Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачнуць судзіць “зуброўцаў”


Радыё Свабода Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску пачнецца працэс над актывістамі моладзевага руху “Зубр” Аляксандрам Казаковым і Зьмітром Зубром. Іх затрымалі ўначы з 28 на 29 сьнежня пасьля таго, як яны зрабілі надпісы палітычнага зьместу на будынку Цэнтральнага суду, і абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня. Праз тры дні, 27 лютага, будуць судзіць актывіста Маладога Фронту Зьмітра Касьпяровіча за тое, што ён намагаўся замяніць дзяржаўны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму на нацыянальны бел-чырвона-белы. Апошнімі днямі яшчэ на супраць некалькіх чалавек заведзены крымінальныя справы за палітычную дзейнасьць. Маладых апазыцыянэраў выключаюць з вучобы амаль штодня.

Аляксандр Казакоў і Зьміцер Зубро прыйдуць у суд Цэнтральнага раёну а 9 раніцы. Хлопцы жывуць у Барысаве. Трое сутак пасьля затрыманьня яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Іх выпусьцілі да суду пад падпіску пра нявыезд. Яны абвяргаюць абвінавачаньні ў супраціве міліцыянтам. Студэнт Аляксандр Казакоў паведаміў Радыё Свабода:

(Казакоў:) “Насамрэч я суду не баюся. Я ведаю, што я правы. Не згодны з тымі абвінавачаньнямі, якія мне інкрымінуюць. Мяркую, што ўсё будзе добра. Я вярнуся дахаты, да сваіх бацькоў бліжэйшым часам. Я гатовы адказваць за графіці, якія, ну,..былі. Але я не супраціўляўся міліцыянтам.”

Паплечнікі Зьмітра Зубра і Аляксандра Казакова не выключаюць, што хлопцаў могуць арыштаваць, каб пазбавіць іх магчымасьці ўдзельнічаць у заплянаваных моладзевых акцыях. У сьледчым ізалятары знаходзяцца маладафронтаўцы Зьміцер Касьпяровіч і Артур Фінькевіч. Першы за тое, што нагаўся замяніць дзяржаўны сьцяг на бел-чырвона-белы, а другі – за графіці палітычнага зьместу. Але абодвух абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Пяцёра актывістаў моладзевых рухаў адбываюць арышты ў спэцпрыёмніку за ўдзел у акцыі Салідарнасьці. Іх таксама абвінавацілі ў хуліганстве, але ў дробным. На кватэрах маладафронтаўцаў адбыліся ператрусы.

Некалькі школьнікаў паставілі на ўлік у інспэкцыю ў справах непаўнагадовых за іх сяброўства ў моладзевых арганізацыях. Яшчэ некалькі чалавек выключылі з вучобы літаральна цягам апошняга тыдня, у тым ліку і сакратара БРСМ чацьвёртага курсу факультэту прадпрымальніцтва і кіраваньня БАТУ Венядзікта Кляўзэ. Венядзікт заявіў, што сапраўднай прычынай выключэньня стала тое, што ён дапамагаў зьбіраць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. У “чорны” сьпіс дэканату трапілі студэнты, якія падтрымалі Кляўзэ на сходзе.

Улады не ўжывалі палітычных артыкулаў супраць затрыманых, але выключэньнем стала крымінальная справа за кіраваньне арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Паводле яе затрыманыя Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка. Яны знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ і пакуль маюць статус падазраваных.
XS
SM
MD
LG