Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пакуль не рэагуе на заклік Казуліна пра "расстрэльную каманду"


Радыё Свабода У Пракуратуры Беларусі стрымана ставяцца да патрабаваньня Аляксандра Казуліна распачаць крымінальную справу паводле зьвестак, якія выклаў у сваёй кнізе “Рэсстрэльная каманда” былы міліцыянт Алег Алкаеў. Між тым, зьбеглы ў Нямеччыну міліцыянт гатовы адказаць на пытаньні сьледчых, калі дойдзе да крымінальнай справы супраць яго за дыскрэдытацыю Беларусі.

22 лютага кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін падчас выступу на тэлебачаньні паказаў гледачам кнігу “Расстрэльная каманда” пра таямніцы зьнікненьня ў Беларусі апазыцыянэраў. Палітык запатрабаваў завесьці крымінальную справу альбо супраць Аляксандра Лукашэнкі, якога аўтар кнігі абвінавачвае ў датычнасьці да зьнікненьняў, альбо супраць Алега Алкаева, калі той хлусіць. Як у пракуратуры Беларусі паставіліся да гэтага патрабаваньня кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна?

(Лявай: ) “Пакуль ніякай такой інфармацыі няма. На жаль. Калі што будзе, то нам дадуць, але пакуль няма”, — адказаў супрацоўнік прэсавай службы пракуратуры Беларусі Ягор Лявай.

Ён нагадаў, што ў пракуратуры дагэтуль не закрыты справы аб зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, пра якія пісаў у сваёй кнізе Алег Алкаеў. Пры гэтым супрацоўнік пракуратуры ня змог удакладніць, на якой стадыі знаходзіцца расьсьледаваньне.

А як Алег Алкаеў паставіўся да верагоднасьці таго, што на яго завядуць крымінальную справу за дыскрэдытацыю Беларусі? Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару кажа, што пракуратура абавязана распачаць такую справу, паколькі матэрыялы ягонай кнігі сапраўды ўтрымліваюць зьвесткі, якія падпадаюць пад новы закон аб дыскрэдытацыі Беларусі. Алег Алкаеў згодны адказаць на любыя пытаньні сьледчых і сам будзе дамагацца сустрэчаў з тымі, пра каго пісаў у сваёй “Расстрэльнай камадзе”.

(Алкаеў: ) “Ім жа давядзецца насупраць мяне сядаць на вочнай стаўцы. І гэта будзе не на іх карысьць. Хай сядуць насупраць міністар Уладзімер Навумаў, былы міністар Юры Сівакоў, хай патлумачаць пэўныя рэчы. Хаця б навошта арыштоўвалі Зьмітра Паўлічэнку і навошта бралі расстрэльны пісталет? Для пачатку гэтых двух пытаньняў хопіць”.

Паводле вэрсіі Алега Алкаева, камандзір спэцназу Зьміцер Паўлічэнка быў арыштаваны як падазраваны ў забойстве Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Арыштаваць яго загадаў тагачасны старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч, а пракуратура арышт дазволіла. Між тым, нібыта пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі Паўлічэнка быў вызвалены, а потым з матэрыялаў справы зьніклі дакумэнты, якія сьведчылі пра яго датычнасьць да зьнікненьняў апазыцыянэраў. Алег Алкаеў перакананы, што копіі гэтых дакумэнтаў яшчэ зьявяцца на будучым судзе над выкрадальнікамі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Дапамогу сьледзтву Алкаеў абяцае.

(Алкаеў: ) “Хай прыяжджае сьледчы сюды, запісвае на відэа, праводзіць вочныя стаўкі. Закон гэта дазваляе, я ж грамадзянін Беларусі і ад гэтага не адмаўляюся”.

Нагадаем, крымінальныя справы паводле зьнікненьняў лідэраў апазыцыі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і журналіста Завадзкага вядуцца ўжо болей за пяць гадоў, але выніку няма. Між тым, шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічаць, што да выкраданьня гэтых асобаў мае непасрэднае дачыненьне беларуская ўлада.
XS
SM
MD
LG