Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты наведалі затрыманых актывістаў у КДБ


Радыё Свабода Сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Цімафея Дранчука, Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку наведалі адвакаты. Апазыцыянэраў трымаюць ў сьледчым ізалятары КДБ.

21 лютага апэратыўнікі зрабілі ператрус у іхных кватэрах. Яны забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Спачатку іх падазравалі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, але потым перакваліфікавалі справу паводле іншага артыкулу – кіраваньне арганізацыяй, якая парушае правы і абавязкі грамадзянаў.

Адвакат Вера Страмкоўская прысутнічала на допытах актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі і Аляксандра Шалайкі ў КДБ. Адваката Паўла Сапелку пусьцілі толькі а 17-й гадзіне да яго падабароннага Цімафея Дранчука. Усе пытаньні тычыліся дзейнасьці затрыманых у незарэгістраванай арганізацыі.

(Страмкоўская: ) “Яшчэ не вырашана пытаньне наконт прад’яўленьня абвінавачаньня. Гэта пытаньне будзе вырашана праз два дні. Таксама і пытаньне пра меру стрыманьня. Яны ня маюць ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрыманьня. Усё, што можна для іх зрабіць у такіх умовах, для іх зроблена. Трымаюцца бадзёра, у нармальным маральным стане. Сёньня мы падалі скаргі на імя генэральнага пракурора, бо адбылося шмат парушэньняў іх правоў”.

Нагадаем: летась 30 кастрычніка спэцназаўцы затрымалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі арганізацыі “Партнэрства” ў кінатэатры “Цэнтральны”. На лідэраў арганізацыі склалі пратаколы за парушэньні ў часе правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Потым суд пакараў іх арыштамі на 15 сутак.

Мікола Астрэйка заяўляў, што ня будзе рабіць маніторынг у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, паколькі ня мае дастаткова часу, каб сфармаваць неабходныя структуры.

Ператрусы і затрыманьні сталі для іх і іхных сваякоў поўнай нечаканасьцю. У Міколы Астрэйкі і Цімафея Дранчука цяжарныя жонкі. У Аляксандра Шалайкі 10-месячнае дзіця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG