Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлевыступ Сяргея Гайдукевіча


Радыё Свабода 21 лютага да выбарцаў зьвярнуўся лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, які засяродзіўся на крытыцы сваіх канкурэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах, што, паводле ягоных словаў, хочуць “падманутых людзей вывесьці на вуліцы”. Прапануем поўны тэкст ягонага тэлевыступу (пераклад з расейскай мовы).

Паважаныя суайчыньнікі!

Першае, што мне хочацца сказаць — гэта шчыра падзякаваць сотням тысячаў беларускіх грамадзянаў, якія паставілі подпісы за вылучэньне мяне Кандыдатам у Прэзыдэнты нашай Дзяржавы.

Я дзякую вам усім за вялікую падтрымку й вялізны давер.

Мільёны грамадзянаў, якія мяне ведаюць, цудоўна разумеюць і пераканаліся, што я ніколі не мяняў сваіх прынцыпаў і перакананьняў.

Атрымаўшы парлямэнцкую трыбуну, калі беларускія грамадзяне абралі мяне дэпутатам Парлямэнту Рэспублікі Беларусь — вы ведаеце — я настойліва, нягледзячы на пасады чыноўнікаў, адстойваю інтарэсы простых грамадзянаў ня толькі сваёй выбарчай акругі, а любога грамадзяніна нашае Дзяржавы, у якім рэгіёне ён ні жыў бы. І такіх прыкладаў тысячы і тысячы, і гэта толькі крыху болей за год.

Абсалютна зразумела, што я вырашыў зладзіць свой выступ выключна на аснове нашых з вамі гутарак, пытаньняў, якія вы мне задавалі на нашых шматлікіх сустрэчах, па дзясятках тысяч лістоў, атрыманых на мой адрас за апошнія гады.

Вы ведаеце, і я вам гэта пацьвярджаю, што бальшыня нашых грамадзянаў на адзін голас кажуць мне адно: “Сяргей Васілевіч, зрабіце ўсё, што ад Вас залежыць, каб у нашай дзяржаве былі стабільнасьць, парадак і дабрабыт, не дапусьціце разьвіцьця сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусі паводле аплачаных за чужыя грошы сцэнароў, калі падманутых, адурманеных нязбытнымі абяцаньнямі людзей, за грошы цягнуць на вуліцы гарадоў правакаваць беспарадкі”.

Адказваю вам усім, ніколі гэтага не дапушчу, чаго б мне гэтага ні каштавала, якія б цяжкасьці ні стаялі на маім шляху.

Ня вялікі жаль, і вы ўсе бачыце, кандыдаты ў Прэзыдэнты ўжо падчас рэгістрацыі ў сваіх заявах далі зразумець, што дзеля чужых, ня дзеля сваіх інтарэсаў гатовыя пайсьці на радыкальныя дзеяньні.

І як вы думаеце, чаму яны ад пачатку так старанна рыхтуюць выбаршчыкаў да такіх падзеяў?

Адказ адзін — ад поўнай палітычнай нямогласьці, ад сваёй невядомасьці, ад крыўды, што нічога іншага прапанаваць беларускаму народу яны ня могуць.

І маўчаць, не гаварыць пра гэта я ня маю маральнага права, і я перакананы, што павінен і будзе вырашаць толькі БЕЛАРУСКІ НАРОД — як нашай краіне разьвівацца, у якім кірунку ісьці і каму АЧОЛЬВАЦЬ нашу дзяржаву, а не замежныя палітолягі й структуры, якія маюць свае карысьлівыя інтарэсы ў тым, якой быць нашай дзяржаве.

Перакананы, што пераважная бальшыня грамадзянаў, якія цяпер мяне слухаюць, падзяляюць мой пункт гледжаньня і цалкам падтрымліваюць мяне.

У нас у Беларусі ёсьць, у простым сэнсе гэтага слова, выкармленыя Захадам палітычныя сілы, якія рвуцца да ўлады і нацэленыя сваімі апекунамі на вырашэньне аднае-адзінае задачы — разбурэньне Беларуска-расейскага Саюзу.

Усе ж іхныя астатнія размовы пра дэмакратыю, правы чалавека і разьвіцьцё эканомікі дзеля адводу вачэй як беларускіх грамадзянаў, гэтак і палітычнай эліты.

Паглядзіце на іхную палітычную праграму! Абяцаньні паводле прынцыпу “падвысіць, паглыбіць і пашырыць”, якія абсалютна ні да чаго не абавязваюць — усё гэта мы ўжо чулі. Але затое як старанна замоўчваецца сапраўднае стаўленьне да таго ж беларуска-расейскага супрацоўніцтва і Саюзу, да дзяржаўнага дзьвюхмоўя.

Яны ўжо цягам дзесяцігодзьдзя з упартасьцю, вартай лепшага ўжытку, спрабуюць пазбавіць беларускіх грамадзянаў асноўнага дэмакратычнага права: самым выбіраць мову адукацыі, творчасьці. Уявіце сабе на адну хвіліну, што будзе з нашай дзяржавай, з усімі намі, з нашымі пэнсіямі, заробкамі, калі раптам гэтыя дзеячы прыйшлі б да ўлады.

Думаю, што энэрганосьбіты з Расейскай Фэдэрацыі падаражэлі б у некалькі разоў, а кошт на газ стаў бы проста астранамічным.

Бо гэта будзе менавіта так.

А хіба яны кажуць пра гэта? Натуральна, не.

І так ва ўсім — прыгожыя словы, а да прэзыдэнцкіх выбараў беларускаму выбаршчыку прапануюцца нікому не вядомыя асобы, якіх шчодра падтрымліваюць замежныя структуры, а не беларускі народ.

На што разьлічваюць?

Сцэнар вядомы з украінскіх і беларускіх падзеяў.

Быццам бы апыталі людзей на выхадзе з выбарчых участкаў, абвяшчаецца вынік, выгодны для іхнага кандыдата, перадаецца ў г.зв. свабодную прэсу і яшчэ да заканчэньня падліку галасоў клічуць людзей на плошчу — быццам бы за свабоду і дэмакратыю. І ўсё гэта за вялікія грошы г.зв. спонсараў.

Вось гэта трэба ведаць кожнаму.

А што будзе далей зь Дзяржаваю, з грамадзянамі? Паверце мне, іх гэта абсалютна не цікавіць.

Я нават упэўнена магу прадказаць вам, што будуць казаць заўтра, пасьлязаўтра.

Адно будзе галоўным — УСЁ КЕПСКА. УСЁ ТРЭБА МЯНЯЦЬ!

“А што думае Гайдукевіч пра ўсё, што ў нас адбываецца ў краіне?” — пытаецца шмат хто з вас.

За мінулыя дзесяць гадоў у Беларусі зроблена вельмі шмат, і адмаўляць гэта могуць толькі абсалютна безадказныя людзі. Але адначасна ў сваім руху Рэспубліка пачынае прабуксоўваць.

Савецкая спадчына ўжо вычарпаная, і патрэбныя новыя рашэньні. Беларуская эканоміка мае патрэбу ў сур’ёзных інвэстыцыях, абнаўленьні й разьвіцьці прыватнай ініцыятывы. Неабходная прадуманая дзяржаўная праграма прыватызацыі прамысловых прадпрыемстваў, стварэньня канкурэнтнага асяродку і станаўленьня дзелавой клясы, да якой неабходна зьмяніць стаўленьне як дзяржавы, гэтак і грамадзкае думкі.

Да гэтага часу дзяржаўныя органы і ў цэлым беларускае грамадзтва даволі падазрона ставяцца ня толькі да прадпрымальніцкай дзейнасьці, але і ўвогуле да прыватных ініцыятываў.

Гэта тычыцца ня толькі сфэры эканомікі, але й любой сфэры эканамічнай дзейнасьці.

Беларускія прадпрыемствы (прычым, усіх формаў уласнасьці) знаходзяцца пад жорскім уціскам фіскальных органаў, што ня толькі замінае іхнаму разьвіцьцю, але й проста выштурхоўвае капітал з Рэспублікі.

Беларуская эканоміка мае вострую патрэбу ў маштабных капіталаўкладаньнях (зношваньне асноўных фондаў дасягнула крытычнае рысы), а капітал працягвае сыходзіць.

Таму неабходна радыкальнае паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату. У гэтым адна зь вялізных крыніцаў, якая дазволіць і ў будучыні падвышаць заробкі, пэнсіі, усемагчымыя дапамогі.

Ні ў якім разе ня трэба мець ілюзіяў з нагоды пераносу ў Беларусь заходніх вытворчасьцяў. Яшчэ больш бязглузда спрабаваць ажыцьцявіць чылійскую або кітайскую мадэль “рынкавай дыктатуры” або свабодных эканамічных зонаў — гэты шлях не для нашай дзяржавы.

У першую чаргу неабходна пачынаць з правядзеньня бюджэтнай рэформы, што дазволіць пачаць карэнныя пераўтварэньні ў падатковай сфэры. Якой павінна стаць падатковая сыстэма пасьля завяршэньня рэформаў?

Па-першае, яна не павінная абцяжарваць бізнэс і ня толькі па ўзроўні падатковых ставак, але і ў частцы працэдураў разьліку і выплаты падаткаў, упарадкаваньня падатковых праверак і падатковай справаздачнасьці.

Па-другое, яна павінна быць справядлівай для ўсіх эканамічных агентаў. Умовы падаткаабкладаньня павінныя быць роўныя для прадпрыемстваў, якія працуюць у адной сфэры.

Падатковая сыстэма павінна быць такой, якая не дазваляла б ухіляцца ад выплаты падаткаў.

Па-трэцяе, падатковая сыстэма ў нас па-ранейшаму арыентаваная на фіскальную функцыю, на шкоду іншым, перш за ўсё функцыі стымуляваньня росту канкурэнтаздольнасьці.

І ў сувязі з гэтым падатковая сыстэма Беларусі павінна быць больш спрыяльнай для інвэставаньня й разьвіцьця бізнэсу. Хочам рухацца далей — неабходна, каб падатковая сыстэма была больш спрыяльная, чым у краінах-канкурэнтах. Яна сама павінна быць канкурэнтаздольнай. Іншага ня дадзена. Далей неабходнае зьніжэньне адзінага сацыяльнага падатку.

Няўжо незразумела, што неабходна вывесьці зь “ценю” значную частку аплаты працы, абараніць сацыяльныя правы працаўнікоў і стымуляваць клопат грамадзянаў аб уласным забесьпячэньні працай, зьнізіўшы нагрузку на бізнэс.

Іншае праблемнае пытаньне — падатак на даданую вартасьць. Трэба сьмела ісьці на зьніжэньне стаўкі падатку.

Зьвяртаюся да новага будучага ўраду і падкрэсьліваю: стабільнасьць бюджэтнай і падатковай палітыкі зьяўляецца НАЙВАЖНЕЙШЫМ ЧЫНЬНІКАМ РАЗЬВІЦЬЦЯ ЭКАНОМІКІ.

Апошнім часам у Беларусі шмат гавораць пра разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і пад’ём малых гарадоў. Усё гэта слушна.

Але вырашаць гэтую праблему прапануецца зноў у асноўным коштам славутага адміністрацыйнага рэсурсу. Але такі шлях нельга лічыць прымальным.

Толькі намаганьнямі выканаўчай улады і Белкаапсаюзу ўдыхнуць жыцьцё ў малыя гарады і сёлы НЕМАГЧЫМА!

Неабходна забясьпечыць і даць магчымасьць свабодна, я падкрэсьліваю, свабодна працаваць мясцоваму малому і сярэдняму прадпрымальніцтву.

Гэта новыя працоўныя месцы, гэта дадатковыя грошы ў мясцовы бюджэт і адпаведна разьвіцьцё рэгіёнаў — да чаго мы і імкнемся.

Эканоміку трэба падымаць абавязкова комплексна, а ня толькі коштам дзяржаўнага бюджэту — бо ніякіх грошай ніколі ня хопіць.

Куды, прабачце, глядзіць Урад?! Гэта ж відаць няўзброеным вокам.

Абавязкова ўжо ў гэтым годзе ад размоваў трэба пераходзіць да справы і пачаць рэформу ў сельскай гаспадарцы. Нядаўна быў прыняты закон аб сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарках. Але гэтага недастаткова. Патрэбны Зямельны банк. Неабходная, як паветра, праграма зямельнага іпатэчнага крэдытаваньня, калі зямля выдаецца пад апрацоўку па іпатэчнай схеме на працяглы час і пад прымальныя працэнты.

У гэтым сэнсе карысны досьвед Расеі, якая зноў спрабуе стаць усясьветнай жытніцай, тым больш, што мы ідзём да стварэньня агульнага аграрнага рынку.

Ажыўленьне дзелавой актыўнасьці ў малых гарадох і на вёсцы непазьбежна пацягне за сабой рост насельніцтва, як за кошт нараджальнасьці, гэтак і за кошт працоўнае міграцыі.

Нам усім гэта вельмі важна.

Такім чынам, для пасьпяховага прасоўваньня наперад у дзяржаве патрэбныя глыбокія структурныя эканамічныя пераўтварэньні.

Вы пытаецеся ў мяне, ці трэба мець так шмат бюджэтных арганізацыяў?

Глыбока перакананы, што дужа неабходна значнае скарачэньне колькасьці незьлічоных кантрольных службаў.

Цяпер у нашай дзяржаве існуе мноства дзяржструктураў, асабліва кантрольных, якія ў сваёй працы дублююць адна адну.

Бо ж разьдзьмуваньне кантрольнага апарату — тормаз для разьвіцьця эканомікі, і вельмі сур’ёзны. Існуе цэлая армія абсалютна не патрэбных чыноўнікаў, якія маюць значныя ўладныя паўнамоцтвы, але не задаволены сваім заробкам. Абсалютна відавочна, што гэта прыводзіць да таго, што шмат хто зь іх вырашае свае фінансавыя праблемы за наш з вамі кошт, а гэта таксама спрыяльная глеба для хабарніцтва.

Ствараюцца ўмовы, якія спараджаюць узмацненьне карупцыі ў дзяржорганах.

Хачу падкрэсьліць, што стратэгічна мае мэты абсалютна ясныя й зразумелыя кожнаму выбаршчыку.

Я кажу, што задача толькі адна — гэта высокі ўзровень жыцьця ў краіне, жыцьця бясьпечнага, свабоднага і камфортнага.

Да чаго імкнуцца? Гэта сталая дэмакратыя і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці.

Гэта ўмацаваньне і разьвіцьцё замежнапалітычных пазыцыяў Рэспублікі Беларусь з блізкімі суседзямі, з эўрапейскімі краінамі і ўсімі краінамі сьвету і, уласна, галоўнае, паўтараю, — няспынны рост дабрабыту грамадзянаў.

Апошнія пяць гадоў наша эканоміка разьвівалася ўвогуле някепскімі тэмпамі. Вырас узровень жыцьця людзей. Аднак мы падышлі ў сваім разьвіцьці да этапу. Калі адміністрацыйны рэсурс, як я казаў раней, няздольны даць магчымасьць разьвіцьця гэткімі ж тэмпамі і магчымасьць далейшага вырашэньня маштабных доўгатэрміновых праграмаў разьвіцьця. Трэба разумець, што сёньня ў няпростых умовах глябальнае канкурэнцыі мы павінны мець лепшыя тэмпы росту і ў якасьці тавараў і паслугаў, і ва ўзроўні адукацыі, навукі, культуры. Гэта пытаньне нашага эканамічнага выжываньня, пытаньня годнага месца Беларусі ў зьмененых міжнародных умовах.

Ці разумее да канца цяперашні Ўрад, якая гэта цяжкая задача?

Яшчэ раз хачу адзначыць, што сёньня ўпершыню за доўгі час мы можам прагназаваць нашае жыцьцё не на некалькі месяцаў, нават не на год, а на дзесяцігодзьдзі наперад. І дасягненьні апошніх гадоў пераканаўча прымушаюць думаць пра тое, што можна справіцца, але толькі ў тым выпадку, калі ёсьць пэўныя эканамічныя магчымасьці, палітычная стабільнасьць і актыўная грамадзянская супольнасьць.

Трэба заўжды памятаць і ведаць, што галоўны капітал, галоўная крыніца разьвіцьця краіны — яе грамадзяне.

Каб краіна стала моцнай і заможнай, неабходна зрабіць усё для нармальнага жыцьця кожнага чалавека. які стварае якасныя паслугі й тавары, які стварае культурны здабытак дзяржавы, які стварае новую краіну.

Дзеля раскрыцьця такога патэнцыялу мы павінны агульнымі намаганьнямі стварыць бясьпечныя ўмовы жыцьця, дзеля чаго зьнізіць узровень сьмяротнасьці, павялічыць працягласьць жыцьця людзей, пераадолець дэмаграфічны спад.

Ужо ў найбліжэйшай будучыні мы зможам сутыкнуцца зь недахопам рабочай сілы, падвышэньнем сацыяльнай нагрузкі на маладое пакаленьне працоўных.

Сёньня неабходна вырашаць самыя надзённыя для грамадзянаў краіны праблемы. Гэта, перш за ўсё, якасьць і даступнасьць жыльля, адукацыі, мэдыцынскага абслугоўваньня.

Мы абавязаныя вырашаць гэтыя задачы эфэктыўна.

Адной з самых актуальных задачаў лічу забесьпячэньне грамадзянаў даступным жытлом. Гэта па-ранейшаму вельмі хваравітае пытаньне для бальшыні грамадзянаў нашай краіны.

Добраўпарадкаванае жытло важнае і для адпачынку, і для працы, і для стварэньня нармальнай сям’і.

Між тым, цяперашні рост даходаў не дазваляе людзям набываць жыльлё і паляпшаць ягоную якасьць.

Вельмі шмат людзей, трэба прызнаць гэта, усё яшчэ жывуць у састарэлых, аварыйных дамах і кватэрах. Прычым, новае жыльлё могуць дазволіць сабе набыць вельмі нешматлікія людзі.

Адсутнасьць такой магчымасьці ў маладых сем’яў адбіваецца на іхных плянах аб нараджэньні дзяцей. І яшчэ даволі часта ў адной кватэры вымушаныя пражываць адразу некалькі пакаленьняў.

Выснова відавочная: старыя мэтады і падыходы (яны і раней не вырашалі праблемы), сёньня проста не працуюць. Трэба спыніць падман людзей, вымушаючы іх гадамі й дзесяцігодзьдзямі стаяць у чэргах на атрыманьне жылой плошчы і забясьпечыць магчымасьцю яе набыцьця на рынку для асноўнае часткі працоўнага насельніцтва Беларусі, адначасна з гэтым гарантуючы прадастаўленьне маламаёмным грамадзянам сацыяльнага жыльля.

Жыльлёвае крэдытаваньне павінна стаць доўгатэрміновым і даступным для грамадзянаў. А каб рост попыту на жыльлё не прыводзіў, як цяпер, да скачка коштаў, трэба забясьпечыць канкурэнтныя ўмовы для жыльлёвага будаўніцтва.

Якія дзеяньні патрэбныя?

Першае. Патрэбныя фінансавыя мэханізмы, якія дазволяць палепшыць жыльлёвыя ўмовы ня толькі коштам сёньняшніх заробкаў і наяўных ашчаджэньняў, але і коштам будучых даходаў людзей.

Другое. Патрэбныя ясныя прававыя ўмовы для разьвіцьця доўгатэрміновага жыльлёвага крэдытаваньня як грамадзянаў, гэтак і прафэсійных забудоўнікаў.

Трэцяе. Патрэбная іпатэка. Яна павінная стаць даступным спосабам вырашэньня праблемаў для людзей зь сярэднімі прыбыткамі. Натуральна, патрэбныя й іншыя формы фінансаваньня, такія, як удзел грамадзянаў у долевым будаўніцтве і жыльлёва-накапляльных праграмах.

