Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ узбудзіў крымінальную справу супраць "Згоды" з-за карыкатур


Севярын Квяткоўскі, Менск 22 лютага ў газэты “Згода” КДБ правёў ператрус і канфіскаваў кампутары. Ператрус у рэдакцыі незалежнага выданьня санкцыяваў намесьнік генэральнага пракурора. Ператрус быў зьвязаны з публікацыяй карыкатур на прарока Мухамеда і зьдзяйсьнялі яго апэртыўнікі КДБ. Апрача сыстэмных блёкаў кампутараў былі канфіскаваныя ўсе іншыя носьбіты інфармацыі: сярод іншага дыскеты, некаторыя нумары “Згоды”, а таксама працоўная кніжка рэдактара Аляксандра Сьдзьвіжкова і фінансавыя дакумэнты газэты.

Заснавальнік “Згоды” Аляксей Кароль і галоўны рэдактар Аляксандар Сдзьвіжкоў дапытаныя ў КДБ. Перад допытам у КДБ супрацоўнікі спэцслужбы ладзілі ператрус у кватэры Аляксея Караля. Паралельна ладзіўся ператрус ў рэдакцыі “Згоды”, які цягнуўся больш за тры гадзіны:

(Супрацоўнік КДБ: ) “Калі ласка, ідзіце адсюль...”

Супрацоўнікі КДБ не дазволілі ўвайсьці ў рэдакцыю карэспандэнту Радыё Свабода, а таксама назіральніцы ад АБСЭ Джэйн Джоплінг. Тым ня менш, па заканчэньні ператрусу сталі вядомыя акалічнасьці справы. Сьведчыць карэспандэнтка выданьня Натальля Валакіда:

(Валакіда: ) “Аглядалі ўсё. Паперы аглядалі, нават старыя, нейкую макулятуру. Кампутары адразу выключылі. Не далі скапіяваць ніводнага файла. Так што выхад газэты сарваны”.

Натальлі Валакідзе падаліся дзіўнымі панятыя:

(Валакіда: ) “Панятых прывялі з сабой. Мы так зразумелі, што яны добра паміж сабою знаёмыя: калі паміж сабой размаўлялі, па імёнах называлі адзін аднаго”.

А вось як пракамэнтаваў сытуацыю рэдактар выданьня Аляксей Сьдзьвіжкоў пасьля допыту ў КДБ:

(Сьдзьвіжкоў: ) “Зь мяне ўзялі падпіску пра таямніцу сьледзтва. Таму я нічога не магу сказаць пра тое, што было ў будынку КДБ. Але я магу выказаць сваё меркаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы вырашылі праілюстраваць матэрыял карыкатурамі, Вы ўсьведамлялі, што ў газэты могуць быць пэўныя праблемы?”

(Сдвіжкоў: ) “Так! Але нічога абразьлівага для мусульманскай веры, на мой погляд, у гэтых малюнках няма. Я вельмі ўважліва іх разглядаў – тыповыя палітычныя карыкатуры”.

Кіраўнік мусульманскага рэлігійнага аб''яднаньня Беларусі муфтый Абу-Бекір Шабановіч заявіў, што публікацыя ў газэце карыкатураў на прарока Мухамеда абражае пачуцьці вернікаў і зьяўляецца палітычнай правакацыяй напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Адразу пасьля допыту Аляксандра Сьдзьвіжкова ў КДБ быў дастаўлены Аляксей Кароль, зь якім на момант падрыхтоўкі матэрыялу не было сувязі.

Пасьля правядзеньня ператрусаў і допытаў стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі распачаў крымінальную справу па факце публікацыі карыкатураў на прарока Мухамеда ў газэце “Згода”. Справа распачатая паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу “Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы і розьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG