недзе згубіўся ў мяне яе нумарок. Дайце мне, калі ласачка, запішу. І ёй таксама пазваню — во палялякаем!..

І слова вясёлае, зусім блізкае да расейскага “покалякать”, а такое ж ну сьвежа сваё, як быццам упершыню яго пачуў.

* * * Маладзенькая паэтка (прозьвішча не запомнілася), у якое бяруць ці ня першае ў жыцьці інтэрвію, з птушынай упэўненасьцю ў шчэбеце заяўляе, што цяпер, маўляў, у літаратуры найважней — рэкляма! Націскам на апошнім слове выразна прыглушваецца, проста здымаецца значэньне слова іншага — талент.

Добра, што хоць затоенай самарэклямы ў дзяўчаці менш, чым бывае, дый нярэдка, у некаторых старэйшых.

* * * Не жывыя пачуцьці, ня ўзьлёты думкі, а нуднае прастарэканьне, натужна зарыфмаваныя пераказы даўно вядомага, кульгавыя паўторы літаратурных штампаў. Такое “паэзіі” ў нас — нудная процьма. І ў маладых, і ў пажылых, і ў сямейных ідылічных парак зь іхным хатнім вязаньнем вершаў… Пад мурлыканьне ката ці кошачкі.

* * * Аберуч узяўшы збан ці збанок, гаспадыня спачатку абавязкова крутане яго сюды-туды ў далонях, каб малако, ужо не сырадой, зьмяшалася са сьмятанай, а тады налівае, куды трэба.

Гэты прывычны жэст прыгадаўся мне з даўнім-прадаўнім матчыным апавяданьнем пра тое, як яна была маладой, а найстарэйшая мая сястра малою дзяўчынкай-першынкай.

— Карова адна, дый тая на цяленьні, ужо не даілася. А яно кавэнчыць: “Дай маляка! Дай маляка!” “Дзе я табе вазьму яго?” “А ты, мама, збанок пакруці! Во так!” І ручкамі паказвае, як гэта трэба зрабіць. А самой жа трэці гадок!..

І маці бачыцца мне маладою, і сястра з маленькімі далонькамі… Годнаю рымскаю лічбай пазначу ў памяці — канец ХІХ стагодзьдзя!.. Нібы й гісторыя, і ледзь не сьцішната — колькі пражылося! Да мяне, са мною, бязь іх…

* * * Высокая, цёмна-зялёная сьцяна маладога бярэзьніку са стромкімі пражылкамі берасьцяна-белых гонкіх ствалоў у густой лістоце. Зводдаль, зьнізу відно, як на тым фоне гарэзьліва, штуршкамі клубіцца, подыхамі іграе хваліста-празрыстай павалокай сінявата-сьветлы дым нябачнага за кустамі вогнішча.

“Пройдзе, як дым”. Пра быстрацечнасьць жыцьця.

Але ж і гэтае адчуваньне красы, зачароўваючы рухам, хвалюе і застаецца. У памяці.

* * * А ці ж гэта не навагоднія падарункі — сынаў званок зь Японіі, а ўнукаў з Італіі? З сынам-фізыкам кароткая гутарка, а ад унука-асьпіранта праз хрып і трэск у тэлефоннай трубцы, толькі за трэцім званком нарэшце пачулася: “Дзя-ду-ля!..” На чым сувязь і абарвалася. Але ж мне і такога нямала.

Калі празь дзень званіў свайму маладзейшаму сябру і расказаў пра тыя званкі, ён засьмяяўся, што гэта ў нас, у трох пакаленьняў Брылёў, ідзе ад майго бацькі-чыгуначніка, вандроўніка па рэйках.

Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паезьдзіў, пахадзіў па сьвеце. І добра!



In memoriam

Алесь Асташонак: “Сьмерць шукае мяне баронячы”

Валянціна Аксак, Менск

Пра гэтую кнігу ў другім томе Беларускае Энцыкляпэдыі напісана, што яна выдадзеная ў 1996 годзе. Але дзесяць гадоў таму яе набор, тады яшчэ ручны, быў у выдавецтве рассыпаны. У “Мастацкай літаратуры” якраз зьмянілася начальства, і Алесь Асташонак патрапіў у даўгі сьпіс непажаданых пісьменьнікаў. Ягоныя сябры сталі жартаваць, што ён не самотны, ён карэктуру кнігі мае. Вычытаная аўтарам карэктура “П’янай кнігі, або Жоўтага колеру белага сьнегу”, згубіўшы пры гэтым першую частку назвы, выдадзеная толькі таму, што 7 верасьня 2004 году з Кіева, дзе пісьменьнік апошні час жыў, прыйшла жалобная вестка. Сваёй сьмерцю ён, як гэта ні жахліва гучыць, выкупіў у выдавецкіх чыноўнікаў права на сваю другую празаічную кнігу. Пра няпросты творчы і жыцьцёвы лёс Алеся Асташонка гаворыць ягоны блізкі сябар, былая рэдактарка часопісу “Крыніца” паэтка Галіна Булыка.

(Валянціна Аксак: ) “Як вядома, кніжка Алеся Асташонка “П’яная кніга, або Жоўты колер белага сьнегу” павінна была выйсьці ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1996 годзе, аднак гэты час супаў са зьменай выдавецкага кіраўніцтва, і Алесь патрапіў у лік тых аўтараў, якія сталі непажаданыя. Галіна, вы, відаць, памятаеце, як адбілася на Алесю гэтая навіна?”

(Галіна Булыка: ) “Мне здаецца, што тое, што здарылася, якраз і сталася адной з прычынаў ягонай дэпрэсіі, дастаткова доўгай, калі ён быў далёка ад радзімы. Далёка, хутчэй, не ў фізычным пляне, таму што Ўкраіна побач, а ў мэтафізычным — ён быў адарваны ад літаратурнага працэсу, і ня толькі таму, што сам быў ня тут, а таму што настаў такі час, калі літаратарам трэба было рабіць выбар — і ня толькі палітычны, але і выбар творчага мэтаду, і ладу жыцьця. І такому чалавеку, як Алесь, мне здаецца, было больш складана, чым багата каму, пісаць вось у гэты час”.

(Аксак: ) “Алеся многія вылучалі сярод раўналеткаў тым, што ён належаў да так званых гарадзкіх празаікаў…”

(Булыка: ) “Я б ня стала падзяляць літаратараў на гарадзкіх і вясковых. Я наагул лічу, што вось гэтая нашая асаблівасьць беларускае крытыкі падзяляць на гарадзкіх — вясковых, больш адукаваных — менш адукаваных, стыхійных — арганізаваных, яна не зусім правільная. Тут, хутчэй, трэба па генэрацыях падзяляць. Але Алесь вылучаўся са сваёй генэрацыі, вылучаўся стыхійнасьцю, неўтаймаванасьцю ў жыцьці і ў творчасьці. А гэта — адзнакі геніяльнасьці. Каб інакш склаўся лёс, то ў яго быў той патэнцыял, які дазваляў яму разьвіцца, але, можа, не хапала вось тых 99 адсоткаў працы, якія дадаюцца да аднаго адсотку Божага дару, і які перахлёствала стыхійнасьць душы… Тут нейкая супярэчнасьць у ім, канечне, была ў гэтых момантах. Але добрая адукацыя, выдатнае веданьне замежных моваў, вялікія пласты культуры, якія былі ў яго сьвядомасьці, — гэта ўсё яго таксама вылучала з шэрагу раўналеткаў. Ён быў — як асоба ў сабе.

У яго было вельмі драматургічнае адчуваньне жыцьця. У прозе ў яго драматургічныя кампазыцыі, тая ж аповесьць “Шклатара” — гэта фактычна п’еса. І мне было дзіўнавата, калі выйшла не ў дзяржаўным выдавецтве кніжка сучаснай беларускай драматургіі і ў ёй не было твораў Алеся Асташонка. Мне здаецца, што там павінна была быць ягоная п’еса — “Камэдыянт”, да прыкладу, ці іншая. А цяпер нарэшце выйшла ў дзяржаўным выдавецтве празаічная кніжка, і вялікі дзякуй за гэта асабіста Віктару Шніпу, які шмат зрабіў для яе выхаду, у чым таксама парадокс нашага часу. Хто, як, чым выкупіў яе выхад?.. Ну нейкія сілы, канечне, паўплывалі… Ну і дзякаваць Богу, што мы маем гэтую кніжку хаця б цяпер, таму што Алесь вельмі чакаў яе, сваю другую кнігу”.

(Аксак: ) “Галіна, скажыце, ці ведаеце вы, які лёс творчай спадчыны Алеся? Ці вярнуліся з Украіны на радзіму яго творы?”

(Булыка:) “Я думаю, што збольшага яны вярнуліся. Дачка Алеся спрычынілася да таго, каб ягоныя творы былі тут. Пераклады яго і тое, што было ў архіве часопісу “Крыніца”, таксама перададзеныя тым людзям, якія складаюць цяпер больш поўны збор твораў Асташонка. І я думаю, што калі нешта страчанае, то няшмат, таму што вакол яго было многа людзей, якія хацелі, каб усё гэта захавалася. Адзінае, што па настроі душы ён сам мог, як Гогаль, штосьці спаліць, які-небудзь другі том несьмяротнага, магчыма, твору… Магло быць і такое”.

(Аксак: ) “Скажыце, ці ёсьць у вас вершы, прысьвечаныя Алесю?”

(Булыка:) “На жаль, такога верша ў мяне не было, ня ведаю чаму, але… Але вось цяпер я пішу вялікі дастаткова цыкль, які называецца “Кніга мёртвых”. Чым далей мы жывём, тым меней побач з намі застаецца людзей, якія адыгрывалі важную ролю ў нашым жыцьці, а новыя людзі не прыходзяць, таму што час мае такую якасьць. Вельмі патрэбныя нам сьветлыя людзі сыходзяць, і мне здаецца, што можна напісаць кнігу ім туды…”

(Аксак: ) “Можа, што-небудзь прачытаеце?”

(Булыка: ) “Пакуль не магу. Калі кніга будзе напісаная, я тады апублікую адразу ўсё. Але я б хацела папрасіць і слухачоў Радыё Свабода, і чытачоў Алеся Асташонка больш уважліва ставіцца да творцаў у жыцьці. Ім вельмі цяжка жывецца”.

(Аксак: ) “Што вам найчасьцей успамінаецца пра Алеся?”

(Булыка: ) “Аднойчы позна ўвечары раньняй вясной я пачула званок у мае дзьверы, зазірнула ў вочка, за дзьвярыма стаяў Алесь. Ён прынёс кветкі, хрызантэмы. Яны былі амаль зьмерзлыя, у такі позьні час іншыя, пэўна, было знайсьці цяжка. Гэта быў пачатак дзевяностых гадоў, і запомніліся лічбы, якія прамовіў Алесь: “Бабулька прадавала за трыццаць рублёў, але я сказаў, што для гэтай жанчыны я іх куплю за пяцьдзясят. І лічы, што яны добрыя, што яны сапраўды жывыя”. І я да гэтага часу памятаю гэтыя кветкі, і мне здаецца, што гэта таксама — твор, вось такі ўчынак”.



Нотны сшытак

Новае аблічча групы “P.L.A.N.”

Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Часам здараецца, што задума пра пэўны мастацкі твор перарастае ў самастойны праект. Менавіта так адбылося з Андрэем Плясанавым: задума выдаць альбом “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна” пераўтварылася ў самастойны праект, а сам дыск атрымаў назву “Зьніч надзеі”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Андрэй Плясанаў, лідэр групы “P.L.A.N.”, гады два выношваў ідэю выданьня зборніку “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна”. Ды з часам атрымалася так, што задума гэтая вылілася ў асобны праект. Андрэй нават адсунуў час выданьня зборніка, каб, не сьпяшаючыся, давесьці яго да таго ўзроўню, які ён сам лічыць патрэбным. Пры гэтым атрымалася, што гэты альбом у даробку Андрэя Плясанава зрабіўся першым, які пазначаны выразнай канцэптуальнасьцю. Зразумела, я ня мог не пацікавіцца, што стала асновай для падобнай ідэі”.

(Андрэй Плясанаў: ) “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна” спачатку рыхтаваліся як асобны дыск, але потым гэта ўжо перарасло ў назву цэлага праекту. Сам дыск называецца “Зьніч надзеі”. А “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна” — гэта проста “P.L.A.N.” акустычны. Я даўно хацеў выдаць проста акустычны “P.L.A.N.”, але потым пабачыў, што вельмі шмат песень, якія яшчэ не рэалізаваныя, але яны вельмі прыгожыя, і іх можна запісваць як цэльны праект”.

(Падбярэскі: ) “І ўсё ж, што гэта значыць — “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна?”

(Плясанаў: ) “Гэта гурт “P.L.A.N.”, толькі ў пашыраным варыянце, бо ўжо на другім альбоме з намі працавалі і віялянчалістка Кацярына Радзько, і альтыстка Насьця Семяновіч, і пэркусіяніст Максім Кісялеўскі. Падчас запісу трэцяга альбому яны працягвалі з намі супрацоўнічаць, і ў чацьвертым альбоме яны разам з Анатолем Стэцэнкам асноўныя музыкі, якія гралі практычна ва ўсіх песьнях. Дадаткова былі запрошаны Піт Паўлаў з гурту “N.R.M.”, дуэт “Аляксандра і Канстанцін”, і такіх музыкаў было каля сямнаццаці чалавек”.

(Падбярэскі: ) “Адкуль жа ўзялася такая назва — “Пёсэнкі самотнэго ліцьвіна”? Які сэнс — я ўсё ж хачу дабіцца — ты ў яе закладаў?”

(Плясанаў: ) “Тут усё: гэта боль і за краіну, і за народ, і за сябе — за ўсё! Практычна, толькі пачынаецца нейкі ўздым беларускамоўнай музыкі, але шкада, што толькі на радыё, таму што тэлебачаньне як не паказвала, так і не паказвае такой музыкі. Гэта — боль за нашу краіну”.

(Падбярэскі: ) “Што складае рэпэртуар гэтага альбому “Зьніч надзеі”? Адкуль гэтыя песьні? Я так разумею, што з рознага часу, ад розных нават народаў?”

(Плясанаў: ) “Гэта песьні, сабраныя на працягу трыццаці гадоў. Там тры песьні народныя, прычым адну зь іх я пачуў у выкананьні “Гусьляроў”. Яны гэтую песьню сьпявалі яшчэ ў 1967—1968 гадах, і яна мне настолькі тады спадабалася, што я яе ня мог ня выкарыстаць. Дарэчы, акрамя “Гусьляроў” гэтую песьню чамусьці ніхто не заўважыў. Потым песьня “Гоман”. Уладзімер Угольнік, таксама недзе ў 1969 годзе, калі гэта была ўжо група “Пані браці”, прыйшоў да мяне і сказаў: слухай, я табе зараз песьню прайграю, вазьмі і выконвай яе, бо мы ня будзем яе сьпяваць, але песьня вельмі добрая. І найграў мне гэты “Гоман, гоман”, але ў такой рокавай манеры. Яна мне настолькі спадабалася, што калі я працаваў у філярмоніі, я прапанаваў яе Мулявіну. Мулявін паслухаў і сказаў: ну, нармальная такая песьня, але, дзякаваць Богу, ня ўзяў. Потым я прапанаваў яе “Крыві”, але яны таксама яе ня ўзялі. І Бог даў мне магчымасьць гэтую песьню зрабіць самому. Ну, і песьня “Шынкарачка”, якую мы гралі ў рокавай манеры, а тут яна гучыць у акустычнай вэрсіі”.

(Падбярэскі: ) “Але я ведаю, што ў альбоме ёсьць яшчэ пэўныя ўспаміны з твайго юнацтва, а менавіта песьні, узятыя з рэпэртуару польскай групы “Чэрвонэ гітары”.

(Плясанаў: ) “Дзьве песьні ўвайшлі з рэпэртуару “Чэрвоных гітараў”: гэта “Ганна-Марыя” і “Колеры восені”. Да “Чэрвоных гітараў” у мяне закаханасьць была ўсё жыцьцё, бо я іх і ведаў добра пэўны час, і вельмі многа песень іх сьпяваў. Таму я вырашыў, што яны павінны нейкім чынам гучаць на беларускай мове. Астатнія ж песьні таксама былі напісаны мной на працягу многіх гадоў, напісаны і дваццаць гадоў таму, напісаны і некалькі месяцаў таму. Напрыклад, “Русалчын вэлюм”. Гэта была ідэя Супрановіча выдаць альбом, прысьвечаны Ларысе Геніюш. На яе верш я напісаў песьню, якая ўвайшла і ў альбом Геніюш, і ў наш”.

(Падбярэскі: ) “Наколькі мне вядома, альбом уключае і дадатковыя матэрыялы. Ёсьць і відэа, і нейкія МР3-запісы…”

(Плясанаў: ) “Мы ўставілі кліпы тэлебачаньня СТВ, а таксама ўключылі два эфіры з Радыё Свабода і “Аўтарадыё”. Яны настолькі дапоўнілі матэрыял візуальны і наагул гісторыю маю, стварэньня гурту, што я проста ня мог гэтых матэрыялаў ня ўставіць у альбом”.

(Падбярэскі: ) “І, нарэшце — калі ж можна чакаць гэтага альбому ў продажы?”

(Плясанаў: ) “Ён павінен зьявіцца напярэдадні 8 сакавіка як падарунак нашым беларускім жанчынам. Практычна ён цяпер у Маскве зроблены, паліграфію вырабляе адна зь фірмаў у Менску”.

(Падбярэскі: ) “Дык я так разумею, што замест кветак ты паднясеш беларускім жанчынам “Зьніч надзеі?”

(Плясанаў: ) “Не, кветкі я таксама буду дарыць, але толькі сваім любімым жанчынам: маёй жонцы і дачцэ. Ну а дыск, думаю, мужчыны павінны будуць купіць, каб потым падарыць жанчынам”.
XS
SM
MD
LG