Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра выступы кандыдатаў у прэзыдэнты вядомыя асобы?


Радыё Свабода Якія ўражаньні пакінулі ўчорашнія тэлевыступы кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча? Меркаваньні Генадзя Бураўкіна, Аляксея Марачкіна і Ўладзімера Парфяновіча запісаў наш карэспандэнт.

Паэт Генадзь Бураўкін лічыць, што выступы спадароў Казуліна і Мілінкевіча былі больш цікавыя і яркія, чым выступ Сяргея Гайдукевіча. Паводле Генадзя Бураўкіна, спадар Мілінкевіч змог поўна раскрыць свае пазыцыі і пакінуў уражаньне інтэлігентнага, адукаванага і прынцыповага чалавека.

(Бураўкін: ) “Усё ёсьць, што павінна быць у палітыка эўрапейскага ўзроўню. Ён не стараўся агаломшыць людзей, сябе падаць выгадна. Адказы яго былі абсалютна спакойнымі, разумнымі і не спэкулятыўнымі. Можа быць, яму нейкай харызмы не хапала асабістай, то мне ўжо ад гэтай харызмы, якая ёсьць у краіне, моташна”.

Спадар Бураўкін кажа, што выступ Аляксандра Казуліна быў падрыхтаваны згодна з ужо вядомымі папулісцкімі стандартамі.

(Бураўкін: ) “Многія яго закіды сёньняшняму кіраўніку дзяржавы я падзяляю. Хацеў бы, каб як ва ўсіх, побач з нашым кіраўніком была першая лэдзі, каб нам ня хлусілі так, як хлусіць атачэньне. Ну, але мне хацелася большай стрыманасьці, прадуманасьці ў фармулёўках. Хаця гэта, бясспрэчна, выступ, які атрымае розгалас у нашым грамадзтве”.

Паводле мастака Аляксея Марачкіна, абодва кандыдаты дапаўняюць адзін аднаго — і не адчувальна, што нехта выйграў. Выступ Мілінкевіча ён назваў спакойным і ўдумлівым. Спадар Марачкін пра выступ Аляксандра Казуліна сказаў:

(Марачкін: ) “Гэта выступ вельмі эмацыйны, які даходзіць да сэрца кожнага. Таму што, фактычна, Казулін распрануў караля, агаліў самыя балючыя кропкі сёньняшняй палітычнай сытуацыі. Гэта сьмелы выступ, які дасьць нейкі імпульс падавіць страх у вэртыкальшчыкаў, каб нашыя людзі крыху растармазіліся”.

Тройчы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч лічыць, што ў першым тэлевыступе спадар Казулін нагадваў раньняга Лукашэнку.

(Парфяновіч: ) “Упершыню за пятнаццаць гадоў мы ўбачылі на беларускім тэлебачаньні чалавека, які сказаў праўду. Гэта дэжа-вю — мы бачым раньняга Лукашэнку. Наступны крок, які трэба зрабіць Казуліну і кандыдатам — яны павінны выступіць на Ўсебеларускім народным сходзе”.

Адносна выступу спадара Мілінкевіча Ўладзімер Парфяновіч заўважыў:

(Парфяновіч: ) “Мілінкевіч — гэта проста плястылін. Добры, інтэлігентны выступ. Але пры існай сыстэме ўлады ён не задаволіць нашага выбарніка. Выбарніку трэба зразумець, што прыйшоў чалавек, які хоча адстойваць іх правы”.

Гл. таксама • Тэлевыступ Аляксандра Мілінкевіча • Тэлевыступ Аляксандра Казуліна • Тэлевыступ Сяргея Гайдукевіча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG