Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі ёсьць перабоі зь лекамі?


Радыё Свабода З прылаўкаў беларускіх аптэкаў час ад часу зьнікаюць лекі, патрэбныя супраць розных хваробаў. Чаму так адбываецца, паспрабавала высьветліць наша карэспандэнтка.

Праблему адсутнасьці лекаў днямі зьведалі жанчыны, якія маюць патрэбу ў дзюфастоне й прагэстэроне, неабходных для захаваньня цяжарнасьці. А хворыя на радыкуліт людзі сьцьвярджаюць, што каб набыць неабходны для лекаваньня прэпарат мукасат, яны ўвогуле вымушаныя запісвацца ў чэргі на некалькі месяцаў наперад. Аднак памочніку міністра аховы здароўя Алегу Матусевічу пра дэфіцыт лекаў нічога не вядома.

(Матусевіч:) “Быццам няма такой праблемы. У кожным разе, я ўвогуле пра гэта ня ведаю. Да мяне не зьвярталіся з такімі пытаньнямі”.

Тым ня менш, бацькі хворых дзяцей на фэнілкетанурыю -- альбо парушэньне абмену рэчываў, заяўляюць: пэрыядычную адсутнасьць прэпарату тэтрафен яны адчуваюць усё жыцьцё. Хоць мусяць прымаць яго праз бесперапынна. Расказвае маці хворага падлетка спадарыня Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) “У пекле мы ўвесь час жывём: увесь час гэтыя перабоі. Вось зараз у Менску два месяцы не было, а ў абласьцях і дагэтуль няма. Дайшло да таго, што цяжарным кажуць – ідзі рабі аборт. Але ёсьць людзі, якія кажуць, што дасьць Бог, тое і будзе. Яны нараджаюць -- і такія праблемы ў сем’ях! Я ня ведаю, у чым праблема. Праблема, пэўна, у тым, што ім на нас напляваць...”

Паводле спадарыні Сьвятланы, хворых на фэнілкетанурыю дзяцей у Беларусі каля 700 чалавек, а лекуюцца прыкладна 200. Астатніх чакае разбурэньне цэнтральнай нэрвовай сыстэмы й пажыцьцёвая глыбокая інваліднасьць. Пытаюся ў мінакоў на сталічных вуліцах, ці даводзіцца ім сустракацца з праблемаю адсутнасьці лекаў?

(Спадар: ) “Не, Божа барані, пакуль не. Можа таму, што я мала хварэю, а таму й не даводзілася сустракацца”.

(Спадарыня: ) “Так, наконт лекаў, каб нешта патрэбнае знайсьці, то трэба паезьдзіць па аптэках горада й пашукаць. Вось так проста ня прыйдзеш у аптэку й ня купіш”.

(Спадар: ) “Я лекаў увогуле не ўжываю. Арганізм павінны сам спраўляцца”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць, безумоўна такое здараецца. Калі вельмі вузкай скіраванасьці мэдыкамэнтаў, то гэта, пэўна, ня так і дзіўна”.

Мэдыкі-практыкі пацьвердзілі мне, што некаторы час адсутнічалі прэпараты для ВІЧ-інфікаваных. Гаворыць лекар Андрэй Вітушка.

(Вітушка:) “Гэта зьвязана, па-першае, з празьмернай зарэгуляванасьцю фармацэўтычнага рынку Беларусі. Часткова гэта можа быць зьвязана з праблемамі фінансаваньня тых ці іншых прэпаратаў. Ну й па-трэцяе, я думаю, гэта зьвязана са стратэгіяй татальнага імпартазамяшчэньня. Там, дзе ёсьць вольны рынак, такія праблемы зьяўляюцца вельмі рэдка”.
XS
SM
MD
LG