І на вырашэньне ўсіх гэтых задачаў павінна эфэктыўна працаваць дзяржаўная сыстэма рэгістрацыі правоў на нерухомасьць, бюро крэдытных гісторыяў, разьвіты рынак іпатэчных каштоўных папераў.

Трэба ўсё гэта рабіць тэрмінова, іншага шляху НЯМА.

І, нарэшце, апошняе. Трэба навесьці парадак у сфэры выдзяленьня сацыяльнага жыльля. Апрача таго, трэба прадугледзець дадатковыя меры для мэтавай падтрымкі асобных катэгорыяў грамадзянаў, асабліва маладых сем’яў. Штосьці пачалі рабіць у гэтым кірунку, але пакуль яўна недастаткова.

Цяпер пра ахову здароўя.

Пра гэта гаварылася шмат, але пераўтварэньні тут ідуць марудна і пакуль не даюць нейкіх значных вынікаў. Вы ўсё гэта бачыце.

Вельмі шкада, што Ўрад не сьпяшаецца рэагаваць.

Сёньня паводле паказьнікаў здароўя Беларусь саступае шмат якім краінам. Адной з галоўных прычынаў такога стану застаецца неэфэктыўнасьць айчыннай аховы здароўя. І дасёньня ва ўсёй сыстэме прадастаўленьня мэдычных паслугаў іхная якасьць і даступнасьць працягваюць зьніжацца, а затраты толькі растуць.

Гарантыі бясплатнай дапамогі часта носяць дэкляратыўны характар. А людзі так і не разумеюць, што можна атрымаць бясплатна, а за што трэба даплачваць.

Прытым, у самым складаным стане апынаюцца найменш забясьпечаныя людзі. Яны вымушаныя траціць на мэдычную дапамогу непамерна высокую долю свайго і так невялікага даходу. Альбо нават адмаўляцца ад чагосьці — што недапушчальна.

Галоўная мэта мадэрнізацыі беларускай аховы здароўя — падвышэньне даступнасьці й якасьці мэдычнай дапамогі для шырокіх слаёў насельніцтва.

З гэтага, перш за ўсё, вынікае, што гарантыі мэдычнай дапамогі павінны быць агульнавядомыя й зразумелыя.

І па кожным захворваньні павінныя быць выпрацаваныя й зацьверджаныя стандарты мэдычных паслугаў — з абавязковым пералікам лячэбна-дыягнастычных працэдураў і лекаў, а таксама зь мінімальнымі патрабаваньнямі да ўмоваў мэдычнай дапамогі.

Разьвіцьцё нашай адукацыі.

Хачу адзначыць, што нашая беларуская адукацыя што да фундамэнтальнасьці займала і займае годнае месца ў сьвеце. Страта гэтага становішча цяпер недапушчальная.

Умовы глябальнай канкурэнцыі патрабуюць ад нас узмацненьня практычнай накіраванасьці адукацыі.

А гэта, у першую чаргу, азначае падвышэньне патрабаваньняў да прафэсійнай, хачу падкрэсьліць, прафэсійнай адукацыі ў шырокім сэнсе гэтага слова.

Сёньня прафэсійная адукацыя ня мае шчыльнай сувязі з рынкам працы. Масавы ахоп вышэйшай адукацыяй суправаджаецца зьніжэньнем узроўню выкладаньня.

Прытым, у параўнаньні з савецкім пэрыядам прыём у ВНУ вырас. І пры вялікай колькасьці дыплямаваных спэцыялістаў ёсьць дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, востра неабходных краіне.

Між тым, эфэктыўнасьць рэформаў у гэтай сфэры сёньня трэба вымяраць паводле паказьнікаў якасьці адукацыі, яе даступнасьці і яе адпаведнасьці патрабаваньням рынку працы.

Мы абавязаныя, нарэшце, канчаткова ўвесьці ў практыку адэкватныя часу адукацыйныя стандарты. Больш за тое, зьмест адукацыі мусіць адпавядаць самым высокім міжнародным стандартам.

Мы павінны далей інтэграваць адукацыю і навуковую дзейнасьць. Разьвіцьцё навукі ў ВНУ і буйных навукова-адукацыйных цэнтрах павінна стаць прыярытэтнай задачай.

Абсалютна відавочна, што маштаб задачаў, якія стаяць перад нашай дзяржавай, сёньня істотна зьмяніўся. І трэба рабіць унутраную палітыку адэкватнай мэтам і задачам новага этапу разьвіцья, інакш кажучы, выкарыстоўваць інструмэнты замежнай палітыкі для больш адчувальнай практычнай аддачы ў эканоміцы, у рэалізацыі найважнейшых нацыянальных задачаў.

Прыярытэтам Беларусі павінная быць праца для паглыбленьня інтэграцыі на прасторы Судружнасьці незалежных дзяржаваў, у тым ліку ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Гэта безь перабольшаньня адна з умоваў рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасьці. Перакананы, Судружнасьць павінна рэзультатыўна працаваць на грамадзянаў нашых дзяржаваў, працаваць праз забесьпячэньне максымальнай адкрытасьці нашых эканомікаў, празь зьняцьце перашкодаў на шляху ўзаемнага гандлю, дзелавой і грамадзкай ініцыятывы.

Мы павінны імкнуцца да інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсясьветную гаспадарку, уключаючы далучэньне да СГА.

Неабходна карэнным чынам зьмяніць ацэнку працы нашых амбасадаў за мяжою, паклаўшы ў аснову працу дзеля пашырэньня гандлёвых эканамічых кантактаў.

Такі падыход асабліва важны цяпер, калі Эўразьвяз непасрэдна мяжуе з нашай Рэспублікай.

Трэба, каб пашырэньне Эўразьвязу збліжала нас ня толькі геаграфічна, але і эканамічна і духова.

Мы павінны разьвіваць палітычны і эканамічны дыялёг з ЗША і такімі буйнымі партнэрамі, як Кітай, Індыя, Японія, збліжацца з блізкаўсходнім рэгіёнам.

Істотнай рэзэрвай разьвіцьця гандлёва-эканамічных, культурных і гуманітарных сувязяў зьяўляецца таксама памежнае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

Падкрэсьліваю, беларускія грамадзяне павінны бачыць практычныя вынікі працы на міжнародным кірунку. Гэта гарантаваньне бясьпекі асобы, пашырэньне магчымасьцяў для прадпрымальніцтва, эфэктыўная абарона нашых правоў.

Бяз сталай грамадзянскай супольнасьці немагчымае рашэньне надзённых праблемаў людзей. Якасьць іхнага будзённага жыцьця наўпрост залежыць ад якасьці грамадзкай палітычнай сыстэмы.

І тут у нас, натуральна, яшчэ нямала пытаньняў.

Некалькі словаў наконт ролі грамадзкіх арганізацыяў. У нашай краіне іх нямала. Але далёка ня ўсе яны абаранялі рэальныя інтарэсы нашых людзей. Для некаторых гэтых арганізацыяў прыярытэтнай задачай стала атрыманьне фінансаваньня ад уплывовых замежных фундацыяў, прытым праблемы краіны і яе грамадзянаў застаюцца незаўважныя.

Шаноўныя суайчыньнікі!

Кажу вам ад усяго сэрца — у мяне адна стратэгічная задача, адна мэта — каб у нашай дзяржаве былі стабільнасьць, парадак і дабрабыт у нашых сем’ях. Каб пэнсіянэрам падвышалася пэнсія, каб людзі атрымлівалі годны заробак, каб мы ўсе ўпэўнена глядзелі ў заўтрашні дзень.

Каб нашыя дзеці і ўнукі ганарыліся нашай любімай Радзімай.

Мой перадвыбарчы лёзунг адзіны: “Новая Беларусь — адзінства, парадак у краіне, дабрабыт у доме”.

За Сувэрэнную, Незалежную, Квітнеючую Рэспубліку Беларусь! За Вас, дарагія суайчыньнікі!

За Беларусь!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG