Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар “Згоды”: газэта можа спыніць сваё існаваньне (фота)


Радыё Свабода Падчас ператрусу, праведзенага КДБ 22 лютага, у рэдакцыі “Згоды” сканфіскавалі сыстэмныя блёкі кампутараў, дыскеты і іншыя носьбіты інфармацыі. Выхад газэты прыпынены на нявызначаны тэрмін. Рэдактар выданьня Аляксандар Зьдзьвіжкоў праходзіць як сьведка ў крымінальнай справе па факце “распальваньня расавай, рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці”. Прычынай завядзеньня справы стаў перадрук карыкатураў на прарока Мухамэда з дацкай газэты.

На наступны дзень пасьля ператрусу ў рэдакцыі “Згоды” няма звыклай дзелавой атмасфэры журналісцкай працы. Аляксандар Зьдзьвіжкоў просіць прабачэньня за гармідар у пакоях — не пасьпелі прыбраць сьляды ўчорашніх падзей. Рэдактар кажа, што будучыня выданьня выглядае няпэўнай. А пакуль, напрыклад, карэспандэнтка Натальля Валакіда раіцца па тэлефоне з адвакатам, бо атрымала запрашэньне на размову ў КДБ.

Заснавальнік газэты Аляксей Кароль і рэдактар Аляксандар Зьдзьвіжкоў ужо пабывалі на допытах у КДБ 22 лютага.

Празь дзяржаўную тэлевізію першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч заявіла пра наступствы парушэньня артыкулу пра “распальваньне расавай, рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці”:

(Ананіч: ) “Дадзенае пэрыядычнае выданьне будзе вынята з усіх каналаў распаўсюду. Бо закон аб друку не дапускае распаўсюду такіх СМІ”.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў падкрэсьлівае, што ад 1 студзеня 2006 году “Згода” ўжо не распаўсюджваецца празь дзяржаўную сыстэму:

(Зьдзьвіжкоў: ) “Вядома, яны могуць нас пазбавіць права выдавецкай дзейнасьці. І наагул — зачыніць газэту. На шэсьць месяцаў, ці наагул зачыніць. Дзейнае заканадаўства ім гэта дазваляе. Пабачым. Мая асабістая думка, што ў цяперашнім выглядзе “Згоды” ўжо ня будзе”.

У афіцыйным камэнтары Міністэрства замежных справаў прэс-сакратар Андрэй Папоў зазначыў:

(Папоў: ) “Такога кшталту падыходы цалкам разыходзяцца з афіцыйнай лініяй Рэспублікі Беларусь”.

Летась супраць газэты заводзілі крымінальную справу “за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта”. Урэшце справу перакваліфікавалі ў адміністрацыйную. Аляксею Каралю і Аляксандру Зьдзьвіжкову прысудзілі 100 базавых велічыняў штрафу кожнаму — у пераліку гэта блізу 1200 даляраў.

Раней заснавальнік і галоўны рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль заявіў “Свабодзе”, што карыкатуры на прарока Мухамэда былі перадрукаваныя безь ягонага ведама.

Фотарэпартаж з рэдакцыі "Згоды" пасьля ператрусу КДБ

Zhoda, Zgoda, Згода

Zhoda, Zgoda, Згода

Zhoda, Zgoda, Згода

Zhoda, Zgoda, Згода

Zhoda, Zgoda, Згода
XS
SM
MD
LG